Жыццё ў творчасці

Наш край

Па-рознаму вабяць людзі вольны час. Хтосьці гойсае па балотах са стрэльбай у руках або ў траскучы мароз дрыжыць над лункай, хтосьці калекцыяніруе маркі.


А вось у Аляксандра Мядзюты адразу некалькі захапленняў. Першае — жывапіс. Колькі памятае сябе — піша карціны. Пачынаў, вядома, з малюнкаў алоўкам, але з цягам часу зразумеў, што толькі пэндзаль і фарбы могуць перадаць уласнае захапленне роднымі краявідамі. Сёння карціны самабытнага мастака з в. Яніна ўпрыгожваюць кабінеты розных прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна. Давайце прыгледзімся: зачароўвае спалучэнне сінявы нябёсаў і прыгажуні Дзвіны, нібы чуецца шэпт бярозавых гаёў, казачнай невядомасцю вабяць далягляды.
Заўважце: свае работы Аляксандр Іванавіч дорыць ад шчырага сэрца, нібы запрашаючы землякоў разам парадавацца прыгажосці роднага краю.
Такую магчымасць маюць не толькі жыхары Верхнядзвіншчыны. А. І. Мядзюта — актыўны ўдзельнік абласных і рэспубліканскіх выстаў і конкурсаў. Лаўрэат выставы народнай выяўленчай творчасці «Жывая легенда», дыпламант выставы «InsiTa», прысвечанай Марку Шагалу, выставы «Святло душы», фестывалю «Беларусь — мая песня» — гэта далёка няпоўны пералік заслужаных перамог Аляксандра Іванавіча. Між іншым, карціна самабытнага мастака «Краявід са сланечнікам» займае пачэснае месца ў альбоме «Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны». А ў беларускай энцыклапедыі «Кто есть кто в Республике Беларусь» ёсць раздзел, прысвечаны творчасці А. І. Мядзюты.
Літаратурная творчасць — яшчэ адно захапленне. Зрэшты, калі словы нібы самі кладуцца ў прыгожыя радкі, гэта ўжо не захапленне, а покліч душы, настойлівая патрэба падзяліцца ўспрыманнем рэчаіснасці, расказаць аб перажытым. А перажыта нямала. Былы малалетні вязень фашысцкага канцлагера, А. Мядзюта зведаў і горыч страт, і асалоду перамогі святла над цемрай. Днямі да яго завітала здымачная група тэлепраграмы «Жди меня» і была ўзрушана расповедам чалавека, які ў шасцігадовым узросце трапіў за калючы дрот Аглонскага кацлагера.
Вершы, замалёўкі і апавяданні Аляксандра Іванавіча ўпрыгожваюць тэматычную старонку «Дзвінскія заранкі» раённай газеты, публікаваліся ў абласных выданнях. Пабачылі свет выдадзеныя раённай бібліятэкай зборнікі «Калі зацвітае каліна», «Между светом и тенью», «І былі разам — дзяцінства і вайна».
Некалькі год таму А. Мядзюта «захварэў» відэаздымкай. І зноў жа створаныя ім фільмы адлюстроўваюць гісторыю і прыгажосць роднага краю, велічнасць здзяйсненняў беларускага народа.
Гэтыя фільмы дэманструюцца ў розных аўдыторыях, выклікаючы вялікую цікаваць гледачоў розных пакаленняў. Нездарма за актыўны ўдзел у ветэранскім руху, вялікі асабісты ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі Аляксандру Іванавічу накіравана падзячнае пісьмо раённага выканаўчага камітэта.
-Задум яшчэ шмат, — гаворыць Аляксандр Іванавіч, — хочацца пакінуць след у жыцці. Хапіла б толькі сіл і часу.
Пажадаем яму і першага, і другога. Няхай не згасне творчы агеньчык.
М. КАТКОЎ.
Фота Л. ЗАЙЦАВАЙ.



1 комментарий по теме “Жыццё ў творчасці

  1. Жалко что мысль пакинуць след у жыцци приходит к людям под конец жыцця.А к большинству она вообще никогда не приходит,так и помирают потребителями от жыцця.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *