На крыжовых шляхах

Духовность

(Працяг).


Задзежжа
Задзежанская Ільінская царква ўпамінаецца ў дакументах 1884 і 1914 гг. На гэтыя часы яна ўжо была старой. Як сведчаць тубыльцы, царква знаходзілася на могілках. Пры пахаваннях капачы траплялі на каменны падмурак. Год пабудовы цэркаўкі невядомы, як невядомы і час яе знішчэння. У дакументах 1925 г. Задзежанская царква ўжо не ўпамінаецца. Службу тут праводзілі святары з Сямёнава.
Некаторыя тубыльцы сцвярджаюць, што ад царквы быў пракапаны падземны ход да блізкага ручая.
Каханавічы
Першае ўпамінанне пра царкву ў Каханавічах захаваў дакумент ад 1750 г. пад назвай «Аб уступленні ў валоданне маёнткам Каханавічы Яўстафіем Храпавіцкім». На той час царква якраз будавалася. Святыня знаходзілася каля могілак, якія зараз занялі і тэрыторыю былога храма. У 2010 г. на месцы царквы быў знойдзены каменны крыж.
Царква была драўлянай. Пасля 1876 г. яна стала прыпісной, а ў 1884 г. ужо ўлічана як старая, хаця дзейнічала яшчэ і ў 1897 г. У рэестрах 1909 г. яна ўжо не ўпамінаецца.
У 1876 г. у Каханавічах была пабудавана Петрапаўлаўская каменная царква. Яна стаяла правабоч ад дарогі на Задзежжа, на правым беразе рэчкі Водзьгі. На гэтым месцы захаваўся друз з асобнымі фрагментамі ляпніны і тынкоўкі, цэлымі цаглінамі. Побач пад выраслымі клёнамі за ўзорыстай каванай агароджай захаваліся крыжы на безыменных магілах святароў.
А.М.Кулагін так апісвае Каханавіцкую святыню: «Манументальны храм быў вырашаны ў рэтраспектыўна-рускім стылі: званіца, трапезная, кубападобная малітоўная зала, апсіда з бакавой рызніцай. Белакаменны будынак пакрываў бляшаны зялёнай афарбоўкі дах, увянчаны маляўнічым пяцікупаллем, магутная чатырох’ярусная званіца завяршалася макаўкай. Атынкаваныя фасады чляніліся 20 вялікімі аконнымі праёмамі. Мела тры ўваходы. Унутры апсіда вылучалася вялікім іканастасам.» У рэестрах 1884 г. царква лічыцца як «штатная, каменная, цёплая».
У 1880 г. на пасаду святара стаў 28-гадовы Яўстафій Кушын, які меў набедранік. Дыяканам у 1877 г. быў 61-гадовы Іаан Багаслоўскі, псаломшчыкам — 24-гадовы Іосіф Ласкі.
Пры царкве было 37 дзесяцін зямлі. Пабудовы былі казённыя, драўляныя ды старыя.
У Каханавіцкім прыходзе было зарэгістравана 3021 чалавек вернікаў (1510 — мужч., 1511 — жанч.).
З наступных святароў вядомыя імёны Іосіфа Сялюцінскага, які святарыў тут у 1897 г., Генадзя Іуліанавіча Шавельскага (1914) і Сямёна Антонавіча Фалюцінскага (1929, меў 67 год, а жыў у Бароўцы). Магчыма, з іменем Сялюцінскага звязана назва колішняга хутара Сялюсіна пры Святым ключы непадалёк праз дарогу ад царквы. Зараз гэта мясцінка ўвайшла ў межы вёскі.
Каханавіцкі Петрапаўлаўскі храм быў узарваны ў 1930-я гг.
Лісна
Пакроўская царква ў Лісне была пабудавана ў 1844 г. (па іншых звестках — 1840). Гэта быў твор народнага дойлідства. Царква мела трохзрубную падоўжна-восевую кампазіцыю. Над прытворам мелася трох’ярусная званіца. Асобныя зрубы стваралі малітоўную залу і апсіду з бакавымі рызніцамі. Звонку і ўнутры царква была абшыта дошкамі. Бляшаны дах пасярэдзіне завяршаў купал з галоўкай. Зала асвятлялася васьмю вялікімі аконнымі праёмамі, апсіду вылучаў невялікі іканастас.
Па статыстычных звестках 1884 г. царква ў імя Пакрова ў Лісне пабудаваная больш як сто год дагэтуль. Яна запісана як «штатная, драўляная, халодная». Пабудовы пры царкве былі памешчыцкія, таксама драўляныя і старыя. Мелася 40 дзесяцін зямлі. Прыхаджан было 1682 (835 — мужч., 847 — жанч.).
Да царкоўнай службы ў 1855 г. прыступіў 15-гадовы Анісенцій Латышэўскі; у 1876 г. ён займеў сан святара. Псаломшчыкам з 1881 г. стаў 40-гадовы Канстанцін Бабінскі.
У 1897 г. святаром быў Назарый Сямёнавіч Пашын, у 1909 — Дыядор Васільевіч Шыркевіч, у 1914 — Міхаіл Апанасавіч Лапацінскі.
Ёсць сведчанні, што ў 1914 г. тут была пабудавана новая царква. Па некаторых звестках, ліснянская святыня згарэла ў 1959 г. Але былы падпольшчык і партызан Васіль Лукашонак у сваім рукапісе «Фрунзеўцы» сцвярджае, што царква была спалена партызанамі ўлетку 1942 г. падчас жорсткага бою з немцамі, якія пераследавалі народных мсціўцаў пасля разгрому гарнізона ў Палішчыне (Шкяўнэ).
Больш падрабязныя звесткі маюцца пра Іллю Іванавіча Румянцава (1886 — 1937), які святарыў у Лісне ў 1910 г. У 1911 г. ён быў святаром ужо ў Расіцы, у 1912 — у царкве м. Ула, а з 1922 — у Іаана-Багаслоўскай царкве Віцебска. І. Румянцава арыштоўвалі ў 1920 і 1924 гг. Ён быў сасланы на тры гады ў Комі АССР. Але гэтага змагарам з «опіумам для народа» падалося мала. 2 лістапада 1931 г. святар быў зноў арыштаваны і сасланы ў Паўночны край тэрмінам на тры гады. У 1934 — 1935 гг. І.Румянцаў служыў святаром у с. Дзісады Новазавідаўскага раёна Цвярской вобласці, наступным годам — у с. Упіравічы Высакадворскага раёна таксама на Цвершчыне. У 1936 г. апальны божы служка вярнуўся ў Віцебск і пачаў святарыць у могільнікавай царкве. Карная рука НКУС дастала яго і тут. 18 верасня 1937 г. ён быў арыштаваны ў чарговы раз і праз дзесяць дзён асуджаны да расстрэлу. Расправа не прымусіла доўга сябе чакаць. 7 кастрычніка 1937 г. Ілля Іванавіч Румянцаў быў расстраляны ў Віцебску.
Пры Ліснянскай царкве была прыпісная Іллінская царква, якая знаходзілася на сучаснай расійскай тэрыторыі.
Дзёрнавічы
Міхайлаўская царква ў Дзёрнавічах пабудавана ў 1770 г. як касцёл. Дата пераасвячэння ў царкву невядомая. У 1884 г. быў ужо новы, моцны драўляны будынак, пастаўлены за казённыя грошы. Павераным па справах царкоўнага інвентара ў казённым будынку быў святар.
Святаром у 1881 г. стаў 35-гадовы Пётр Бяляеў. Яго стараннасць па службе была адзначана набедранікам. Псаломшчыкам у 1880 г. служыў 40-гадовы Георгій Буднікаў. Царква валодала 42 дзесяцінамі зямлі. Прыхаджан было 1999 чалавек (1013 — мужч., 986 — жанч.)
У 1909 г. святаром служыў Іосіф Міхайлавіч Костка, у 1914 — Аляксандр Ігнатавіч Катырла, на пачатку 1920-х — Ілля Карпавіч Каранеўскі.
У 1931 г. Дзёрнавіцкая царква яшча ўваходзіла ў шэраг дзейных. Храм стаяў па-над ракой Дрысай. Зараз там пустка паміж жылымі дамамі. Уяўленне пра Дзёрнавіцкую царкву можна скласці па графічным малюнку віцебскага мастака Аляксандра Аніськовіча, які ён зрабіў па апісаннях старажыхароў.
А. БУБАЛА, краязнаўца.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *