Паслугі можна атрымаць на даму

Актуально Общество

Жыццёвая дарога далёка не заўсёды бывае лёгкай. Давайце азірнемся: хіба мала вакол людзей, якія па той ці іншай прычыне не могуць самастойна вырашаць свае праблемы?


-На ўліку ў ТЦСАН знаходзіцца 3964 чалавекі, — гаворыць дырэктар установы «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Верхнядзвінскага раёна» У. В. ВАЛНЕЙКА. — У тым ліку 74 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, 430 адзінокіх і 3380 адзінокапражываючых грамадзян, 80 інвалідаў 1-2 груп. А яшчэ — 186 шматдзетных сем’яў і 62 сям’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў.
У цэнтры створаны восем структурных падраздзяленняў. Аддзяленне пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання выяўляе і вядзе дыферэнцыраваны ўлік грамадзян і сем’яў, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, праводзіць кансультацыі, штогадовае іх абследванне.


У задачы аддзела ўваходзіць таксама ажыццяўленне дзяржаўных праграм «Безбар’ернае асяроддзе жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб на 2011-2015 гады», «Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады».
Шмат клопатаў у работнікаў аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. Ім неабходна забяспечыць непрацаздольных асоб паслугамі прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, камунальнай гаспадаркі, устаноў аховы здароўя.
Патранаж ляжачых хворых — задача медсястры аддзялення.
-Уладзімір Віктаравіч, а колькі чалавек карыстаецца паслугамі аддзела?
-У Верхнядзвінску — 99, у г. п. Асвея — 75, у сельскай мясцовасці — 631.
-Якія канкрэтна паслугі аказваюцца грамадзянам пенсійнага ўзросту?
-Пранне бялізны, распілоўка, колка і складзіраванне дроў, апрацоўка прысядзібных участкаў, элекрарамонтныя работы, транспартныя і рытуальныя. Па стану на 1 верасня выканана 2305 паслуг на суму 69 763,2 тысячы рублёў.
-Хто выконвае пералічаныя вышэй работы?
-Пажылыя грамадзяне, якія звяртаюцца за дапамогай, адзначаюць стараннасць В. Н. Майсюка, Г. Г. Казлова, Г. Н. Казлова, І. А. Пішчулёнка, У. У. Мяцеліцы, В. Г. Туронка.
-Пэўна, ёсць людзі, якія маюць патрэбу ў маральнай падтрымцы, хочуць пачуць добрае слова?
-Экстранную кансультацыйную дапамогу па тэлефоне даверу (5-29-15) аказвае аддзел сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Звяртаюцца і дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, без сацыяльна-бытавой дапамогі. Загадчык аддзялення І. У. Пастушэнка і псіхолаг Л. С. Лось арганізоўваюць карэкцыйныя і развіваючыя заняткі, ажыццяўляюць сацыяльна-псіхалагічнае суправаджэнне грамадзян, трапіўшых у складаную жыццёвую сітуацыю.
Пры аддзяленні дзейнічае клуб «Мудрамер», які наведваюць 24 чалавекі сталага ўзросту. Кожная сустрэча — мора пазітыву, акіян дабрыні! З апошніх мерапрыемстваў клуба ярка выдзяляецца аўтабіяграфічны вечар «Хвіліна шчаслівага жыцця».
Створаны і клуб маладой сям’і «Шчаслівыя разам». Адзінаццаць сямейных пар заўсёды знаходзяць агульную мову, дзеляцца набыткамі сумеснага існавання. Прычым, не толькі кулінарнымі рэцэптамі, але і абмяркоўваюць пытанні культуры, духоўнасці. На адной з сустрэч субясед-нікам «шчаслівых разам» стаў настаяцель Свята-Еўфрасіньеўскай царквы айцец Уладзімір.
Работу клубаў і гуртка накіроўваюць нашы спецыялісты І. У. Пастушэнка і З. І. Ясюкевіч.
У гуртку «Падлетак» адзінаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак раскрываюць свае здольнасці, становяцца больш арганізаванымі.
-Ужо некалькі гадоў дзейнічае аддзяленне дзённага знаходжання дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў…
-І дзейнічае паспяхова. Дваццаць чалавек з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў авалодваюць навыкамі дрэваапрацоўкі, шыцця, дамаводства, кулінарыі, вязання, бісера-пляцення, выпальвання па дрэву, а таксама камп’ютарнай граматай.
Наведвальнікі аддзялення разам адзначаюць дні нараджэння, каляндарныя святы, наведваюць музеі і выставы. Яны прынялі ўдзел у трох акцыях Года беражлівасці, у пяці выставах творчых работ, трох мерапрыемствах, прысвечаных здароваму ладу жыцця, пабывалі на экскурсіі па знакамітых мясцінах Полацка.
-Ці не абдзелены ўвагай Цэнтра жыхары аддаленых паселішчаў?
-Ні ў якім разе. Нашы філіялы-аддзяленні створаны ў Асвеі, аграгарадках Бігосава і Валынцы. Яны аснашчаны мотаблокамі, электрапіламі, пральнымі машынамі-аўтаматамі і аказваюць звыш 20 відаў паслуг (толькі за восем месяцаў на суму 23017,4 млн рублёў). Пад кіраўніцтвам спецыялістаў па сацыяльнай рабоце ў Асвеі і Бігосаве функцыянуюць спартыўна-аздараўленчыя комплексы, аснашчаныя неабходным інвентаром і трэнажорамі. Наведваюць іх не толькі падлеткі, але і бацькі, дзядулі і бабулі. Усяго 306 чалавек рознага ўзросту.
У філіялах ёсць і камп’ютарныя залы, што дазваляе дваццаці сямі падлеткам, у тым ліку з малазабяспечаных і неблаганадзейных сем’яў, авалодваць камп’ютарнай граматай.
Пытанні задаваў
М. КАТКОЎ.
Фота Л. ЗАЙЦАВАЙ.

Лічбы і факты
-За 8 месяцаў бягучага года штомесячную і (або) аднаразовую дапамогу атрымалі 460 чалавек на суму 274037,8 тыс. рублёў; на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі — 17 чалавек на суму 11200 тыс. рублёў.
-Сродкамі рэабілітацыі забяспечаны 17 інвалідаў.
-92 дзіцяці першых двух гадоў жыцця забяспечаны прадуктамі харчавання на суму 219800 тыс. рублёў.
-Матэрыяльная дапамога з Фонду сацыяльнай абароны аказана 190 грамадзянам на суму 58650 тыс. рублёў. Асноўная сума выдзялялася на набыццё паліва, лекаў, рамонт электраправодкі, печаў.
-Гуманітарную дапамогу атрымалі 73 чалавекі. У іх ліку — малазабяспечаныя, няпоўныя, шматдзетныя сем’і, пенсіянеры, інваліды, апякунскія сем’і. Афармленне дакументаў на атрыманне гуманітарнай дапамогі, тэрміновых платных паслуг, афармленне на надомнае абслугоўванне ажыццяўляецца ў рамках заяўнага прынцыпу «адно акно».
-У Цэнтры дзейнічае пункт пракату рэабілітацыйных сродкаў, якія набыты за бюджэтныя грошы, а таксама інвалідных калясак, якія паступілі па лініі гуманітарнай дапамогі.
-У практыку работы Цэнтра ўкараняюцца інфармацыйныя тэхналогіі, устаноўлены лакальная вылічальная сетка, праграма дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы сацыяльнай абароны.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *