Ганарымся нашымі землякамі

Актуально Общество

Традыцыйнае штогадовае віншаванне лепшых людзей Віцебшчыны на гэты раз было прымеркавана да знакавай для нашага Прыдзвінскага краю падзеі -75-гадовага юбілею. І тое невыпадкова: усе дасягненні вобласці, якая мае багатую гістарычную спадчыну і славіцца сваімі здабыткамі ў эканоміцы, сацыяльнай сферы, культуры, — плён мужнасці, патрыятызму і працы яе жыхароў.

Дэлегацыя Верхнядзвінскага раёна.

Узнёслай і святочнай атмасферай сустракала канцэртная зала «Віцебск» высокіх гасцей свята. На ўрачысты сход прыбылі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй Тур, старшыня Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандр Якабсон, памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Віцебскай вобласці Мікалай Дамашкевіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, былыя кіраўнікі дзяржаўных органаў, лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў.

Лаўрэаты з нашага раёна: С. М. Грамадка, А. І. Бальшая, А. Л. Нарубін.

Вітаючы гасцей, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец нагадаў слаўны гістарычны шлях вобласці і расказаў аб яе сённяшнім дні. Утвораная 15 студзеня 1938 года, Віцебская вобласць мае самую вялікую ў краіне тэрыторыю, дзе на 40100 квадратных кіламетрах пражывае 1 млн 208 тысяч чалавек.
Сёння Віцебшчына поўнасцю забяспечвае выпуск у краіне льняных вырабаў, каля паловы — дываноў, станкоў, абутку, тэкстылю, электраэнергіі і нафтапрадуктаў.

Дыплом «Чалавек года Віцебшчыны» атрымлівае А. Л. Нарубін.

Вобласць адыгрывае вялікую ролю ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці і культуры. Летась адзначана 1150-годдзе Полацка — геаграфічнага цэнтра Еўропы, калыскі духоўнасці, адукацыі і пісьменства, сімвалам якіх гучаць імёны Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімеона Полацкага.
Гэта зямля заўсёды была моцнай сваімі людзьмі — памяркоўнымі, спакойнымі, але вельмі мужнымі! Яны не раз мянялі «саху на меч», але не здаваліся, змагаліся за мірнае жыццё на роднай зямлі. Увесь народ узняўся на барацьбу з фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны. На Віцебшчыне дзейнічала 59 партызанскіх атрадаў. 122 Героі Савецкага Саюза — нашы землякі. Адсюль паходзяць легендарныя дзяржаўныя дзеячы і змагары Пётр Машэраў, Канстанцін Заслонаў, Вера Харужая, Мінай Шмыроў.
Вайна пакінула незагойныя раны: загінуў кожны трэці жыхар Віцебшчыны. Да гэтай пары не адноўлена даваенная колькасць насельніцтва. Але нашых людзей не зламіць — галодныя і паўапранутыя, яны ўзнімалі зямлю з руінаў. Ужо да канца 50-х народная гаспадарка была поўнасцю адноўлена. З’явіліся буйныя прамысловыя гарады Навалукомль і Наваполацк, такія вытворчыя гіганты, як «Віцязь», «Маналіт», «Нафтан», «Оршабудматэрыялы» і многія іншыя.
Віцебшчыну нездарма лічаць культурнай сталіцай Беларусі. Гэта радзіма Марка Шагала, тут прапісаўся культурны брэнд краіны «Славянскі базар». Прыгажэюць Віцебск і ўсе населеныя пункты вобласці, дзе актыўна праводзіцца добраўпарадкаванне. Той факт, што ў вобласці сёлета ўпершыню нараджальнасць перавысіла смяротнасць, сведчыць: жыць на нашай зямлі становіцца ўсё больш камфортна.
Галоўным багаццем вобласці з’яўляюцца людзі з іх магутным патэнцыялам. Дзякуючы майстэрству і настойлівасці сваіх працаўнікоў, Віцебшчына сабрала сёлета рэкордны ўраджай збажыны — 1 млн 400 тысяч тон, забяспечаны самыя высокія за апошнія гады паказчыкі па вытворчасці мяса, малака, ільновалакна. Актыўнымі тэмпамі ідуць мадэрнізацыя і экспарт, у Год беражлівасці ствараюцца ўмовы для эфектыўнай працы. У вобласці будуюцца школы, бальніцы, дзіцячыя сады, іншыя сацыяльныя аб’екты.
Усе дасягненні — плён прафесіяналізму і стараннасці людзей. А. М. Косінец нагадаў заслугі ветэранаў працы, былых кіраўнікоў вобласці, сённяшніх працаўнікоў, якія ствараюць моцную і квітнеючую дзяржаву. Лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны» ён назваў «залатым фондам» нашай зямлі. Дзякуючы такім людзям, дасягаецца прагрэс ва ўсіх галінах і мацнее дзяржава. Кіраўнік вобласці пажадаў землякам моцнага здароўя, міру, дабрабыту і новых здабыткаў на стваральным шляху.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, А. М. Тур зачытаў прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, у якім гаворыцца аб тым, што віцябляне могуць па праву ганарыцца сваім краем.
Цёплымі словамі вітаў землякоў У. П. Андрэйчанка — ён 14 гадоў кіраваў вобласцю.
Першымі на сходзе ўшанавалі ветэранаў працы, якія ўнеслі вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну. Ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны прадстаўнікі нашага раёна — генеральны дырэктар ААТ «Верхнядзвінскі райаграсервіс», заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Іван Іванавіч Грынько і Герой Сацыялістычнай Працы, у мінулым свінарка саўгаса «Дрысенскі» Ганна Паўлаўна Шушкевіч.
Хвалюючы і ўрачысты момант — ушанаванне лаўрэатаў звання «Чалавек года Віцебшчыны». Сёлета яго ўдастоены 100 лепшых прадстаўнікоў усіх галін і сфер народнай гаспадаркі Віцебшчыны. Сярод іх — трое нашых землякоў. Высокае званне «Чалавек года Віцебшчыны» заслужылі генеральны дырэктар ААТ «Інвет» Сяргей Мікалаевіч Грамадка — за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства, правядзенне значнай работы па мадэрнізацыі і ўкараненні імпартазамяшчальнай прадукцыі; дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 206 філіяла № 214 «АСБ Беларусбанк» у г. Верхнядзвінску Алена Ільінічна Бальшая — за важкі асабісты ўклад у забеспячэнне рэнтабельнасці банкаўскіх паслуг, умацаванне эканомікі раёна; начальнік аддзела пагранічнай службы «Верхнядзвінск», в/ч 2034 Андрэй Леанідавіч Нарубін — за вялікі асабісты ўклад у надзейную ахову Дзяржаўнай граніцы, узорную службу ў органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, якасную рэалізацыю дзяржаўнай пагранічнай палітыкі.
Аднымі з першых узнагароджаных павіншавалі члены верхнядзвінскай дэлегацыі — старшыня райвыканкама І. І. Марковіч, намеснік старшыні А. А. Барздыка, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы С. В. Лобан, намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў, галоўны ўрач раёна В. У. Галяковіч, начальнік ІМНС Рэспублікі Беларусь па Верхнядзвінскаму раёну А. М. Ушакова, дырэктар КУВСП «Асвейскі» М. П. Мартынаў, дырэктар ААТ «Шайцерава» М. П. Гумнянкоў.
Мы далучаемся да віншаванняў — гонар і хвала людзям працы!
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



1 комментарий по теме “Ганарымся нашымі землякамі

  1. 5+ модератору! К рассказу о лучших людях района актуальное видео про Верхнедвинский каравай. Приятно посмотреть все это про наш край. Сайт — супер!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *