Кожнае лета райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу арганізоўвае адпачынак для дзяцей працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці як у лагерах дзённага знаходжання, так і ў стацыянарных аздараўленчых установах.
Летась у апошніх выдатна адпачылі і ўмацавалі здароўе каля 50 юных верхнядзвінцаў. І зараз фарміруецца група на трэцюю змену ў лагер «Камета», які належыць ААТ «Нафтан». Знаходзіцца здраўніца ў Расонскім раёне і прапаноўвае шырокі комплекс паслуг. Дзеці забяспечваюцца пяціразовым харчаваннем, ёсць усе ўмовы для заняткаў спортам,захапленнямі па інтарэсах. Адкрыты плавальны басейн і трэнажорныя залы, а выдатная прырода і разнастайная культурная праграма ствараюць цудоўны настрой.
І гэты адпачынак для дзяцей практычна бясплатны. Яго забяспечваюць, як зазначыла старшыня райкама прафсаюза А. У. Зуй, бюджэтныя і прафсаюзныя датацыі, даплаты гаспадарак, дзе працуюць бацькі.
Накіраваць сваіх дзяцей у лагер «Камета» выказалі жаданне работнікі ААТ «Бялькоўшчына», «Шайцерава», «Баліны». У першую чаргу на аздараўленне адпраўляюцца дзеці-сіроты, дзеці з няпоўных і малазабяспечаных сем’яў.