На небе ні воблачка, ранішняе сонейка ззяе ўсё ярчэй, заліваючы радасным святлом тэрыторыю хлебапрыёмнага пункта. Але чаму так ціха для гэтай пары? І дзе чэргі машын з зернем?
-З асноўным аб’ёмам работ мы справіліся, — не хавае задавальнення дырэктар прадпрыемства А. Д. Конанаў. — Дзяржзаказ — 7 тысяч 970 тон пшаніцы — выкананы. І спатрэбілася на гэта ўсяго 2 тыдні, як ніколі раней.
Першымі выканалі заданне хлебаробы ААТ «Прудзінкі». Але збожжа працягвае паступаць. Калі ў самы прыпар прымалі за суткі паўтары тысячы тон хлеба, то цяпер 300-400 тон. Тыя ж «Прудзінкі» абяцалі даставіць сёння 220 тон ячменю, на падыходзе 180 тон аўсу з СП «Асвейскі», 30 тон грачыхі з СП «Каханавічы».
-Радуе высокая якасць зерня, — працягвае Анатоль Дзмітрыевіч. — Пшаніца прынята трэцім класам, клейкавіна 25-26%. Як тут не адзначыць добрасумленнасць земляробаў ААТ «Прудзінкі», СП «Верхнядзвінскі» і асабліва СП «Асвейскі», адкуль прынялі ўсю партыю, — зярнятка да зярняткі.
Везлі да нас ураджай і суседзі-міёрцы. Збожжа таксама якаснае, а вось клейкавіна пасуе. Быў выпадак, паступіла збожжа з Шаркаўшыны. Праверылі — «прытуліўся» амбарны жук. Відаць, склады там своечасова не апрацавалі. Што ж, давялося прапусціць усю партыю цераз сваю сушылку.
-Пытанне, можа, і не да месца, але ўсё ж: вашы памяшканні ў парадку?
-Безумоўна, кожнаму сезону збожжанарыхтоўкі папярэднічае дасканалая ўборка сховішчаў, дэз-інфекцыя і пабелка.
-Дарэчы, пры вызначэнні якасці памылак не здараецца?
-Лабараторыя аснашчана сучасным абсталяваннем. Камп’ютар выдае дакладны аналіз за тры хвіліны.
-Але ж ён сам па сабе не працуе…
-«Дапамагае» загадчык лабараторыі Л. П. Конанава, спрактыкаваны спецыяліст. Надзейныя памочнікі ёсць і ў Лідзіі Пятроўны. Сёстры Вераніка і Людміла Кішковічы, студэнткі эканамічнага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта, вырашылі за час летніх канікулаў умацаваць сваё фінансавае становішча. Іх праца, як і вучоба, заслугоўвае толькі станоўчай адзнакі. Даводзіцца іншы раз, каб пазбавіцца сумненняў і прэтэнзій з боку пастаўшчыкоў, размінаць зерне ўручную.
Заняты ў нас яшчэ адзін студэнт, Андрэй Рымша. Сёння ён — машыніст аўтамабільнага разгрузчыка.
Хоць і марудна, бо стрымлівае недахоп сродкаў, хлебапрыёмны пункт удасканальвае тэхнічную аснашчанасць. Сёлета задзейнічаны электронныя вагі, здольныя вытрымліваць аўтамабілі да 60 тон. Праўда, для разгрузкі такіх аб’ёмаў пакуль няма механізмаў, прымаюцца дзесяці-дваццаці-трыццацітоннікі.
Плошчы прадпрыемства выкарыстоўваюцца таксама Віцебскім экстракцыйным заводам для нарыхтоўкі насення рапсу.
-Завод накіраваў да нас сваіх рабочых і спецыялістаў, абсталяванне, — зазначае Анатоль Дзмітрыевіч. — Толькі сёння будуць адпраўлены па прызначэнню тры вагоны насення.
Рабочы дзень на хлебапрыёмным пункце доўжыцца з 6 раніцы да 24 ночы, у дзве змены. А праца, пагадзіцеся, не з лёгкіх. Адзін пыл чаго варты. Не несці ж яго на сабе дадому! Вырашана пабудаваць пакой адпачынку з трыма душавымі кабінкамі на месцы былога гаража. Свідравіна прабурана ўжо, абсталяванне закуплена.
…Коратка прагучаў клаксон. Сваё месца на электронных вагах займае чарговы аўтамабіль з зернем новага ўраджаю.
М. КАТКОЎ.
НА ЗДЫМКАХ: (уверсе) дырэктар прадпрыемства А. Д. Конанаў і вагаўшчыца М. К. Карнавухава аналізуюць вы-нікі работы за суткі; Вераніка (справа) і Людміла Кішковічы работай задаволены; новыя элекронныя вагі.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.
Девочки красивые на первом фото.