У рапарце графа Вітгенштэйна імператару ад 22 жніўня з нагоды адступлення корпуса Удзіно пасля справы пры Свольне, між іншым, сказана так: «Непрыяцель пакарыстаўся ноччу для адступлення большай часткі сваіх войскаў, пакінуўшы зусім зручныя пазіцыі на Свольне, рэціраваўся за лясы паміж Свольнаю і Валынцамі, адкуль ужо на другі дзень працягнуў адступленне сваё к Полацку».
Па гэтым жа рапарце, у баі 11 жніўня страты рускіх войскаў дасягнулі забітымі і параненымі да 500 чалавек (па іншых звестках — 700), страты ж французаў да 1500 і, звыш таго, 300 чалавек узята ў палон. Генерал-маёр Даўрэ за галоўнае камандаванне ў гэтай справе быў узнагароджаны ордэнам Св.Георгія 3 класа. Генерал пачынаў службу ў польскіх войсках; падчас мяцяжу ў Варшаве ў 1794 годзе заключаны быў у цямніцу, адкуль вызвалены рускімі войскамі і ўступіў на рускую службу з чынам капітана; паспеў вызначыцца ў вайне з французамі ў 1807 годзе.
Спроба рускіх атакаваць Полацк у сярэдзіне жніўня не ўдалася, бо да гэтага часу французскія маршалы ўжо пачалі дзейнічаць узгоднена. Абодва бакі завязлі ў вялых стычках, застаўшыся на месцы. Праўда, пры гэтым князь Вітгенштэйн паслядоўна выконваў сваю задачу, а француз на Піцер так і не прарваўся.
Пётр Хрыстыянавіч Вітгенштэйн (1768 — 1843) нарадзіўся ў Палтаўскай губерні. Пачаўшы службу ў гвардыі, ён атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду — ордэн Георгія 4-й ступені — у 1794 годзе ў ваенных дзеяннях па падаўленні вызвольнага паўстання ў Польшчы, а затым удзельнічаў у розных войнах, у тым ліку з французамі. Пры Паўле I Вітгенштэйн трапіў пад «высокі гнеў» і быў звольнены ў адстаўку. Пры Аляксандры I яго зноў залічылі ў войска і прызначылі камандзірам гусарскага палка. У бітвах Вітгенштэйн праявіў сябе адважным кавалерыйскім начальнікам.
Гучную славу прынёс яму 1812 год. На Дрысеншчыне Вітгенштейн упершыню выступіў у самастойнай ролі — фактычна камандуючага асобнай арміяй. Уражанне ў Расіі, і асабліва ў Пецярбургу, ад Клясціцкай перамогі было велізарным. Атмасфера ў сталіцы была вельмі напружанай. Найбольш каштоўныя калекцыі Эрмітажа ў трывожныя ліпеньскія дні вывезлі на баржах у Петразаводск. Цар загадаў эвакуяваць з Пецярбурга архівы і павезці на судах абедзве статуі Пятра I, а таксама статую Суворава. Перамога ў бітве ў Клясціцах знішчыла ўсе гэтыя страхі. Вітгенштэйн быў абвешчаны «выратавальнікам Пецярбурга» і ўзнагароджаны за Клясціцы ордэнам Георгія 2-й ступені.
Да восені ў шэрагі войскаў Вітгенштэйна ўліліся новыя дружыны апалчэнцаў. 6 кастрычніка Вітгенштэйн перайшоў у наступ і назаўтра штурмам авалодаў Полацкам. Пераследуючы праціўніка, яго войскі нанеслі французам паразу пад Чашнікамі, а 26 кастрычніка занялі Віцебск. У складаных і хутказменных абставінах на Бярэзіне новых лаўраў Вітгенштэйн не набыў. Пасля выгнання Напалеона з Расіі ён заняў Кенігсберг і ўступіў у Берлін. Пасля смерці Кутузава Вітгенштэйн, імя якога як пераможцы французаў пад Полацкам стала вельмі папулярным, быў прызначаны галоўнакамандуючым саюзнымі рускімі і прускімі войскамі.
У 1826 годзе Вітгенштэйн стаў фельдмаршалам. Да канца сваіх дзён ён карыстаўся вялікай папулярнасцю, заснаванай не толькі на яго ваенных перамогах, але і на прывабных рысах характару — асабістай адвазе, прастаце, нялюбасці да інтрыг. З сімпатыяй ставіліся да Вітгенштэйна дзекабрысты.
Праз сто год новы гаспадар мызы сп. Заракоўскі засведчыў даследчыку Драке, што яшчэ на пачатку 1860-х гадоў распараджэннем тагачаснага памешчыка сабрана была з навакольных палёў значная колькасць ядраў і куль і закапана на адным з двароў мызы, але дзе менавіта — зараз невядома. Нават у наш час людзі нестарога веку расказваюць, як на тамтэйшых палявых прасторах знаходзілі рэшткі зброі, амуніцыі рускіх і французскіх ваяроў і іншыя атрыбуты колішняй вайны.
На адлегласці крыху больш як чвэрць вярсты ад мызы Свольна, але на левым беразе ракі, знаходзілася на стромкім узбярэжжы сярод гаю невялікая сельская царква ў імя Св.Мікалая Цудатворца, пабудаваная на месцы старой царквы; у бэльку царкоўнай столі было ўроблена ядро, якое засела, паводле падання, падчас бою 11 жніўня 1812 года, прабіўшы царкоўны дах. Да ўпраўленага ў бэльку ядра была прымацавана дошка з надпісам «У памяць 1812 года», і, па словах настаяцеля царквы, гэта ядро з 1812 года лічылася па вопісах яе інвентара. У наш час на месцы царквы ў гайку застаўся толькі друз ды сляды аматарскіх раскопаў; сама цэркаўка была разбурана ў гады разгулу ваяўнічага атэізму. Тады ж перастала існаваць і тутэйшае паселішча Пагост Свольна.
Як піша Л.Драке, праз сто год «як галоўны дом сядзібы, так і мост праз Свольну паблізу яе, знаходзяцца і зараз на тых самых месцах, дзе яны былі ў 1812 годзе; галоўны будынак пабудаваны, канечне, нанова, але на падмурку старога будынка; на тым жа месцы, дзе быў і стагоддзе таму, знаходзіцца і даволі вялікі сад, што прылягае да р. Свольны.»
Антон Бубала,
навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.
(Працяг будзе).