На кожнага беспрацоўнага — пяць вакансiй

Актуально Общество

Аб стане спраў на рынку рабочай сілы ў нашым раёне расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнік аддзела занятасці С. М. ЧЫРВАНЕЦ:

-На пачатак восені на ўліку ў нашым аддзеле ў якасці беспрацоўных знаходзіліся 34 чалавекі. Характэрна, што на працягу года назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння колькасці грамадзян, якія звяртаюцца за дапамогай у працаўладкаванні. Больш таго, на рынку працы ўтварыўся дэфіцыт рабочай сілы. На аднаго беспрацоўнага налічваецца пяць вакансій, у тым ліку 165 па рабочых спецыяльнасцях.
-Напрыклад?
-Найбольш запатрабаваны будаўнікі, вадзіцелі, трактарысты, дарожныя рабочыя, работнікі сельскай гаспадаркі, электраманцёры і электрыкі, прадаўцы. Таксама ёсць патрэба ў інжынерах.
Асаблівую ўвагу ўдзяляем працаўладкаванню сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян: інвалідаў, маладых людзей ва ўзросце да 21 года, асоб, якія вярнуліся з месц пазбаўлення волі.
У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па рэалізацыі рэспубліканскай міжведамаснай акцыі «Клопат», дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва, у перыяд летніх канікулаў да часовай працоўнай занятасці быў прыцягнуты 191 навучэнец сярэдніх і базавых навучальных устаноў раёна. Вучнёўскія брыгады займаліся рамонтам школ, кніжнага фонду школьных бібліятэк, пашывам пасцельнай бялізны для дзіцячых садкоў. На гэтыя мэты з пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь выдзелена 240 мільёнаў рублёў.
-Святлана Мікалаеўна, а як быць людзям, якія не маюць прафесіі або чыя спецыяльнасць не запатрабавана?
-Можна прайсці прафесійную падрыхтоўку або перападрыхтоўку. Прафесійнае навучанне можам прапанаваць таксама выпускнікам школ, якія не паступілі ў ВНУ або каледжы. Пры гэтым спецыялісты праводзяць прафарыентацыю з грамадзянамі, зарэгістраванымі ў аддзеле занятасці.
-І якія прафесіі прапаноўваюцца?
-На сённяшні дзень фарміруюцца групы (на базе сярэдняй адукацыі) па навучанні беспрацоўных па наступных спецыяльнасцях: рахункавод, цырульнік, майстар па манікюру і педыкюру, электраманцёр, кадравік, бухгалтар, 1С-Бухгалтэрыя, плітачнік-абліцоўшчык, маляр-тынкоўшчык, аператар кацельні.
Грамадзяне з вышэйшай адукацыяй маюць магчымасць прайсці перападрыхтоўку ў Віцебскім філіяле інстытута бесперапыннай адукацыі Белдзяржуніверсітэта. Прапаноўваюцца такія спецыяльнасці, як бухгалтар, бухгалтар-эканаміст, арганізацыя і кіраванне кадравага забеспячэння прадпрыемства (інспектар па кадрах). Тэрмін навучання — ад чатырох да шасці месяцаў.
-Колькі за гэта трэба заплаціць?
-Наш аддзел заключае дагавор з беспрацоўным і навучальнай установай, згодна з якім навучанне і пражыванне ў інтэрнаце аплачваецца за кошт бюджэтных сродкаў. Акрамя таго, беспрацоўнаму штомесячна прадастаўляецца стыпендыя.
Хачу звярнуць увагу чытачоў на тое, што ў бягучым месяцы бу-дзе праводзіцца набор груп для навучання па спецыяльнасцях прадавец, слесар па рамонту аўтамабіляў, спецыяліст аддзела кадраў, стропальшчык, вадзіцель катэгорыі В, С (па трохбаковых дагаворах), трактарыст, электраманцёр, повар, маляр-тынкоўшчык.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *