Каранямi з Верхнядзвiншчыны

Наш край

(Працяг.)
Аб гадах, праведзеных там, Капцюг у сваіх успамінах адгукаецца вельмі цёпла. Тут Валянцін Капцюг атрымаў сярэднюю адукацыю, тут сфармаваўся яго характар. Ён успамінаў, што ў Самаркандзе было два тыпы школ: рускія — з абавязковым вывучэннем узбекскай мовы і ўзбекскія — з абавязковым вывучэннем рускай. У рускай школе ў выпускным класе пісалі сачыненне на рускай і пераказ на ўзбекскай мове. Ва ўзбекскіх школах — наадварот. Дзеці розных нацыянальнасцяў сябравалі. Разам працавалі на бавоўне, наведвалі Станцыю юных тэхнікаў, дзе былі цудоўныя выкладчыкі з эвакуіраваных, выязджалі ў Хіву і Бухару, ганялі галубоў, на роварах адпраўляліся ў горы, збіралі розныя мінералы. Ніякіх праяў нацыяналізму не было.
Разумная, валявая, вялікая працаўніца — маці Валянціна — забяспечыла яму адносна паспяховыя перыяд дзяцінства і юнацтва. У Самаркандзе яна прайшла шлях ад учотчыцы, потым загадчыцы склада да начальніка швейнага цэха — кіраўніка вялікага калектыву ўзбекскіх жанчын. Сваім прыкладам яна выхавала ў сыне упартасць і фантастычную працаздольнасць. У 1949г. з залатым медалём ён скончыў сярэднюю школу. У яго характарыстыцы напісана: «Капцюг Валянцін Апанасавіч, вучань 10 класа, у школе № 6 вучыўся два гады. Выдатнік вучобы. Сур’ёзна, самастойна працуе над кнігай (павышанай цяжкасці). Любіць хімію, фізіку, матэматыку. На абласной матэматычнай алімпіядзе ў 1947 — 1948 навучальным годзе заняў другое месца. У працы ўпарты, глыбока аналізуе матэрыял, над якім працуе. Характар цвёрды і настойлівы. Да сябе патрабавальны, да таварышаў ставіцца з вялікай увагай. У класе меў вядучую ролю. Аказваў сур’ёзную дапамогу адсталым навучэнцам у засваенні цяжкіх раздзелаў матэматыкі. Вялікую ўвагу надаў працы ў гуртку па вырабе фізічных прыбораў…».
Якасці і здольнасці, якія ярка выяві-ліся ў школьныя гады, Капцюг развіваў і ўдасканальваў усё сваё жыццё. Ён, як сказаў яго студэнцкі таварыш, «апынуўся адным з тых рэдкіх людзей, каму хапала чалавечай сілы самому круціць кола свайго лёсу». На што Валянцін Апанасавіч унёс папраўку: «Але як шмат людзей дапамагалі мне ў жыцці — бескарысліва, проста».
Студэнт —
сын «ворага народу»
У 1949 годзе Валянцін Капцюг, выпускнік школы № 6 горада Самарканда, бліскучы вучань і ўладальнік залатога медаля, адправіўся ў сталіцу і здаў дакументы ў прыёмную камісію МДУ, не паведаміўшы ў аўтабіяграфіі пра арышт і расстрэл бацькі. На наступную раніцу ён зноў пайшоў да сакратара і сумленна паведаміў яму пра гэта. У адказ пачуў: «Будзе лепш для Вас і для нас, калі Вы паспрабуеце паступіць у іншую ВНУ». Прыняўшы параду, ён адправіўся ў прыёмную камісію Маскоўскага хіміка-тэхналагічнага інстытута ім. Д. І. Мендзялеева, дзе адразу звярнуў увагу старшыні Б.І.Сцяпанава на згаданы факт. На што пачуў фразу, якую памятаў амаль паўстагоддзя: «Мы ж прымаем у ВНУ не Вашага бацьку, а Вас!» Так ён стаў студэнтам факультэта тэхналогіі арганічных рэчываў «Мендзялееўкі». І гэта шмат у чым вызначыла яго далейшы лёс. Тут ён пазнаёміўся з будучай жонкай, Ірынай Фёдараўнай Міхайлавай — яны вучыліся ў адной групе. І менавіта ў сценах гэтага інстытута звёў Капцюга лёс з Мікалаем Мікалаевічам Варажцовым.
Хіміка-тэхналагічная школа МХТІ была знакамітая ў СССР і свеце. Няўважліваму погляду Капцюг здаваўся тыповым студэнтам. На семінары, калі выкладчык прасіў адказаць «Лапацюга», першакурснік Валя Капцюг выходзіў да дошкі разам з Юрам Лапато, выклікаючы прыступ рогату таварышаў. Валянцін выступаў у валейбольных камандах курса і факультэта, у турнірах на першынство МХТІ, кампаніяй рыхтаваўся да семестравых іспытаў, дапамагаў аднакурснікам па сапрамаце і іншых інжынерных дысцыплінах. З самаркандскімі прыяцелямі са шматлікіх інстытутаў Масквы азартна гуляў у прэферанс, удзельнічаў ва ўсіх зборышчах аднакурснікаў. Смяяўся да ўпаду, заляцаўся да дзяўчат, ужо ў 1953г. ажаніўся.
Сябры ведалі, што з першага семестра Валя прытрымліваўся абдуманага распарадку дня, меў план работы па вядучых прадметах: уся хімія, фізіка, матэматыка. Перад заняткамі ён чытаў рэкамендаваны падручнік, імкнучыся зразумець сэнс маючай адбыцца лекцыі. Канспектаваў за лектарам лёгка, разумеючы, што прафесар даў дадаткова, што распавёў інакш. Запісваючы, Валянцін пакідаў вольныя месцы, якія запаўняў пазнакамі, каментарамі, іншымі дадзенымі, прапрацоўваючы матэрыял зноўку па іншых крыніцах. Яму падабалася карысна і напружана працаваць, яго нястомнасць уражвала.
Для яго было натуральным трымацца з годнасцю ў любой сітуацыі. Гэта выклікала павышаную павагу з боку таварышаў. Нават у рэстаране, адзначаючы на старэйшым курсе нейкую падзею з сябрамі, Капцюг заставаўся самім сабой, мэтанакіраваным чалавекам з тых, якія шануюць час, і сыходзіў раней, каб яшчэ «пару гадзін папрацаваць». Яго сябар спытаў неяк Капцюга: «З якога ўзросту ты стаў такім сур’ёзным чалавекам, з нараджэння ці што?» Аказалася, з 6 — 7-га класа, пасля смерці брата.
Антон Бубала,
дырэктар рабочай групы Верхнядзвінскага раённага музея.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *