Сярод шчырага добрага люду

Актуально Жизнь сельских Советов

Сваё свята адзначыла вёска Баліны Бігосаўскага сельсавета.

Вяскоўцы і госці задаволены святам.

 

У гэтай прыгожай прыдзвінскай мясціне заўсёды жылі творчыя, можна сказаць, асоба адораныя людзі. Баліны славіліся сваімі музыкамі, паэтамі і народнымі ўмельцамі, проста добрымі, майстравітымі працаўнікамі. Магчыма, гэта асаблівасць бярэ вытокі з гісторыі вёскі, якая вядома з сярэдзіны ХІХ стагоддзя. З маленькага мястэчка яна ператварылася ў вялікі маёнтак, якім валодала памешчыца Моніка Беніслаўская. Аб былой велічы сёння нагадваюць рэшткі вялікага парку з ліпавай алеяй, рымска-каталіцкая капліца ў стылі позняга класіцызму ды асобныя старадаўнія будынкі.
Пасля грамадзянскай вайны ў Балінах размяшчаўся пагранатрад — прыгранічнае месцазнаходжанне накладала адбітак на мясцовае жыццё.
Падчас калектывізацыі тут быў створаны калгас «Запаветы Ільіча», на базе якога і ўзнікла сённяшняе сельгаспрадпрыемства «Баліны».
Гісторыя вёскі азмрочана і цёмнымі старонкамі: шэсць мясцовых жыхароў былі рэпрэсіраваны, а затым рэабілітаваны, шэсць загінула на фронце. З 40 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны сёння жыве толькі адзін — 85-гадовая Раіса Ціханаўна Раўбышка, якая з’яўляецца і самай старэйшай жыхаркай вёскі.
Хаця Баліны не сталі цэнтрам аграгарадка, вёска застаецца апорай мясцовай гаспадаркі. Тут 63 двары, у якіх пражывае 169 жыхароў, якія стараюцца захаваць жыццяздольнасць і прывабнасць сваёй вёскі. Аб гэтым сведчыла свята, у якім дружна прымалі ўдзел усе мясцовыя жыхары. Камісія абыйшла двары, каб вызначыць лепшых гаспадароў. Баліны спаборнічалі ва ўменні добраўпарадкаваць сядзібу, весці падсобную гаспадарку, даглядаць агарод, кулінарыць, майстраваць і многіх іншых намінацыях. Сустракала вёска гасцей музыкай і спевамі, шчодрымі сталамі.
У вестыбюлі былога ДК размясціліся выставы народнай творчасці і беларускай кухні. Тут адбылося і ўшанаванне пераможцаў у самых розных сферах дзейнасці. Найперш вёска дзякавала сваім лепшым працаўнікам. Іх у Балінах заўсёды было нямала. Вёска памятае заслугі сваіх ардэнаносцаў Сямёна Панізніка і Антона Вялічкі. А сёння дыпломы пераможцаў працоўнага спаборніцтва ўручаны камбайнеру Мікалаю Шарыпа, які намалаціў 1170 тон збожжа, вадзіцелю Канстанціну Казура, механізатару Сяргею Амбружэвічу, даяркам Алене Баравой і Ірыне Панізнік, лабаранту-учотчыку Алене Ружанцовай.
Віталі аднавяскоўцы і сваіх знакамітых жыхароў: самага старэйшага — Р. Ц. Раўбышка і самага малодшага — трохмесячнага Дзіму Гаражанцава. Пашану аддалі заслужаным балінцам — былым вязням канцлагераў К. А. Хатулёвай і З. А. Астапковіч.
Не забылі на свяце юбіляраў: і сямейных, і асабістых. 30-годдзе сумеснага жыцця справілі Валянціна і Валерый Гарбулі, Міра і Павел Скумбіны, 40-годдзе — Любоў і Аляксей Новікавы. Ушанавалі аднавяскоўцы вераснёўскіх юбіляраў Сяргея Муха, Паўла Скумбіна і Міру Скумбіну, шматдзетных маці Жанну Купрыенка і Настассю Гаражанцаву.
Былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсаў у розных намінацыях. Найперш віншавалі лепшых гаспадароў — дзякуючы іх працы вёска набывае прывабны выгляд. Домам узорнага парадку прызнана сядзіба Любові і Алега Пірог, лепшым маладзёжным падвор’ем — Марыі і Дзмітрыя Грыгор’евых, а лепшым ветэранскім — Любові і Аляксея Новікавых. У намінацыі «Ландшафтны дызайн» перамаглі Надзея і Аляксандр Русецкія, Сяргей і Святлана Муха, Казіміра Хатулёва — у гэтых гаспадароў самыя прыгожыя кампазіцыі з кветак. А конкурс «Батанічны сад» выйгралі Аляксандр Пятрэнка і Аляксандр Шкода.
Самымі вялікімі падсобнымі гаспадаркамі прызнаны падвор’і Таццяны і Алега Пятрэнкаў і Жанны і Віктара Купрыенкаў.
З захапленнем аглядалі ўдзельнікі свята выставы майстроў народнай творчасці і кулінараў. Усіх уразіла тонкасць вышывак, бісерапляцення і выцінанкі Любові Новікавай, Таццяны Дзенісёнак, Галіны Антонавай, майстэрства вязання Алены Шкода і Наталлі Каткевіч, разьба па дрэве Барыса Антонава. А кулінарных шэдэўраў на свяце было не злічыць, імі парадавалі Л. Гаражанцава, С. Муха з дачкой Кацярынай, А. Бунта, А. Амбружэвіч, Т. Пятрэнка, А. Шкода, Н. Белавус, М. Грыгор’ева, В. Гарбуль, Н. Грыгор’ева, А. Ружанцова, І. Панізнік, Л. Пірог.
Гаспадары сталоў запрашалі гасцей пачаставацца прысмакамі, а культ-работнікі прапанавалі ўдзельнікам свята выдатны канцэрт. Былая настаўніца М. А. Скумбіна цікава расказала аб гісторыі вёскі і сваіх земляках. Пераможцы намінацый былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі.
Балінцы шчыра дзякавалі арганізатарам свята старшыні Бігосаўскага сельвыканкама У. С. Ходасу, культработнікам Марыне Кіч і Алене Апячонак за падораны добры настрой і імпульс да новых здаткаў. Адчуваючы ўвагу да сябе і падзяку за сваю працу, людзі маюць стымул для далейшай работы і творчага развіцця.
С. АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *