«На крыжовых шляхах»

Актуально Духовность

На публікацыю нашай газеты адгукнуўся мастак Аляксандр Аніськовіч, які жыве і працуе ў Віцебску. Ён даслаў цікавыя звесткі пра царкву і маёнтак у Дзёрнавічах. 

Забытыя званы Дзёрнавічаў

Гэты матэрыял складзены з дапамогай успамінаў старажыхароў Дзёрнавічаў, запісаных мною ў 2005 годзе. Гэта Зінаіда Аляксандраўна Аніськовіч (1925г.нар.) і яе сястра Зоя Аляксандраўна Бялько (1923г.нар.), якія паходзілі з роду Нікалаевічаў — настаўнікаў у Дзёрнавічах ажно з 1901 года. Хутар дзядоў Нікалаевічаў у тыя часы стаяў недалёк ад дзёрнавіцкай царквы і неабходнасць шмат хадзіць па розных справах у вёску вымушала іх кожны раз ісці праз царкоўны двор і быць відавочцамі жыцця і заняпаду царквы. Яшчэ адзін сведка мінуўшчыны Дзёрнавічаў — Вольга Іванаўна Лявонава (1920г.нар.) — сталая мясцовая настаўніца, вельмі дасведчаны і паважаны ў вёсцы чалавек.
Сядзіба Дзёрнавічы Полацкага ваяводства з’яўлялася адной з асноўных спадчынных рэзідэнцый магнацкага роду Корсакаў яшчэ з XV стагоддзя. У Дзёрнавічах Корсакі мелі драўляны палац (не захаваўся), заклалі вялікі рэгулярны парк (захаваўся часткова). У 1770 годзе яны пабудавалі ў Дзёрнавічах драўляную уніяцкую царкву. Цікава, што Корсакі былі апантанымі прыхільнікамі уніяцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, але потым пачалі пераходзіць у каталіцтва. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што бажніца ў Дзёрнавічах была філіяльным касцёлам Забельскай (в. Валынцы) парафіі. Напэўна, праўда ў тым, што разам з канфесійнай прыналежнасцю Корсакаў мянялася і канфесійная прыналежнасць дзёрнавіцкай бажніцы. Апошнім з Корсакаў, хто ўладарыў сядзібай і маёнткам, быў Антон Міхал Корсак (1799-1876гг.), актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1831 года. У якасці пакарання ён быў асуджаны на год турэмнага зняволення, а сядзіба Дзёрнавічы была канфіскаваная ў дзяржаўную казну. Звычайна канфіскаваныя маёнткі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай прадаваліся расійскім урадам больш памяркоўным да ўлады памешчыкам з іншых рэгіёнаў імперыі, а касцёлы і уніяцкія цэрквы пераводзіліся ў праваслаўныя. Менавіта ў выніку гэтых падзей у 1830-1840-х гадах бажніца ў Дзёрнавічах стала праваслаўнай царквой.
Апошнім уладальнікам Дзёрнавічаў на мяжы XIX-XX стагоддззяў быў барон Оскар фон Беціхер — немец прыбалтыйскага паходжання. Па звестках на 1904 год на землях, падораных ім царкве, існаваў прытч — усяго 17 душ.
Абагульняючы аповеды старажыхароў, прывяду наступныя звесткі аб царкве ў Дзёрнавічах.
Бажніца стаяла на ўскрайку вёскі, ля берагавой стромы ракі Дрысы, непадалёк ад драўлянага моста праз яе. Яна была пабудавана «на польскі ўзор, пад час уніі» на каменным падмурку-склепе. У плане прамавугольная — бліжэй да квадрата без выступаў, акрамя апсіды. Апсіда — пяціграннік, бо «не мела ніводнага прамога вугла». Царква мела «прыбудовы» — сакрыстыі з асобным уваходам. На фасадзе меліся дзве невысокія вежы без вокнаў, завершаныя купаламі «тоўстымі ў выглядзе гарбузоў», блакітнага колеру з пазалочанай аздобай. Ганак на ўваходзе адсутнічаў — адразу вялікія з прыгожымі каванымі завесамі дзверы. Дах быў дужа стромкі. Вокны — па тры на бакавы фасад, прарэзаныя высока пад самым дахам. Сцены царквы на ўсю вышыню былі вертыкальна ашаляваны доўгімі дошкамі і пафарбаваны ў блакітны колер. Падмурак быў мураваны з камення, унутры падлога выкладзена маленькімі каменьчыкамі. Пры ўваходзе ў царкву чалавек адразу трапляў у калідорчык з нізкай столлю, які ствараў балкон хораў. У калідорчыку справа наверх вяла крутая лесьвіца да хораў і вежаў. Столь асноўнага памяшкання была высокая і плоская. Злева ад алтару меўся прыступак — клірас. У алтары размяшчалася галоўная ікона Маці Божай у залатой, вельмі багатай разьбянай раме на вінаградныя матывы. Звонку, злева ад фасаду царквы, стаяла званіца ў выглядзе звычайнай старожкі з шатровым дахам. На званіцы меўся звон.
У каменным падмурку-склепе былі пахаваны ў трунах заможныя людзі (напэўна, гэта была родавая пахавальня мясцовай галіны Корсакаў). Труны добра захаваліся да 1930-х гадоў. Падчас разбору і руйнавання царквы адкрыўся ўваход у склеп. Труны былі агледжаны мясцовым настаўніцкім калектывам. Засталіся ўспаміны аб вялікай колькасці трун і нядрэнным захаванні нябожчыкаў, іх багатым шляхецкім адзенні. Відавочцаў уразіла наяўнасць двух дамавін маленькіх дзяўчынак.
Каля царквы, за апсідай, былі могілкі — невялікія, але старадаўнія. У 30-я гады яны выглядалі як старажытныя «апоўзлыя магілы» з амаль не заўважнымі надмагіллямі. Кажуць, што ля царквы хавалі толькі заможных людзей; астатнія жыхары вёскі карысталіся (як і па сёння) могілкамі на другім ускрайку вёскі.
З усходу і поўначы ад храма быў Г-падобны яр і насыпны пагорак, якія пачынаюцца ад ракі. Па яры растуць старыя бярозы. Іншай агароджы могілкі і царкоўны двор не мелі. Справа ад фасаду царквы раслі старыя высокія туі. Яшчэ правей, між царквой і ракою, быў пасаджаны яблыневы сад. За ім уздоўж берага Дрысы раслі магутныя дрэвы — дубы, вяз, граб.
Старажыхары ўспамінаюць царкоўную бібліятэку, якая яшчэ доўга, ужо савецкім часам, выкарыстоўвалася дзецьмі ў якасці паперы для малюнкаў.
Царква мела назву Міхайлаўскай. Але некаторыя тубыльцы называюць яе храмам «Успения пречистой Богородицы». Кожнае лета, 28 жніўня, тут ладзіўся мясцовы фэст — святочнае маленне з асвячэннем зеляніны, жыта і г.д., а ўздоўж дарогі да царквы прыезджыя гандляры прапаноўвалі свае тавары.
Лёс царквы ў Дзёрнавічах, як і большасці храмаў Дрысеншчыны, склаўся трагічна. На пачатку 1930-х гадоў у мясцовага бацюшкі (дакладнае імя пакуль не вядома), вельмі сталага адзінокага чалавека, калгасныя ўлады адабралі дом з гаспадаркай, пазбавіўшы яго сродкаў для існавання. Святар быў вымушаны жыць у царкве, у сакрыстыі. У гэтыя жудасныя гады жыхары Дзёрнавічаў, якія хадзілі да царквы і дапамагалі харчаваннем святару, падвяргаліся жорсткім ганенням. Даведзены да галечы і адчаю, сталы бацюшка пайшоў, як кажуць, «у свет». Прайшло мала часу, калі ён быў знойдзены памерлым у адрыне недзе на Расоншчыне. Так скончылася гісторыя прыхода ў Дзёрнавічах. Апошнюю кропку ў гэтай гісторыі паставіў 1934 год. Улады калгаса «Новы шлях» разабралі царкву на бярвенне, якое сплавілі ракой да Боркавічаў. Там з бярвёнаў царквы зрабілі нейкую будку пад патрэбы дызельнай электрастанцыі…
Дзёрнавіцкая царква ўяўляла сабой прыклад беларускай драўлянай архітэктуры сярэдзіны ХVIII ст. Яна была пабудавана на ўзор двухвежавай базілікі з апсідай і сакрыстыямі — такім было тыповае архітэктурнае вырашэнне для каталіцкіх і уніяцкіх цэркваў таго часу. Ёсць звесткі, што ў 1884 годзе царква рамантавалася і перараблялася за казённыя грошы. Але кардынальных пераробак напэўна не было, бо ўсё роўна яна архітэктурай нагадвала касцёл ці уніяцкую бажніцу.
Па звестках на 1906 год да дзёрнавіцкай царквы адносіліся праваслаўныя капліцы на могілках у вёсках Дзёрнавічы і Сядлоўцы.
А.Аніськовіч удакладняе, што настаяцелем храма ў Дзёрнавічах у 1892 г. быў Р.Ф. Слівецкі, а месца царкоўнага двара і могілак сёння занятыя пабудовамі і агародамі нашых сучаснікаў.
Аўтар артыкула звяртаецца таксама з просьбай да чытачоў газеты, каб яны падзяліліся з ім даступнай для іх інфармацыяй па гісторыі царквы і вёскі Дзёрнавічы. Вялікую каштоўнасць маюць таксама фотаздымкі старых часоў. Адрас А. Аніськовіча ёсць у рэдакцыі.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *