На крыжовых шляхах

Духовность

Ляшчылава
Царква ў Ляшчылаве была пабудавана ў 1799 г. Яна ўпамінаецца ў дакументах 1884 і 1914 гг. як старая, драўляная. У перапісе культавых пабудоў 1925 г. яе ўжо няма. Службу ў Ляшчылаве праводзілі святары з Прудзінак.
Таболкі
Царква ў Таболках упамінаецца ўжо ў дакументах 18-га стагоддзя. У царкоўных архівах ёсць метрыкі з 1747 па 1783 гг. Пры царкве была асобная званіца. Новую царкву ў імя Ператварэння Панскага пабудавалі ў 1865 г. А.М.Кулагін у энцыклапедычным даведніку «Праваслаўныя храмы Беларусі» апісвае яе так: «Твор народнага дойлідства. Была вырашана падоўжным прамавугольным у плане зрубам з гранёнай апсідай. Над гонтавым дахам узвышалася галоўка. Сцены чляніліся радам аконных праёмаў. Унутры апсіду вылучаў аднаярусны іканастас на пяць абразоў.»
Вядома, што ў 1867 г. святаром у Таболках стаў 24-гадовы Аляксандр Вышэльскі. Ён меў скуф’ю. Псаломшчыкам у 1879 г. быў 36-гадовы Андрэй Пшчолка.
Пры царкве мелася 39 дзесяцін зямлі. Пабудовы былі драўляныя, старыя.
Прыхаджан у Таболках было 2323 (1123 — мужч., 1100 — жанч.).
Па ўспамінах тубыльцаў, царква знаходзілася на ўзвышаным месцы пасярод вёскі. Побач з царквой была плошча, дзе праходзілі базары. У савецкі час царкву разбурылі, з таго месца, дзе яна стаяла, павывозілі пясчаны грунт. На месцы царквы ўтварылася сажалка. Да нашага часу яшчэ не зарасла дарога, што вяла паўз царкву на Рэдкарава. Яе мясцовыя жыхары называюць Паповай сцежкай. Існуе паданне, што гэту дарогу напрасткі праз лес пратаптаў бацюшка, які хадзіў да сваёй каханкі.
З 1897 па 1916 гг. святаром у Таболках быў Канстанцін Георгіевіч Акаловіч, а пасля яго — Васіль Осіпавіч Квяткоўскі. У 1919 г. ён быў пераведзены ў Забалоцце Лепельскага павета, а ў 1924 г. — у Дабрагоры Бешанковіцкага раёна. 7 жніўня 1928 г. К.Акаловіч быў арыштаваны і асуджаны да высылкі ў Сібір. Далейшы лёс святара невядомы.
Стралкі
Стралкоўская Узнясенская царква была пабудавана ў 1835 г. Па звестках на 1884 г. яна была «штатная, драўляная, халодная». Пабудовы пры царкве былі казённыя, драўляныя і зусім старыя. Мелася 65 дзесяцін зямлі. Прыход быў густанаселены. Да царквы былі прыпісаны 2256 вернікаў (1119 — мужч., 1037 — жанч.). З 1878 г. святаром у Стралках пачаў служыць 36-гадовы Сімяон Акаловіч, у 1897 — 1909 гг. — Іаан Іаанавіч Шыцікаў.
Новая цагляная царква ў Стралках была пабудавана ў 1901 г. У даведніку пра яе напісана наступнае: «Твор архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Была вырашана прамавугольным аб’ёмам з аднаяруснай званіцай з франтальнага боку. Бляшаны дах завяршаўся цыбулепадобным купалам, шацёр званіцы — галоўкай. Неатынкаваныя чырвонацагляныя фасады чляніліся чатырма вялікімі і сямю малымі аконнымі праёмамі, уваходным парталам».
У 1914 г. святаром быў Уладзімір Забелін. Са святароў савецкага часу вядома імя Палікарпа Маркавіча Кішчанкі. 26 мая 1933 г. у 47-гадовым узросце ён быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі.
Стралкоўская царква была ўзарвана ў 1930-я гг.
Сямёнава
Год пабудовы старой драўлянай царквы ў Сямёнаве невядомы. Новую драўляную Пакроўскую царкву пабудавалі ў 1884 г. Яе аблічча можна ўявіць паводле апісання ў даведніку: «Твор народнага дойлідства. Была вырашана прамавугольным зрубам на цагляным падмурку, знадворку і ўнутры абшытым дошкамі, пакрытым бляшаным дахам зялёнай афарбоўкі і з галоўкай па цэнтры. Такая галоўка завяршала і шацёр двухяруснай званіцы з франтальнага боку. Фасады чляніліся 10 вялікімі і 5 малымі аконнымі праёмамі».
Вядома, што з 1877 г. святаром у Сямёнаве стаў 46-гадовы Аляксандр Кузьменка. Ён меў набедранік і стандартнае жалаванне ў 408 рублёў.
Псаломшчыкам з 1878 г. стаў 26-гадовы Іван Міцкевіч.
Царква мела 38 дзесяцін зямлі. Ніякіх пабудоў пры храме не было. Прытч карыстаўся кватэрай ад прыхаджан. Наваколле было густа населена, таму ў прыходзе налічвалася 2265 вернікаў (1194 — мужч., 1071 — жанч.)
У 1897 г. тут святарыў Мікалай Логінавіч Сянкевіч, у 1909 — Мікалай Адамавіч Пестмаль, у 1914 — Сямён Іосіфавіч Нікановіч. У 1929 г. святаром быў 61-гадовы Іван Мітрафанавіч Шчавельскі, псаломшчыкам — 44-гадовы Міхаіл Вікенцьевіч Дзевяковіч.
Да царквы была прыпісана Задзежанская царква.
Храм у Сямёнаве быў знішчаны ў 1930-я гг. Зараз на яго месцы — бугрыста-ямісты прастакутнік, акаймаваны валам і ровам, зарослы лісцёвым лесам. Паблізу ёсць сажалка. Пад старым дрэвам можна ўбачыць камяні і цагліны. Вялікая некалі вёска Сямёнава, былы цэнтр Стрыжанской воласці, перастала існаваць на пачатку новага тысячагоддзя.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *