Сёлета ўстановы адукацыі вырашылі правесці калядныя турніры па валейболу. Прычым, не толькі сярод вучнёўскіх каманд, але і каманд педагогаў.
Валейбалістаў раёна прымала гімназія. Яе выдатна абсталяваная спартыўная зала спрыяла статусу святочных спаборніцтваў. Гаспадары, відаць, аказаліся настолькі гасціннымі, што саступілі ўсе прызавыя месцы гасцям.
Пераможцамі турніру сярод вучнёўскіх каманд сталі прадстаўнікі СШ № 2 (юнакі) і Бігосаўскай СШ (дзяўчаты). Другое месца занялі каманды гэтых жа школ, толькі наадварот: сярод юнацкіх каманд лепшымі былі бігосаўцы, сярод дзявочых — валейбалісткі з СШ № 2. Абодва трэція месцы — у спартсменаў з Асвейскай СШ.
Валейбалісты-педагогі спаборнічалі ў трох групах. Сярод змешаных каманд лідыравалі прадстаўнікі Прыдзвінска-Бароўскай СШ, другое месца — у валейбалістаў СШ № 2, трэцяе — гімназіі. Лепшымі валейбалісткамі прызнаны настаўніцы СШ № 2, другое месца занялі іх калегі з гімназіі, трэцяе — з Шайцераўскай СШ. Пераможцамі сярод валейбалістаў-мужчын прызнаны прадстаўнікі Прыдзвінска-Бароўскай СШ і гаспадарчай групы аддзела адукацыі райвыканкама.
Узнагародай для усіх стаў выдатны святочны настрой і цеснае спартыўнае братэрства.
Л. ФЁДАРАВА.