Засведчыць для гiсторыi

Память

Сёлетні год, аб’яўлены годам памяці Асвейскай трагедыі, падышоў да свайго зеніту. Купальская вяршыня лета на нашай зямлі вызначана дзвюма векапомнымі датамі: днём вераломнага нашэсця фашысцкіх ордаў і днём вызвалення. Заканчваецца ўжо сёмае мірнае дзесяцігоддзе, а памяць вайны нязменна крочыць з намі, перадаючыся эстафетай з пакалення ў пакаленне.  

Гэтай вясною ў Мінску праходзіла прадстаўнічая міжнародная канферэнцыя, прысвечаная 70-годдзю Хатыні. У яе працы прынялі ўдзел даследчыкі Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Ізраіля, Чэхіі. Былі заслуханы і абмеркаваны 37 дакладаў, прысвечаных Хатыні, паселішчам, знішчаным нацыстамі ў Беларусі і іншых краінах, стратам мірнага насельніцтва нашай дзяржавы ў гады Другой сусветнай вайны, увекавечанню памяці вёскі Хатынь і іншых мясцін знішчэння мірнага насельніцтва.
Аўтар гэтага артыкула меў гонар і высокі абавязак данесці свету звесткі аб Асвейскай трагедыі, зраўняцца з якой па маштабах татальнага знішчэння мірных людзей можа толькі Халакост. На вялікі мультыэкран канферэнцзалы я вынес шэраг фатаграфій, якія і без каментароў сведчылі пра незалечаны боль нашай зямелькі. Ён гучаў у вобразах помнікаў на магілах ахвяр і руінаў Асвеі, у карціне памінальнага шэсця да святыняў Расіцы, у вачох ацалелых жыхароў «вогненных» вёсак.
У супрацы з галоўным архівістам Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь Вячаславам Селяменевым, каардынатарам міжнароднага праекта «Павышэнне статуса ўцалелых жыхароў спаленых беларускіх вёсак» Наталляй Кірылавай мы імкнуліся звярнуць і завострыць увагу навукоўцаў, дзяржаўных органаў і міжнароднай супольнасці на катэгорыю людзей, якія пацярпелі ў вайну, страціўшы ўсе сродкі для жыцця, родных і блізкіх, але не атрымалі дасюль матэрыяльнай і маральнай кампенсацыі.
Нас падтрымаў кіраўнік гуманітарных праектаў дабрачыннага аб’яднання «Kontakte-Контакты» з Берліна доктар Эберхард Радзувайт, які займаецца карпатлівай працай па аказанні дабрачыннай дапамогі пацярпелым у вайну жыхарам былога Асвейскага раёна. На сённяшні дзень яе атрымалі ўжо 240 чалавек. Калі скаардынаваная з двух бакоў акцыя па зборы і размеркаванні сродкаў будзе мець працяг, то ў наступную чаргу ў спісы на выплаты будуць унесены жыхары найбольш паважнага ўзросту з пацярпелых ад карнікаў вёсак былога Дрысенскага раёна — сельсаветаў, памежных з Латвіяй, а таксама былых Каркалецкага, Галубаўскага, Юзэфоўскага і іншых сельсаветаў.
На канферэнцыі была падкрэслена важнасць узнятых пытанняў, бо трагедыя мірнага насельніцтва Беларусі ў гады апошняй вайны яшчэ застаецца «белай плямай» у палітычным і гістарычным кантэксце для навуковых колаў і шырокай грамадскасці еўрапейскіх краін.
У рэзалюцыі сярод іншых былі запісаны і прынцыпова важныя, адметныя сваёю навізной пункты. Было вырашана звярнуцца да органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі з прапановай забяспечыць распрацоўку нацыянальнай стратэгіі Беларусі, накіраванай на захаванне памяці аб мірных людзях — ахвярах Другой сусветнай вайны, у рамках якой забяспечыць распрацоўку нарматыўнага прававога акта, што замацоўвае статус мірных ахвяр нацызму, устанавіць у Беларусі Дзень памяці ахвяр мірнага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны (22 сакавіка).
У звароце да палітычнага кіраўніцтва краін Еўропы была запісана прапанова стварыць на аснове дзяржаўнага мемарыяльнага комплекса «Хатынь» Еўрапейскі Цэнтр памяці ахвяр нацызму.
На канферэнцыі было прэзентавана новае выданне маскоўскага Фонду «Гістарычная памяць», створанае на аснове даследаванняў большасцю ў Верхнядзвінскім раёне. Назва кнігі — «Зімовае чараўніцтва» (Нацысцкая карная экспедыцыя ў беларуска-латвійскім памежжы, люты-сакавік 1943 г.). Маскоўскія навукоўцы арганізавалі таксама фотавыставу, прадэманстравалі дакументальны фільм, зняты ў нашых мясцінах. З унікальным выданнем можна пазнаёміцца ў раённай бібліятэцы.
Ажыццёўлена яшчэ адна важная справа з тых, што намечаны планам мерапрыемстваў па ўшанаванні 70-годдзя жалобнага юбілею. У выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет абноўленае выданне кнігі Сяргея Панізьніка «Асвейская трагедыя». Будзем спадзявацца, што раённая ўлада пасадзейнічае, каб кнігу неўзабаве мог набыць кожны з патэнцыйных яе чытачоў.
Вось што, прэзентуючы яе, напісана ў часопісе «Нёман»:
«Яркім святлом, што прапальвае наскрозь, з’яўляюцца шматлікія старонкі «Асвейскай трагедыі». Публіцыстычная завостранасць, лаканічная нешматслоўнасць і разам з тым шырокая карціна жахлівых фактаў робяць і саму кнігу важным дакументам у адлюстраванні падзей Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі, узводзяць працу С. Панізьніка ў ранг чарговага тома абвінавачванняў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у іх зверскіх злачынствах.»
У сваім артыкуле пра кнігу Кірыл Ладуцька піша, што яму хацелася б убачыць больш шырокі рух па збіранні памяці пра ўвесь трагізм Другой сусветнай. На погляд аўтара, гэта трэба для таго, каб лёс Хатыні, Лідзіцэ, бранскай Хацуні ніхто не паўтарыў. Зверствам і вандалізму не можа быць апраўданняў. І для гісторыі важна захаваць сведчанні пра іх.
Згаджаючыся з журналістам, хочацца падзякаваць усім, хто дасылае ўспаміны аб вайне. Яны складуць неацэнны архіў для тых, хто захоча дакрануцца сэрцам да старонак нашае пякучай Памяці і тады, калі ўжо не застанецца ніводнага жывога сведкі трагічных і гераічных падзей апошняй вайны.
А. БУБАЛА,
дырэктар рабочай групы раённага музея.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *