Сезон велатурызму адкрыты

Актуально Молодёжная страница "Ветразь"

У Каханавічах адбылося афіцыйнае адкрыццё веласезону. Як ніколі раней, сёлетні сезон вызначаецца маштабнасцю: ужо стала звычнай маляўнічая карціна, якую ствараюць рознавялікія групы велатурыстаў на дарогах і вуліцах паселішчаў Верхнядзвіншчыны.


З самых адметных падзей варта назваць прыезд карэльскіх сяброў, якія начавалі на сядзібе народнага клуба «Белыя вароны». Турысты з Петразаводска ўжо не аднойчы падарожнічалі па Беларусі, тры гады таму іх маршрут праходзіў і цераз Каханавічы. Інтэрнэт даў магчымасць падтрымліваць сяброўскія кантакты віртуальна і рэалізаваць план сустрэчы.
Невялікі атрад «Белых варон» сустрэў гасцей, выехаўшы насустрач ім бліжэй да расійскай мяжы па Себежскай шашы. У групе з дзесяці велатурыстаў пяцёра аказаліся старымі сябрамі. Надзейныя тэхнічныя сродкі, выдатная экіпіроўка і бадзёры настрой удзельнікаў вандроўкі на яе шостым дні сведчыў аб вялікім вопыце паходнага жыцця турыстаў. Сапраўды, Петразаводскі клуб аматараў велападарожжаў «Кола» дзейнічае надзвычай актыўна і змястоўна, аб’ядноўваючы людзей самых розных прафесій і ўзростаў — ад дазволенага мінімуму і далёка за 80 гадоў.
У «Кола» няма сезоннасці, сябры клуба «круцяць педалі» круглы год, у тым ліку ў снежныя прыпалярныя зімы. Акрамя блізкіх і дальніх паходаў, яны ладзяць масавыя «веладні» ў галоўным горадзе Карэліі, праводзяць акцыі на карысць пашырэння правоў і паляпшэння ўмоў для прыхільнікаў цудоўнага віда спорту, цікава адпачываюць. Завадатарам і арганізатарам усіх спраў клуба з’яўляецца Барыс Зубкоў, дарэчы, беларус па паходжанні.
На сядзібе клуба «Белыя вароны» панавалі сяброўства, гасціннасць і добры настрой. Былі лазня і юшка, песні і вершы ля кастра, абмен вопытам, успамінамі і сувенірамі. Гаспадар сядзібы Пётр Квяцінскі не толькі паспяваў вырашаць побытавыя пытанні, але і старанна фіксаваў падзеі для чарговага фотаальбома з гісторыі свайго грамадскага аб’яднання.
Наступным ранкам гэтаксама дружна і арганізавана карэльскія сябры рушылі далей па маршруце — цераз Верхнядзвінск і Дзісну на Віцебск. Дзень Перамогі яны сустрэлі ў Полацку. А неўзабавае Інтэрнэт прынёс шматлікія пацверджанні, што «Кола» зусім нездарма пракаціла па нашым краі: турысты наведалі знакамітыя мясціны Прыдзвіння, пазнаёміліся з яго гісторыяй і людзьмі, напісалі першыя вершы і нават паэму.
Нібы ў працяг святочных мерапрыемстваў зазірнула да «Белых варон» невялікая група велатурыстаў з Пецярбурга, а ў ноч на 11 мая турысцкі касцёр упрыгожыў бераг возера Селядцова. На гэты раз у нашай групе былі нядаўнія «Верабейкі», якія рашылі далучыцца да сапраўднага турызму.
Застаецца пажадаць, каб усё больш маладых людзей аддавалі перавагу актыўнаму спартыўна-пазнавальнаму адпачынку перад знемагальным сядзеннем каля манітора ў пошуку новых і новых дзесяткаў віртуальных «сяброў» і лятучага тлумнага кайфу ад гэткіх жа віртуальных тусовак.
Антон Бубала.
На здымку: сустрэча на Себежскай шашы.



1 комментарий по теме “Сезон велатурызму адкрыты

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *