Дзе гучалі званы

Духовность

«Дзвінская праўда» скончыла публікацыю артыкулаў з гісторыі праваслаўных святыняў на Верхнядзвіншчыне.

Гэта першы сістэматызаваны матэрыял па тэме, якая дзесяцігоддзямі замоўчвалася ў краіне ваяўнічага атэізму. Над пошукам дакументаў і сведчанняў грунтоўна папрацавала навуковая супрацоўніца нашай рабочай групы Людміла Васільеўна Гагалінская. Матэрыялы з інтэрнэту і энцыклапедый абрасталі жывымі дэталямі падчас шматлікіх вандровак па мясцінах знішчаных святыняў, якія яна ладзіла за свой кошт. Шмат новага выявіла даследчыца ў гутарках з старажыхарамі ў розных куточках нашага краю. Не засталіся па-за ўвагай і паведамленні чытачоў газеты, зацікаўленых нашай мінуўшчынай.
У выніку асобныя старонкі тэматычнага летапісу былі ўдакладнены. Так, напрыклад, раней па прыкметах мясцовасці мы зрабілі вывад, што Сакалішчанская царква стаяла непадалёк ад былой вёскі Сакалішча (Шчытова Сакалішча), пры сутоку ручая Голавач з ракой Нішчай, па якіх праходзіць мяжа з Расонскім раёнам. Пры будоўлі дарогі там быў зрэзаны схіл высокай бугрыстай выспы, з якога пасыпаліся чалавечыя косткі. Было вырашана, што на ўзгорку якраз і стаяла царква, а пры ёй быў пагост. Насцярожвала толькі тое, што ад падмуркаў царквы не засталося камянёў. Людміла Васільеўна палічыла нашы высновы недастаткова абгрунтаванымі і паехала ў блізкае да гэтай мясціны Залессе. Выявілася, што святыня стаяла амаль на кіламетр вышэй па цячэнні ручая, крыху наўзбоч ад Залесся. На абследаванай мясцовасці захаваліся прыкметы былой пабудовы, у тым ліку рэшткі падмурку, зараснікі культурнага кустоўя і кражыстыя дрэвы з колішніх прысадаў царквы.
Выявіліся і трагічныя дэталі гісторыі гібелі царквы ў Пользіне. Падчас карнай экспедыцыі партызаны, пакідаючы вёску, замініравалі царкву і бліжнюю хату ў разліку, што фашысты абавязкова наведаюць уцалелыя будыніны. Аднак сюды ў пошуку прытулку вярнуліся бежанцы. Пры абстрэле вёскі абодва будынкі былі знішчаны выбухам, загінулі людзі. Пасля вайны на месцы царквы быў пабудаваны клуб, а на былым пагосце пастаўлены дом; у якасці ганку быў выкарыстаны вялізны каменны крыж. Зараз там пустка, крыж ляжыць у быльнягу. Праз два стагоддзі да нас дайшлі звесткі, што пры Пользінскай царкве былі «французскія» пахаванні 1812 года. Аднак лагічней было б лічыць, што пры праваслаўнай царкве хавалі не французаў, а загінулых воінаў з рускага корпуса графа Вітгенштэйна.
Дапамаглі вызначыць мясціны былых святыняў і расказаць пра іх жыхары Задзежжа і Луначарскага, Лісна і Царкоўна, Клімаўшчыны і Боркавічаў, Каханавічаў і іншых вёсак, над якімі калісьці гучалі царкоўныя званы. Тубыльцы падказалі і новыя адрасы. Па іх сведчаннях, драўляная царква стаяла пры наддзвінскай вёсцы Пагост, цэркаўка стаяла і непадалёк ад Заламаў; там, на месцы некалі жывой цудадзейнай крынічкі, цікаўныя яшчэ доўга маглі знайсці накіданыя ў яе манеткі. Даваенная ж карта сцвярджае, што царква існавала і пры вусці Турскага ручая, які ўпадае ў раку Дрысу вышэй ад Цястоў і гарадзішча Марыліна Гара.
Пошук не завершаны, Памяць жыве, пакуль мае працяг у часе. Мы з удзячнасцю прымем усе паведамленні і ўдакладненні нашых чытачоў. А неўзабаве прапануем пазнаёміцца з матэрыяламі з гісторыі каталіцкіх святыняў Верхнядзвіншчыны.
А.Бубала,
навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.



1 комментарий по теме “Дзе гучалі званы

  1. … Выявіліся і трагічныя дэталі гісторыі гібелі царквы ў Пользіне. Падчас карнай экспедыцыі партызаны, пакідаючы вёску, замініравалі царкву і бліжнюю хату ў разліку, што фашысты абавязкова наведаюць уцалелыя будыніны. Аднак сюды ў пошуку прытулку вярнуліся бежанцы. Пры абстрэле вёскі абодва будынкі былі знішчаны выбухам, загінулі людзі…

    По рассказам стариков, женщина вместе с детьми вернулась в дом что бы забрать пожитки. Прогремел взрыв. И как говорила бабуля: «Ни хаты, ни бабы, ни рабят…»

    Большая часть убитого мирного населения по-просту списана на немцев. Это никак не снимает с немцев вины, но более обстоятельно показывает неоднозначность ситуации.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *