Выбіраем родную мову

Общество

Любіць і паважаць родную мову, умець размаўляць і пісаць на ёй вось ужо пяты год вучыць гімназістаў Маргарыта Генадзьеўна Кліменцьева.

-Беларуская мова заўсёды давалася мне лёгка, — гаворыць настаўніца. — Яшчэ вучаніцай я прымала ўдзел у алім-піядах. Самым высокім вынікам стала чацвёртае месца ў вобласці. Таму пасля заканчэння школы пытанне, дзе прадоўжыць адукацыю, вырашылася само па сабе.
Пяць гадоў вучобы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава па спецыяльнасці «Беларуская філалогія і культура» — і вось малады спецыяліст па размеркаванні трапляе ў наш раён, у Валынецкую сярэднюю школу. Педкалектыў прыняў яе добразычліва, усяляк падтрымліваў.
Праз год Маргарыту Генадзьеўну перавялі ў Верхнядзвінскую гімназію. Тут, як адзначае сама, беларускай культуры ўдзяляецца асаблівая ўвага, шматлікія мерапрыемствы праводзяцца менавіта на роднай мове.
Для таго, каб дзеці добра валодалі ёй, вельмі важнай уяўляецца пазіцыя бацькоў у адносінах да беларускай мовы як раўнапраўнай з рускай. А каб пісьменнасць была на ўзроўні, неабходна не толькі вучыць правілы, але і шмат чытаць.
-Радуе, што ў кожным класе, — адзначае малады педагог, — ёсць вучні, якія чытаюць нават больш, чым задае настаўнік. І факультатывы па беларускай мове наведваюць з задавальненнем. Пачынаючы з пятага класа, ідзе падрыхтоўка да раённых і абласных алімпіяд, актыўна выкарыстоўваецца гульнёвая форма навучання. Адзінаццацікласнікі мэтанакіравана рыхтуюцца да цэнтралізаванага тэсціравання.
Анна ЗІМАЦКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *