Акцыю «Дарогамі спаленых вёсак» распачалі цэнтральная раённая бібліятэка і народны «Клуб цікавых сустрэч».
У Верхнядзвінскім раёне шмат помнікаў і абеліскаў, устаноўленых у памяць аб трагічных і гераічных падзеях вайны.
Як напісаў у адным са сваіх вершаў Антон Францавіч Бубала пра родны раён, «край, усцелены ўсцяж абеліскамі».
Глядзіце, людзі:
гэта — толькі спісы,
Адным радком тут — спаленая вёска.
А ў іх, у кожнай, — спаленыя жыцці,
Згарэлыя надзеі і каханні,
Дзе разам сем’і — мацяркі і дзеткі —
Ператварыліся ў гарачае вуголле,
Рассыпаліся попелам халодным,
А душы іх, барвянячы аблокі,
Да злога неба дымам узляцелі…
Семдзесят гадоў таму — у лютым-сакавіку 1943 года — фашысцкія карнікі правялі на тэрыторыі Асвейскага, Дрысенскага і Расонскага раёнаў аперацыю пад назвай «Wіntеrzаubеr» — «Зімовыя чары». Гэта была адна з самых жорсткіх і крывавых карных акцый, учыненых захопнікамі на нашай зямлі за ўвесь перыяд вайны. У СССР яна атрымала назву «Асвейская трагедыя».
Мэтай карнікаў было стварэнне нейтральнай зоны адчужэння шырынёю ў 40 кіламетраў без жыхароў і населенных пунктаў паміж Дрысай (Верхнядзвінскам) на поўдні і горадам Зілупэ (Латвія) на поўначы. Зона ахоплівала раён Асвея — Дрыса — Полацк — Расоны — Себеж . Аперацыя лічылася антыпартызанскай, і спустошаная зона павінна была пазбавіць партызанскія злучэнні апорных пунктаў. Паколькі баявога супрацьстаяння з партызанскімі падраздзяленнямі амаль не адбывалася, карныя акцыі былі зведзены да масавых забойстваў насельніцтва.
Аперацыя разгортвалася наступным чынам: займаючы вёскі, паліцэйскія і вайсковыя часці расстрэльвалі ўсіх тых, хто выклікаў падазрэнне ў прыналежнасці да партызан, а такімі лічыліся ўсе мужчыны ва ўзросце ад 15 да 50 гадоў. Знішчалі старых, якім не пад сілу было пераадольваць адлегласці пад канвоем. Жанчын з дзецьмі накіроўвалі ў месцы «другога шлюзавання» — лагеры збору, фільтрацыі і адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію, альбо ў іншыя лагеры, бліжэйшым з якіх быў лагер смерці Саласпілс пад Рыгай. Усе населеныя пункты спальваліся.
Кіраўніцтва аперацыяй было ўскладзена асабіста на вышэйшага начальніка СС і паліцыі ў Остландыі, обергрупенфюрэра СС Фрыдрыха Екельна. Яму падпарадкоўваліся латышскія і ўкраінскі паліцэйскія батальёны, паліцэйская рота СС, нямецкія зенітныя часці, батарэя артылерыйскага батальёна, узводы сувязі, авіягрупа асобага прызначэння. Падчас аперацыі прыцягваліся і іншыя фарміраванні: латышскі ахоўны батальён, літоўскі паліцэйскі батальён, рота эстонскага паліцэйскага батальёна, айнзацкаманда паліцыі бяспекі, айнзацкаманда СД. Агульная колькасць удзельнікаў гэтай карнай аперацыі складала каля 4000 чалавек.
За паўтара месяца карнікі амаль поўнасцю знішчылі Асвейскі раён і большую частку Дрысенскага. Былі разрабаваны і спалены 158 населеных пунктаў, у большасці разам з людзьмі. Асабліва жорсткімі сталі карныя аперацыі на беразе ракі Свольна, у латвійскім памежжы. У вёсцы Расіца фашысты знішчылі больш за тысячу жыхароў, са сваімі прыхажанамі загінулі і два святары. Разам з людзьмі спалены вёскі Абразеева (51 чалавек), Баравок (47), Вышнарава (88), Гарадзішча (60), Еськава (52), Залешчына (60), Кісялі (113), Ліпаўкі (211), Муквяціца (127), Пятроўшчына (104), Сямёнава (112 чалавек)… — пералік сёстраў Хатыні. Усяго падчас карнай экспедыцыі ў лютым-сакавіку былі знішчаны больш як 3900 жыхароў. 7275 чалавек вывезены ў нямецкае рабства, больш за 2000 трапілі ў лагер смерці Саласпілс.
Памяць сэрца… Яна горка-палынная, пякучая і пакутная. Але без яе ці можна заставацца чалавекам? Рэчку Свольна адзін з паэтаў назваў блакітнай стужкай у акружэнні лугоў. Толькі для мясцовых жыхароў яна чорная. Многія не могуць глядзець на раку вечарам, калі стомленае за дзень сонца хаваецца за небакрай, і ад яго промняў вада чырванее і нібы робіцца крывавай. Страляе ў людскія сэрцы веснавы крыгаход. Нават у самую вялікую спякоту не можа спакусіць Свольна самлелага чалавека асалодай рачной прахалоды. Людзі звычайна пазбягаюць рэчкі і прыходзяць на яе бераг, як на магілу. І робяцца суровымі твары, журбой поўняцца сэрцы. Жанчыны кладуць на плынь лялькі. Столькі над ракой праліта слёз, што калі б яна не сцякала ў Дзвіну, то была б, напэўна, салёнай.
У жудасным сакавіку сорак трэцяга азвярэўшыя фашысты ўтапілі ў Свольне 2118 дзяцей з вогненных вёсак Асвейскага раёна. Гэта іх вачыма глядзіць цяпер рака на людзей, зацягваючы ў глыбокі вір балючай памяці.
Валянціна Свіржэўская страціла тады чацвярых дзетак. Толькі душа маці не прымала гэтай смерці. Жанчына часта хадзіла на бераг, клікала сына і дачок, але чорная рака панура маўчала. Ад гора пакутніца скамянела, замкнулася, стала маўклівай, вочы яе амярцвелі. Зайшоўшы ў гай, падала на калені перад бярозкамі, абдымала і цалавала іх, галасіла на ўвесь лес, прымаючы дрэвы за сваіх дзяцей…
… І кожны раз як памірала сама. З’ехала, нарэшце, туды, дзе лесу няма, — у Мурманск. Але ад памяці хіба схаваешся? Згасла гаротніца самотнай свечкай…
…Мы схіляем галаву ў знак памяці пра нашых родных, блізкіх і суседзяў, што сталі ахвярамі гэтага злачынства. Сёння мы зноў запальваем «свечку памяці», якая будзе «гарэць» увесь гэты год — год жалобнага юбілею, а гісторыі «вогненных» вёсак будуць апякаць нашы сэрцы…
Н. Глацёнак,
загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі
цэнтральнай раённай бібліятэкі.