Арэнда — значыць гаспадарлівасць

Экологическая страница "Крынічка"

Паляўнічыя ўгоддзі нашага раёна складаюць 210,7 тысячы гектараў, гэта 98,5% усёй тэрыторыі. Арэнду ўгоддзяў ажыццяўляюць раённая арганізацыйная структура Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, якая налічвае 511 чалавек, Наваполацкае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Інтэрсервіс» і мясцовы лясгас.

Трэба адзначыць, што «Інтэрсервіс» з’яўляецца адным з лепшых арандатараў у Рэспубліцы Беларусь, пастаянна ўдасканальвае і ўмацоўвае матэрыяльную базу. Толькі за мінулы год тут пабудаваны паляўнічы вальер плошчай дзве тысячы гектараў для ўтрымання, развядзення і выкарыстання дзікіх капытных жывёлін. Насельнікі вальера — каля 500 аленяў высакародных, ланяў еўрапейскіх, муфлонаў. Адноўлены вальер ва ўрочышчы «Ардаўскія», дзе сёння гаспадараць дзевяць зуброў. У далейшым плануецца выпусціць лясных волатаў на волю.
Паляпшае сваю работу і раённая структура таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Для паляўнічых пабудавана гасцініца на сем месцаў, плануецца яе пашырэнне. Атрымана ліцэнзія на вядзенне турыстычнай дзейнасці. За мінулы год праведзена 80 тураў для паляўнічых з замежжа.
На гэтым фоне куды больш сціпла выглядае дзейнасць трэццяга арандатара — лясгаса. Між тым, ён мае вялізны патэнцыял у выглядзе колькасці і якасці лясных, палявых, водна-балотных угоддзяў для нарошчвання колькасці ласёў, касуль, кабаноў, іншых відаў жывёл і птушак, атрымання эканамічнай выгады.
Дарэчы, па сёлетніх падліках, колькасць дзікіх капытных у раёне складае: 580 ласёў, 840 касуль, 1034 кабаны.
А вось баброў развялося — цяжка падлічыць. Яны заваёўваюць усё новыя ўчасткі і нярэдка наносяць істотную шкоду сельскагаспадарчым пасевам, лясным насаджэнням, меліярацыйным і дарожным збудаванням. З дазволу мясцовых і распарадчых органаў даводзіцца разбураць норы і хаткі гэтых грызуноў.
З павелічэннем колькасці жывёлін павялічваецца і колькасць жадаючых паласавацца дзічынай бясплатна. За мінулы год міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету выяўлена 18 парушэнняў Правілаў палявання, канфіскаваны чатыры стрэльбы, 900 кілаграмаў незаконна здабытага мяса. Парушальнікам прад’яўлены рахункі на 76 мільёнаў рублёў.
Нездарма Верхнядзвіншчыну называюць сінявокім краем. На тэрыторыі раёна 27 азёр, працякае 5 рэчак. Азёры Асвейскае (другое па велічыні ў Беларусі), Белае-Каплярова, Лісна, Ізубрыца, Бузянка, Цятна, Кабылінскае здадзены ў арэнду для прамысловай лоўлі рыбы, арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства і здабычы водных беспазваночных.
Як жа працуюць арандатары? Толькі фермерская гаспадарка «Ляснічая Ірына» выканала даведзенае на 2012 год заданне. А райаграсервіс — на 36%, «Верхнядзвінскае ПМС» — на 34%, лясгас — на 22%. У выніку рэалізавана ўсяго15,3 тоны рыбы пры заданні 43,5 тоны. Гэта ж колькі карыснага прадукту не трапіла на наш стол!
Справа ў тым, што арандатары не абцяжарваюць сябе выкананнем дагаворных абавязацельстваў. Так, «Верхнядзвінскае ПМС» зусім не вяло лоўлю рыбы на азёрах Бузянка і Ізубрыца, а лоўлю на возеры Лісна ажыццяўляў усяго адзін рыбак, ды і то ад выпадку да выпадку. Лясгас у 2011-2012 гадах не меў спецыялізаванай брыгады, а «рыбачыў» з прыцягненнем людзей па дагавору.
Мала клапоціць арандатараў і пытанне аднаўлення рыбных запасаў. Райаграсервіс апошняе зарыбленне Асвейскага возера праводзіў у 2011 годзе, «Верхнядзвінскае ПМС» запусціла малькоў у вадаёмы ў 2009 годзе, а лясгас — аж у 2006! І толькі ФГ «Ляснічая Ірына» выконвае рыбаводна-біялагічныя патрабаванні па аб’ёму і якасці пасадачнага матэрыялу.
На нездавальняючым узроўні знаходзіцца ахова рыбалоўных угоддзяў. Райаграсервіс абмяжоўваецца толькі траленнем «нічыйных» сетак на возеры Асвейскім. І не дзіўна, што праваахоўнымі і прыродаахоўнымі органамі ў мінулым годзе было выяўлена 29 парушэнняў на арандуемых вадаёмах, канфіскаваны 53 сеткі, каля 70 кілаграмаў рыбы.
В. БУЛАЎСКІ,
начальнік раённай інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *