Да 70-годдзя Асвейскай трагедыі

Актуально Память

Святар Часлаў Курэчка.

У мінулую суботу ў Росіцы адбыліся ўгодкі памяці Благаслаўлёных пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.
Сёлетнія дні памяці ў Росіцы мелі асобы адбітак: споўнілася 70 гадоў з таго часу, калі гэта зямля перажыла самыя страшныя падзеі сваёй гісторыі. І якімі б занятымі ні былі сёння людзі, колькі спраў ні набягала ў нашай імклівай рэчаіснасці, на гэты час яны спыняюцца, нібы ў мінуту маўчання, і кіруюць свае шляхі на святое месца, каб успомніць, памаліцца, засведчыць сваю хрысціянскую і грамадзянскую сутнасць.

Успомніць
Росіца была адной з першых вёсак, якія трапілі пад смерч карніцкай экспедыцыі, цынічна названай фашыстамі «Зімовыя чары». Пазней яна ўвойдзе ў гісторыю пад назвай Асвейскай трагедыі. У лютым 1943 года фашысцкае камандаванне, імкнучыся падавіць народнае супраціўленне захопнікам, паставіла мэтай зрабіць пустэчай зону партызанскага краю на памежжы Асвейскага, Дрысенскага, Расонскага і Себежскага раёнаў. Каб на 40 кіламетрах не было ні жывой душы, ні будыніны, ні следу чалавечага існавання.
16 лютага расічан узняў з ложкаў набат. Карнікі — пераважна з латвійскіх паліцэйскіх — выштурхоўвалі дзяцей, жанчын, старых на вуліцу і гналі ў будынкі касцёла і школы. На працягу гэтых і наступных сутак паланілі амаль усё насельніцтва Росіцы і навакольных вёсак.

Працэсія памяці.

Жудасна ўявіць, што перажылі людзі падчас трывожнага чакання невядомасці ў сцюдзёных сценах, многія — з дзеткамі на руках. Несумненна, разумелі, што гэта — апошнія хвіліны зямнога жыцця. У невыносным нямым стогне застылі сэрцы. І толькі прысутнасць святароў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры надавала ім душэўных сіл. Ксяндзы маліліся, спавядалі, хрысцілі, здабывалі ваду і хлеб, падтрымлівалі і суцяшалі. А калі вязняў вывелі з касцёла і пачалі раздзяляць на дзве калоны: адну — у рабства, другую — на смерць, святары не пакінулі сваю паству. Карнікі прапаноўвалі ім свабоду, але айцы-марыяне прасілі найперш адпусціць нявінных людзей. Калі ж старых, жанчын і дзяцей павялі ў агонь, святары прынялі пакутніцкую смерць разам са сваімі вернікамі.
Падчас карніцкай экспедыцыі ў Росіцы загінула 1528 чалавек, сотні выгнаны ў рабства.
У жніўні 1999 года папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў росіцкіх святароў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру і далучыў іх да ліку Благаслаўлёных.

Колькі такіх знакаў на нашай зямлі...

 

Памаліцца
Кожны год у лютым і жніўні ў Росіцкім касцёле Святой Троіцы адбываюцца ўрачыстасці, прысвечаныя памяці Благаслаўлёных пакутнікаў і ўсіх нявінных ахвяраў вайны. І на гэты раз сюды прыбылі шматлікія пілігрымы з Мінска, Жодзіна, Барысава, Оршы, Глыбокага, Браслава, Полацка, Лучая, Празарокаў, Параф’янава, Верхнядзвінска, іншых мясцін. Удзел ва ўрачыстасцях прымалі прадстаўнікі свецкай улады і высокія духоўныя асобы — генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі, дэкан Полацкі, ксёндз-прэлат Францішак Кісель, прадстаўнікі грэка-каталіцкай царквы, святары і сёстры законныя з розных парафій. Святую Імшу ўпрыгожваў спевамі хор духоўнай музыкі з Барысава пад кіраўніцтвам Вячаслава Пялінака. У касцёле была прадстаўлена фотавыстава здымкаў з гісторыі Росіцы.
Звяртаючыся да гасцей святыні, настаяцель касцёла Часлаў Курэчка прывітаў усіх, хто прыбыў сюды памаліцца, папрасіць заступніцтва Благаслаўлёных пакутнікаў, скласці свае просьбы да Божага алтара. У гэтым моцным сваёй ахвярнасцю і намоленасцю Храме размова з Богам мае асобую сілу. Тут забываеш аб хуткаплынным зямным жыцці і ацэньваеш свой духоўны набытак. Росіцкія святары далі нам прыклад сапраўднай веры, адданасці Богу і любові да бліжняга. Кожны можа суаднесці ўласнае жыццё з гэтай вялікай ахвярай, адхінуць зло, ачысціць душу і адкрыць яе для дабрыні. Асабліва важна гэта цяпер, калі ў католікаў надыйшоў час Вялікага Посту, а праваслаўныя рыхтуюцца да яго.
Пасля малітвы ў Касцёле вялікая працэсія са свечкамі рушыла на месца гібелі пакутнікаў, дзе ўзвышаецца Крыж, каб у маўчанні схіліцца перад памяццю нявінных ахвяраў.

Засведчыць
Сярод росіцкіх разважанняў нязменна ўсплывае хвалюючае: што кожны з нас зрабіў для абавязку памяці? Чым далей у гісторыю адыходзяць вогненныя гады, чым часцей змяняюцца пакаленні, тым больш узрастае рызыка прытуплення ўвагі да падзей вайны. Важна зрабіць усё, каб захаваць памяць і з усёй паўнатой перадаць яе нашчадкам.
Нястомна працуюць у гэтым накірунку святар Часлаў Курэчка і яго паплечнікі — айцы-марыяне. Росіца ператварылася ў цэнтр духоўнасці і памяці, тут распрацоўваюцца і ўкараняюцца праекты ўвекавечання паселішчаў, знішчаных фашыстамі ў гады вайны, увесну расцвітаюць 1528 цюльпанаў — у памяць аб кожным загінуўшым жыхары, ладзяцца пілігрымкі і экскурсіі, праводзіцца вялікая работа па добраўпарадкаванні. Ва ўсіх пачынаннях святарам дапамагаюць раённая ўлада, прадпрыемствы, прыватныя асобы, валанцёры. Вялікія магчымасці ў справе зберажэння памяці і прымнажэння духоўнасці ёсць у кожнага. Гэта і малітва, і ахвяраванні, і практычная дапамога, і навучанне дзяцей. Калі кіраўнік прывозіць свой калектыў пакланіцца памяці росіцкіх святароў, а настаўнік — дзяцей на ўрокі духоўнасці, калі ў сям’і расказваюць нашчадкам аб гісторыі роднага краю, калі моладзь ідзе ў Росіцу папрацаваць ля святыні ці на могілках спаленых вёсак, калі чалавек разважае і моліцца аб тым, каб ніколі зло не напаткала нашу будучыню, — усё гэта «узносы» памяці. Яны патрэбны не толькі падчас урачыстасцей і ўгодак, але — пастаянна. Каб праз заступніцтва росіцкіх Благаслаўлёных не згасла вера, не сталі жорсткімі сэрцы, не збяднела душа, каб мір панаваў паміж людзьмі і на гэтай шматпакутнай зямлі.
С. ДЗВІНСКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

У Асвейскай трагедыі спалена 158 населеных пунктаў раёна, знішчана 3500 дамоў, звыш сотні школ, дзесяткі будынкаў сацкультбыту, 3 МТС.
Спалена і ўтоплена 3639 мірных жыхароў, у тым ліку 2118 — дзяцей і 310 — старых. На катаргу сагнана каля 3 тысяч чалавек.
У Росіцы спалена і забіта 1528 мірных жыхароў. 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *