На пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў абмяркоўвалася дзейнасць верхнядзвінскага дэпутацкага корпуса і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.
-Гэта пытанне на парадак дня прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў было ўнесена не выпадкова, — зазначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, якая азнаёміла членаў прэзідыума і калег з вопытам работы па вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва Верхнядзіншчыны. Падкрэсліла, што пры гэтым не існуе дробязных спраў. Час патрабуе не фармальнага падыходу да работы з людзьмі, а ўважлівага і дзелавога вырашэння ўзнятых пытанняў ці праблем у кожным канкрэтным выпадку.
Сярод дэпутатаў нямала кіраўнікоў, што дазваляе хутчэй знаходзіць спосабы рэалізацыі патрэб людзей. У полі зроку дэпутатаў — пытанні добраўпарадкавання, здаровага ладу жыцця, выхавання падрастаючага пакалення, падтрымкі састарэлых і маламаёмных людзей. І асобая ўвага — зваротам грамадзян. У сельскія Саветы за 9 месяцаў бягучага года паступіла 262 звароты. Пераважная большасць іх задаволена, выкананне астатніх знаходзіцца на кантролі раённага Савета.
Многія актуальныя пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва аператыўна вырашаюцца дзякуючы актыўнай грамадзянскай пазіцыі старэйшын, якіх у раёне 119. Большасць з іх у органах грамадскага самакіравання працуюць шмат гадоў, што сведчыць аб даверы і аўтарытэце сярод вяскоўцаў.
Людміла АРЛОВА.