Каманда — беглы агонь!

Память

-На вайне цяжка было ўсім, але цяпер, гледзячы цераз многія гады, я разумею, які цяжар неслі на сабе пехацінцы, — гаворыць былы камандзір разліку 122-міліметровай гаўбіцы- гарматы, Антон Станіслававіч Скумбін, які ваяваў у складзе 21-й гвардзейскай стралковай дывізіі, удзельнічаў у ліквідацыі Курляндскай групоўкі ворага. — Схадзіў два разы ў атаку — і скончаны салдацкі шлях.


А артылерысты «саракапятак»? Яны ж білі ворага толькі прамой наводкай, нічым не абароненыя ад варожых куль і снарадаў.
Ветэран шкадуе тых, хто не вярнуўся з поля бою. Быццам сам не зведаў пякельнага жаху вайны. Двойчы паранены, ён біўся з ворагам, пакуль не адгрымелі апошнія залпы.
Хіба забудзеш, як, выконваючы загад, прабіраўся пад агнём да камандзіра батарэі на перадавую. Адтуль камбат карэкціраваў «работу» гармат. Трымаючыся за провад, салдат шукаў правільны шлях. І раптам — удар. Асколкі. Падпаўзла санітарка «і навошта бралі на фронт дзяўчат?» і спытала: «Санпакет ёсць?». Аказваецца, яе запасы скончыліся, столькі было параненых.
-А ў другі раз?
-Асколкі трапілі ў руку і нагу. Але класціся ў медсанбат адмовіўся, бо ў паветры ўжо веяла Перамогай.
-Вось Вы спачувалі артылерыстам «саракапятак». Няўжо гаўбічнікам было лягчэй?
-Па-першае, мы стралялі, як правіла, з закрытых пазіцый. Праўда, давялося аднойчы і нам біць прамой наводкай. Не ўсе павераць, але было. Камандаванне загадала: пад покрывам цемры выкаціць гарматы і падрыхтавацца да агнявога ўдару па ўмацаваннях фашыстаў. Загадана — зроблена. Каб вораг не пачуў рокат матораў, адчапілі гарматы ад машын здалёк ад зыходных пазіцый і пакацілі ўручную. Уявіце: вага гаўбіцы амаль дзве з паловай тоны. Калі развіднела: «Дванаццаць снарадаў, беглы агонь!». І мы ўдарылі…
-Сённяшняй моладзі цяжка ўявіць, як паводзілі сябе іх равеснікі ў баі?
-Здаралася рознае. Але самае правільнае вызначэнне — змагаліся самааддана, не шкадуючы сябе. Аднойчы, пры наступленні, удалося захапіць нямецкую гармату. Адзін з нашых артылерыстаў пад агнём фашыстаў страляў з гэтай гарматы, пакуль не скончыўся боезапас. І страціў слых.
-Як для Вас скончылася вайна?
-Здзівіла поўнае зацішша. Ніхто не страляе, самалёты не лётаюць. Мы на сваіх пазіцыях. Бачым, едзе сувязіст на фурманцы. Вязе катушкі. І крычыць, як сёння памятаю, на украінскай мове: «Чаго чакаеце, вайна скончылася!». Неўзабаве ўбачылі бясконцую стужку палонных і пабеглі глядзець на «пабітых» ваяк.
Пасля вайны Антон Станіслававіч даслужваў у арміі, бо прызваны быў 19-гадовым юнаком. Працаваў на чыгунцы, жыў у Бароўцы, цяпер у Верхнядзвінску.
…Спытайцеся ў любога ветэрана вайны: якая ўзнагарода самая ганаровая для салдата?
Адказ адзін : медаль «За адвагу». Менавіта яна займае пачэснае месца ў скарбонцы баявых і працоўных рэліквій Антона Станіслававіча Скумбіна. І сведчыць аб галоўнай якасці, якая дапамагла перамагчы ў вялікай вайне, — салдацкай адвазе.
М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *