Ліміты на адстрэл дзікоў павялічаны

Актуально Экологическая страница "Крынічка"

Верхнядзвіншчына славіцца сваімі лясамі. Ды і як можна не захапляцца велічнымі барамі, таямнічым шэптам лісця ў бярозавых гаях, рознаквеццем асенніх клёнаў!
Але ўсё гэта хараство — не толькі дарунак для душэўнай асалоды, але і крыніца драўніны, грыбоў і ягад, лекавай сыравіны. І яшчэ лес — дом братоў нашых меншых.

Аб тым, каб насельнікі зялёнага царства адчувалі сябе камфортна і адначасова адпавядалі інтарэсам эканомікі, клапоцяцца работнікі лясной гаспадаркі.
-Колькасць большасці дзікіх жывёлін знаходзіцца ў аптымальных межах, — гаворыць інжынер па паляўнічай гаспадарцы ДЛГУ «Верхнядзвінскі лясгас» М. П. Савіцкі. — Па апошняму «перапісу» ласёў налічваецца 730 галоў, касуль 930, мноства кабаноў. Штатныя егеры пільна сочаць за сваімі падапечнымі. У зімовы час клапоцяцца аб іх рацыёне: падсыпаюць зерне, нарыхтоўваюць венікі, якімі ласуюцца касулі, а для ласёў падсякаюць асіны.
-Каго з егераў Вы хацелі б адзначыць?
-Выключнай стараннасцю вызначаецца В. Р. Пятровіч. Яго «уладанні» — Ігналіна і наваколле. Валерый Рыгоравіч ніколі не лічыцца з асабістым часам, выдатна валодае абстаноўкай.
У Бігосаўскай зоне парадак забяспечвае Антон Савельевіч Мархель, у Сар’янскай — Сяргей Паўлавіч Кавалеўскі.
-У абавязкі егераў уваходзіць і арганізацыя здабычы дзікіх жывёлін…
-А як жа. Трэба так наладзіць паляванне, каб не здаралася эксцэсаў. Таму ўсе, хто мае пуцёўку на адстрэл, праходзяць падрабязны інструктаж. У лесе егеры вызначаюць пазіцыі для стралкоў, пільна сочаць за дысцыплінай.
Дарэчы, у паляўнічай гаспадарцы лясгаса загоннае і індывідуальнае паляванне на лася, касулю, кабана дазволена з 1 кастрычніка па 30 снежня па пятніцах, суботах і нядзелях, панядзелках, а таксама ў святочныя дні і дзяржаўныя святы.
-Колькі ж каштуе «задавальненне» заваліць звера?
-Разавы дазвол і паляўнічая пуцёўка на лася-сегалетка — 2 млн рублёў, на дарослага — 5 мільёнаў. А вось трафейныя асобіны ацэньваюцца даражэй. Калі рогі маюць 4-5 сукоў — 7 млн рублёў, 6 і больш сукоў — 15 мільёнаў.
Касуля — ад 200 да 700 тысяч рублёў, кабан — ад 150 тысяч за сегалетка да 600 тысяч за трафейнага (у залежнасці ад памеру клыкоў).
-Аб кабанах размова асобная. За апошні час яны сталі сапраўднай напасцю для агароднікаў, шкоднічаюць і на грамадскіх пасевах. Ды гэта яшчэ паўбяды. А вось у якасці распаўсюджвальнікаў афрыканскай чумы кабаны ўяляюць сабой сур’ёзную пагрозу для сельскагаспадарчых арганізацый і ўласных падвор’яў грамадзян.
Напрыклад, кіраўніцтва і спецыялісты ААТ «Шайцерава», дзе размешчаны буйны свінагадоўчы комплекс, зрабілі ўсё магчымае, каб небяспечная інфекцыя не трапіла на яго тэрыторыю. Але пагрозу з боку хворых дзікоў яны прадухіліць не ў стане. Выходзіць, выйсце адно — адстрэл?

-Так, і ліміты на знішчэннне кабаноў павялічаны. Свой ліміт — 20 жывёлін — паляўнічыя лясгаса ўжо асвоілі, дадатковае заданне — яшчэ 13 галоў. Выканаем і яго, як толькі будзе завершана ўборка кукурузы. Дзікі настолькі прывыклі да спакойнага існавання, што суткамі не пакідаюць «свае кармавыя ўгоддзі». А паспрабуй адшукаць хітрага звера на неабсяжнай кукурузнай плантацыі!
Дарэчы, планы па адстрэлу кабаноў даведзены і таварыству паляўнічых і рыбаловаў (350 галоў) і «Інтэрсервісу» (120 галоў).
У заключэнне хачу пажадаць паляўнічым удачы пры строгім захаванні ўстаноўленых правілаў. Галоўнае, націскайце на курок толькі тады, калі выразна бачыце цэль.
М. КАТКОЎ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *