Верныя роднай зямлі

Актуально Жизнь сельских Советов

З гэтымі цудоўнымі мясцінамі сям’я аднаго з лепшых механізатараў КУВСП «Дрысенскі» У. М. Мядзюта ніколі не развітвалася.

Уладзімір Міхайлавіч Мядзюта з жонкай Рэгінай Іосіфаўнай і дачкой Таццянай.


Сам Уладзімір Міхайлавіч любіць паўтараць: дзе чалавек нарадзіўся, там і спатрэбіўся. І дзецям унушаў, што малая Радзіма — лепшае месца на зямлі.
І ён, і жонка — Рэгіна Іосіфаўна, патомныя хлебаробы. Засмучаюцца, што вёскі бяднеюць на жыхароў. Вось і яны ў свой час вымушаны былі развітацца з роднымі Громаўкамі, дзе толькі 2-3 хаты цяпер жылыя, і перабрацца на цэнтральную сядзібу — у Сар’ю. У асноўным з-за дзяцей, якім было праблематычна у школу дабірацца. Іх у сям’і чацвёра, зараз усе дарослыя. Двое сыноў — Яўген і Віталь, ды малодшая дачка Марына засталіся з бацькамі ў Сар’і. А старэйшая Таццяна жыве з сям’ёй у Верхнядзвінску, працуе у ДРУВП ЖКГ.
Выходзіць, што па-ранейшаму жывуць адной сям’ёй, дзеляць радасці і нягоды. Разам у клопатных сялянскіх буднях. Яўген, як і бацька, механізатар. Абодва заняты на пагрузачна-разгрузачных работах: Яўген на «Амкадоры», а Уладзімір Міхайлавіч — на МТЗ-82 з КУНам. У сезон нарыхтоўкі кармоў дома яны рэдкія госці. Зрэшты, якую б справу не даручылі Мядзютам, у гаспадарцы ведаюць, што за вынікі можна быць спакойнымі.
Жанчыны сям’і імі ганарацца. У працоўны прыпар клопаты па ўласнай гаспадарцы бяруць на сябе. Хоць у Рэгіны Іосіфаўны здароўе слабае, бо шмат гадоў адпрацавала даяркай, а раней умовы работы на фермах былі не з лепшых. Добра, што малодшыя — Марына і Віталь — ва ўсім дапамагаюць. Марына — дыспетчар у КУВСП «Дрысенскі», Віталь заняты ў раслінаводстве. У падсобнай гаспадарцы — дзе каровы, свінні. Для вялікай сям’і шмат чаго трэба. Тут не разумеюць, як гэта — жыць у вёсцы, працаваць на зямлі, а за малаком ды мясам у магазін ісці… З маленства прывучалі дзяцей спадзявацца на плён сваіх рук.
Гэта ўжо ўсвядомілі і ўнучкі — блізняткі Віка і Вераніка, дочкі Яўгена і яго жонкі Вольгі, яны ў свае чатыры гады любяць корпацца з дарослымі на градках. Малышкі частыя госці ў дзедавай хаце.
Яна ў Мядзютаў — дагледжаная, з густам абстаўленая. У цёплую пару радуе кветкавай разнастайнасцю і парадкам на сядзібе. Адразу бачна, што жывуць тут працалюбівыя, акуратныя гаспадары. Зрэшты, гэты дом стаіць у радзе іншых, так званых «прэзідэнцкіх», па вуліцы Зялёнай, назва якой адпавядае створанай людзьмі прыгажосці — садам, розным дэкаратыўным насаджэнням і кветнікам. Бачна, што сар’янцы любяць сваю вёску.
Вось і моладзь тут застаецца, сем’і свае стварае, працягвае справу бацькоў. Уладзімір Міхайлавіч і Рэгіна Іосіфаўна 35 год таму, 31 снежня, згулялі сваё вяселле. Адзначылі нядаўна юбілей. Няхай ім ва ўсім спадарожнічае шчасце.
Людміла АРЛОВА.



1 комментарий по теме “Верныя роднай зямлі

  1. Очень приятно читать на страницах газеты о таких замечательных семьях. Больше бы таких семей в нашем районе!!! Пусть всегда у них в доме царит счастье и любовь!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *