След у навуцы

Наш край

10 ліпеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Ніны ВАЙТОВІЧ.
Гісторыя навукі складаецца з набыткаў многіх тысяч працаўнікоў на яе ўрадлівай ніве, таму заўсёды варта памятаць кожнага даследчыка. Ніна Вайтовіч пакінула ў беларускім мовазнаўстве даволі прыкметны след.


Нарадзілася Ніна Вайтовіч у сям’і настаўнікаў у горадзе Дрыса (цяпер Верхнядзвінск) на Віцебшчыне 10 ліпеня 1913 г. Пасля сямігодкі закончыла Полацкае педвучылішча (1930), працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Лепельскім і Халопеніцкім (цяпер Чашніцкі) раёнах. У 1933-1937 гг. вучылася на літаратурным факультэце Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Пасля заканчэння інстытута выкладала мову і літаратуру ў Мінскім педвучылішчы. У лістападзе 1938 г. Ніна Вайтовіч паступіла ў аспірантуру Мінскага педінстытута і пачала працу над дысертацыяй «Аб мове Баркулабаўскага летапісу» пад кіраўніцтвам вядомага савецкага лінгвіста прафесара А. Сялішчава. Паралельна з вучобай у аспірантуры чытала курсы гісторыі рускай і беларускай моў на вячэрнім і завочным аддзяленнях інстытута.
У час вайны Ніна Вайтовіч працавала спачатку ў Горкаўскай вобласці ў ваенным шпіталі, а пазней — у г. Чкалаве ў радыёкамітэце. У кастрычніку 1943 г. яе адклікалі ў Маскву і прызначылі начальнікам упраўлення школ Наркамасветы БССР. Набліжалася доўгачаканае вызваленне Беларусі ад фашысцкай акупацыі, а разам з гэтым неабходна было рыхтавацца да хуткага аднаўлення навучальнага працэсу ў школах. Таму ў сакавіку 1944 г. Наркамасветы БССР даручыў Ніне Вайтовіч напісаць падручнік па беларускай літаратуры для вучняў V класа. Кніга вытрымала 16 выданняў на працягу 1945-1960 гг., а яе аўтар за гэтую працу ў маі 1946 г. узнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы». 3 ліпеня 1944 да чэрвеня 1945 г. Ніна Вайтовіч працавала старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, які дзейнічаў тады ў Маскве. Згодна з пастановай СНК БССР яна ўвайшла ў камісію па складанні «Руска-беларускага слоўніка».
Пасля Вялікай Айчыннай вайны Н. Вайтовіч працягнула навучанне ў аспірантуры пры Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М. В. Ламаносава, дзе пад кіраўніцтвам прафесара Р. Аванесава завяршыла кандыдацкую дысертацыю і ў 1947 г. паспяхова яе абараніла.
3 1947 г. Ніна Вайтовіч працавала выкладчыкам, а ў 1949-1956 гг. — загадчыкам кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, дзе чытала курсы гістарычнай граматыкі беларускай мовы, гісторыі беларускай літаратурнай мовы і беларускай дыялекталогіі. 3 1953 г. сумяшчала выкладчыцкую дзейнасць з навукова- даследчай у Інстытуце мовазнаўства АН БССР, а ў 1956 г. перайшла ў гэты Інстытут на сталую працу. За час навукова-педагагічнай дзейнасці Ніна Вайтовіч напісала і апублікавала каля 60 навуковых і метадычных работ па разнастайных актуальных пытаннях беларускага мовазнаўства. Незадоўга да смерці даследчыца здала ў друк манаграфію «Баркулабаўскі летапіс», у якой зроблены поўны лінгвістычны аналіз пісьмовага помніка, а ў дадатку ўпершыню пададзены арыгінал тэксту з захаваннем усіх графіка-палеаграфічных і арфаграфічных асаблівасцяў рукапіснага арыгінала.
Упершыню ў беларускім мовазнаўстве Ніна Вайтовіч распрацавала праграмы па курсах гісторыі беларускай літаратурнай мовы (1952), беларускай дыялекталогіі (1957), а таксама сумесна з Міхаілам Булахавым і Мікалаем Гурскім — праграму па гістарычнай граматыцы беларускай мовы для педінстытутаў (1954).
Аднак паступова асноўным аб’ектам яе даследаванняў сталі беларускія дыялекты. Ім прысвечана большая частка навуковых публікацый, у тым ліку і манаграфія «Ненаціскны вакалізм народных гаворак Беларусі», якая ўяўляе сабой скарочаны варыянт абароненай у 1966 г. доктарскай дысертацыі, дзе ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве на матэрыяле палявых дыялекталагічных даследаванняў апісаны тыпы ненаціскнога вакалізму беларускіх гаворак і пададзена іх геаграфічная лакалізацыя на тэрыторыі Беларусі, сувязі з украінскімі і рускімі гаворкамі, прыведзена гіпотэза паходжання акання ў беларускай мове. Ніна Вайтовіч суаўтар такіх буйных калектыўных прац, як «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Нарысы па беларускай дыялекталогіі» (1964) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968-1969). За гэты комплекс прац па беларускай лінгвагеаграфіі яна разам з іншымі супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР адзначана ў 1971 г. Дзяржаўнай прэміяй СССР.
Памерла Ніна Вайтовіч 4 сакавіка 1976 г., так і не паспеўшы рэалізаваць шмат якія навуковыя задумы і планы. Да апошніх дзён жыцця ўсе свае сілы і веды яна аддавала развіццю беларускай лінгвістычнай навукі, павышэнню моўнай культуры беларусаў.
Павел МІХАЙЛАЎ,
кандыдат філалагічных навук.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *