Усё часцей можна пачуць: «Ну, і моладзь пайшла!» Але ж яшчэ старажытныя абураліся, гледзячы на падрастаючае пакаленне. Сапраўды, змянілася многае: час, мода, наша моладзь.
Мы жылі іншымі ідэаламі і інтарэсамі, і нам цяжка зразумець, што ж патрэбна гэтым задзірлівым, непаслухмяным хлопчыкам і дзяўчынкам. Лягчэй асуджаць, цяжэй акунуцца ў іх жыццё. Прасцей прачытаць лекцыю аб тым, што можна і што нельга. І, згадзіціеся, мы, дарослыя, робім гэта часцей за ўсё. А яны, нашы дзеці, умеюць і могуць вельмі многае.
У Боркавіцкай сярэдняй школе яшчэ ў 1997 годзе быў створаны турыстычны клуб. Спачатку гэта быў невялікі гурток «Азімут», узначальваў яго завуч школы Антон Францавіч Бубала. А пасля больш за 70 чалавек аб’яднаў «Летуценнік». Заканчвалі дзеці школу, а ўсё роўна не забывалі свой клуб. Таму што той, хто хоць адзін раз змог пераадолець сябе і разам з сябрамі вынесці ўсе цяжкасці паходнага жыцця, доўга не забудзе гэтыя дні.
Магчыма, у чымсьці і маюць рацыю бацькі, калі асцерагаюцца адпускаць сваіх дзетак у паходы. Але не адзін дзесятак паходаў праведзена нашым турклубам і ніводны не быў «балдзёжна-адпачывальным». Хаця былі і цяжкія доўгія пераходы, і начныя марш-кідкі, начоўкі зімой у палатках, і адзін сухар на дваіх, і халодныя вясеннія воды рэк, і праліўныя дажджы.
Усё гэта было, але было і іншае: плячо сябра ў цяжкую хвіліну, радасць перамогі над сваімі слабасцямі, разуменне таго, што ты патрэбны, свой сярод сваіх, і што цябе разумеюць. А нашы няпісаныя турысцкія законы часам намнога стражэйшыя за маміны забароны, і не дай Бог парушыць іх і ўбачыць асуджэнне і адчужэнне ў вачах таварышаў!
Вось і сёлетні навучальны год пачаўся для новага пакалення «летуценнікаў» цікавымі падзеямі. Па-першае, на Дзень пісьменнасці да нас завітаў Антон Францавіч Бубала. Сустрэча з ім была для многіх вучняў адкрыццём. Як можна так ведаць і любіць сваю родную мову, быць такім адданым свайму роднаму краю! А калі загучалі вершы, раўнадушных зусім не засталося. Пытанне ўзнікла адно: «А калі зноў сустрэнемся?»
І сустрэча не прымусіла сябе чакаць. Група боркавіцкіх турыстаў адправілася ў вандроўку да сваіх даўніх сяброў — членаў клуба «Белыя вароны». Мы ведалі пра каханавіцкую гасціннасць, але тое, што ўбачылі, пераўзыйшло ўсе чаканні. Вечар, праведзены ў непаўторным сваёй незвычайнасцю, сяброўскай утульнасцю, гасціннасцю доме галоўнай «белай вароны» — Пятра Пятровіча Квяцінскага, зачараваў нас усіх. Жвавы, вясёлы, гаспадар стаў нашым кумірам, а мы яго шчырымі сябрамі. Тым больш да нас далучыліся Антон Францавіч Бубала і бігосаўскія турысты Алена і Уладзімір Ходасы. Турысцкая вячэра, лазня, песні ля кастра і начоўка ў палатцы — што можа быць лепш!
Ёсць на Верхнядзвіншчыне шмат мясцін, дзе ў час вайны адбываліся жудасныя падзеі, дзе паміралі людзі. Сярод лясоў і балот стаяць помнікі ці проста крыжы. Няма да іх сцяжынак і дарог, але ёсць памяць. Таму на наступны дзень мы адправіліся да помніка ахвярам вайны ў лесе, дзе запалілі касцёр памяці, слухалі вершы і планавалі новыя сумесныя паходы і вандроўкі. А потым былі лекцыя аб мастацтве, краязнаўчая віктарына, такая смачная турыская бульба. Кожнаму хацелася сфатаграфавацца са сваімі новымі сябрамі.
Можа, надта ўзнёсла напісана? Дык інакш не атрымаецца, таму што радасна за дзяцей, якія з карысцю правялі няхай толькі гэтыя два дні, радасна за сябе, таму што не памылілася ў хлопчыках і дзяўчынках. І проста таму, што жыццё працягваецца ў нашых дзецях.
В. ІЗОСІМАВА,
педагог-арганізатар Боркавіцкай сярэдняй школы.
Фота аўтара.