У Верхнядзвінскім раёне пачаліся святы вёсак

Актуально Наш край

Жнівеньская нядзелька выдалася багатай на святы.

Але з усіх заманлівых варыянтаў мы з сябрам вырашылі адправіцца на роварах у няблізкае Сенькава, дзе мелася адбыцца свята вуліцы Першамайскай. І хаця да месца падзеі дабраліся з запасам па часе, арганізатары — мясцовы клуб і яго народны фальклорны гурт «Сенькавіца» — ужо былі гатовы распачаць ігрышча. Утульная мурожная мясцінка ўзбоч вуліцы, нібы прыстасаваная да шоу мясцовага маштабу, цешыла вока шматквеццем тканак-вышыванак, з густам аздабляючы сцены, вароты ды агароджы, паверх якіх з цікаўнасцю выглядалі пышныя галовы вяргіняў.
У вясёлкавай аздобе, спаборнічаючы між сабой, патаналі і ўсе кветнікі ладных дамоў на самай доўгай і прыгожай вуліцы вёскі. Сады ламіліся ад яблыкаў, грушаў, сліў.
У садзе пры святочнай мясцінцы віднелася маляўнічая альтанка, дзе ў цудоўных строях артысты ўдакладнялі апошнія дэталі сцэнічнай дзеі. Лёгкае хваляванне прыгажунь высвечвала іх шчырае жаданне спадабацца гледачам. Першымі да імправізаванай залы ў выглядзе лавак на мурожным кіліме дабраліся людзі саліднага ўзросту — па-святочнаму апранутыя, з кавенькамі ў спрацаваных руках і добрымі-добрымі вачыма. Затым падышлі прадстаўнікі другога і трэцяга пакаленняў, падбегла драбяза праўнукаў і праўнучак. Сярод вясковай публікі аказалася нямала гарадскіх гасцей. На лаўцы пад плотам асобна паселі мужчыны імпазантнага выгляду. Як заўсёды, у шэрагах вяскоўцаў паселі былая дырэктарка саўгаса імя Сімацкага Геня Альфонаўна Мацулевіч і спецыяліст сельвыканкама Алена Міхайлаўна Нямчынская.
І свята пачалося. Сцэнар, «сшыты з песень і слоў», быў задуманы і здзейснены па прынцыпу «гамоніць з душою душа». Цёплыя словы роднай мовы распавядалі нешматслоўна, але пранікліва, пра лёс роднай вёскі і яе людзей, а спевы «Сенькавіцы» стваралі гукавую вышыванку, дзе на агульным мяккім, лірычным фоне гучалі і горкія, суровыя ноты вайны, і шчымлівыя ўспаміны пра матуляў, і задорныя весялухі.
Клуб зараз не мае акампаніятара, і «Сенькавіца» у ягонай ролі выкарыстоўвае нейкую апаратуру. Апаратурай умела карыстаўся Руслан Скрыпка. Юнак спяваў сучасныя песні добрага зместу і мелодый. Давялося выйсці на «сцэну» і мне. Ды і не раз. Перад сваімі землякамі я чытаў свае вершы і нават асмеліўся на жартоўную песню.
Пяюхі пад «тэхнічны» акампанемент выконвалі толькі новыя цікавіны з роду шлягераў; народныя ж песні яны выконваюць а капэла, як спявалі спрадвеку іх матулі, бабулі, жанчыны ўсіх пакаленняў беларусак,- па-народнаму.
На сучасных шоу ў дапамогу спеваку або спявачцы выстаўляюцца цэлыя балетныя групы падтанцоўкі, ім служаць мегаваты электрычнага бляску і іншыя эфекты, якія здольны з пустышкі стварыць уражанне чагосьці вартага ўвагі. Сенькаўскаму гурту ў такіх «узмацняльных» сродках няма патрэбы. Жанчыны жывуць у песні, аздабляючы яе то лёгкім рухам-паваротам, то ўсмешкай, то ўзлётам брывей — усё гэта да месца, да слоўца, гарманічна і натуральна. Усяе аздобы толькі і было што самавар і нізка абаранкаў пад песню «Самавар» ды лёгкая праходка пад адну з вясёлых песень. Ну, і яшчэ, вядома, ручнікі ды посцілкі па перыметры сцэны, а таксама святочна апранутыя гледачы, іх цёплыя ўсмешкі і словы. І шчодрыя сады, і сонца над вёскаю, над узгоркамі і нізінамі, над усёй нашай спеўнай зямлёй.
На свяце вуліцы Першамайскай было названа шмат імёнаў. Не забыліся ні пра тых, хто трымае першынство па ўзросце, ні пра самага маленькага, ні пра дбайных гаспадароў. Узнагарода ж сельвыканкама за ўзорную сядзібу дасталася Алене і Леаніду Ясюкевічам.
Сенькава, страціўшы статус саўгаснага і сельсавецкага цэнтра, пацішэла, пастарэла, але не страціла сваіх галоўных каштоўнасцей — тут умеюць і любяць рупную працу і задушэўную песню. Народны ж фальклорны калектыў «Сенькавіца» беражліва нясе ў будучыню неацэнны скарб, атрыманы ў спадчыну ад продкаў, — спрадвечны скарб мастацтва.
Антон Бубала.



2 комментария по теме “У Верхнядзвінскім раёне пачаліся святы вёсак

  1. да по-тихоньку приходит в запущение родная деревня…да а когда то гремел этот коллектив на всю область,были яркие моменты,но мне кажется оно доживает последние дни,пока живо поколение в лице Маринской Любови и Кривонос Людмилы,то до тех пор будет»гучаць вершы роднае зямлі»:
    Сквозь лугоў шырокіх і палёў зялёных
    Пасярод радзімы -вольнае зямлі
    Ты стаішь шырока Сенькава радное
    А вакол іскрацца і гудзяць палі

    года идут,а мы не видим
    не замечаем прощлых лет
    и лишь слезинка с глаз унылых,
    нас снова вводит в этот свет

    Не заметно года улетают
    Нам в двух веках пожить довелось
    Иногда нам так сердце сжимает….
    Наша юность ушедших годов

    Не вернуть нам те славные годы
    Они покинули нас на всегда
    Лишь в памяти часто тревожим
    Те прекрасные всем времена

    Как хочется нам возвратиться
    Пусть на миг, на мгновение пусть
    Временем юности снова напиться
    И развеять печаль всю и грусть

  2. Жаль, конечно. Может быть, это объективный процесс, население становится все более городским, но жаль.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *