Цудоўны падарунак да прафесійнага свята ад супрацоўнікаў мясцовага СДК атрымалі настаўнікі вёскі Антонава. На «Настаўніцкія вячоркі» былі запрошаны ўсе работнікі адукацыі: тыя, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку — ветэраны педагагічнай працы, і тыя, хто зараз працуе ў школе, адкрывае дзецям шлях у дзіўны свет пазнання навукі і жыцця.
Утульная зала Дома культуры сабрала людзей розных пакаленняў, але аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, памкненнямі, адносінамі да жыцця.
У адрас настаўнікаў было выказана шмат шчырых і сардэчных слоў, што сагравалі душу, дадавалі аптымізму і радасці ад усведамлення ролі, якую яны выконваюць у выхаванні падрастаючага пакалення.
Праграма свята была цікавай і незвычайнай: з сюрпрызамі і неспадзяванкамі, як, дарэчы, і само школьнае жыццё.
Гасцінна расчыніла дзверы кафэ»Школьнае», і ўсіх прысутных віталі яго гаспадыні: Наталля Юхновіч і Жанна Дадзека. Яны прапанавалі цікавыя конкурсы, розыгрышы,сцэнкі са школьнага жыцця. А песні ў выкананні Наталлі Юхновіч і Святланы Далецкай напаўнялі сэрца кожнага жыццёвай энергіяй і аптымізмам. Меню кафе было разнастайным, а назвы і выгляд страў адразу выклікалі жаданне іх пакаштаваць. Чаго толькі варты пірог «Перша-класны», бутэрброды «Школьная неразбярыха», гарбата «Бацькоў-скія пакуты»! Ды і госці прыйшлі не з пустымі рукамі: таксама пастараліся, каб стол быў багаты і шчодры, як і прынята ў беларусаў.
У лёгкай атмасферы свята час праляцеў хутка і незаўважна, бо разам сабраліся аднадумцы. І педагогі, і работнікі культуры закліканы «сеяць разумнае, добрае, вечнае», несці культуру і асвету людзям, быць лекарамі душы.
3 нагоды Дня работнікаў культуры сардэчна віншуем Наталлю Дзмітрыеўну Юхновіч, Жанну Анатольеўну Дадзека і Вольгу Мечыславаўну Цітову. Жадаем ім здароўя, плённай працы, творчага натхнення, дабрабыту.
Р. Бабінская,
старшыня прафарганізацыі ДУА «Антонаўскі дзіцячы сад-пачатковая школа Верхнядзвінскага раёна».