На першым жа курсе Валянцін выразна пазначыў сэнс свайго жыцця — навуковая дзейнасць, і вёў выключна па ўласнай ініцыятыве даследчую працу на кафедрах неарганічнай хіміі, лакаў і фарбаў, аналітычнай хіміі. Прафесар С.І.Дракін, які кіраваў першай навуковай працай Валянціна, казаў: «Кафедра спачатку насцярожана паставілася да студэнта з малодшага курса, ды яшчэ з іншага факультэта, які да нас нечакана з’я-віўся. Але Валя паказваў відавочныя здольнасці да даследчай дзейнасці, самастойнасць і поўную адсутнасць якой-небудзь карысці, заяўляючы, што мэта яго — пашырэнне светапогляду і паглыбленне агульных хімічных ведаў». Выкладчыкі неарганічнай хіміі сталі лічыць яго ўнікальным студэнтам.
Па матэрыялах даследаванняў у студэнцкія гады былі апублікаваныя чатыры артыкулы Капцюга, а па заканчэнні навучання ён атрымаў дыплом з адзнакай.
У інтэрнаце ён не жыў. Яго маці, прадаўшы ў Самаркандзе палову доміка, купіла ў Пушкіне пад Масквой траціну дачы, гэта дазваляла Валянціну больш засяродзіцца на вучобе. Надзея Васільеўна гадавала і выхоўвала першынца свайго сына — Алёшу. Маладыя муж і жонка ездзілі на працу ў Маскву на электрычцы, што, па словах Валянціна Апанасавіча, аказалася вельмі зручным. Ён супрацоўнічаў у рэфератыўным часопісе «Хімія». За 45 хвілін язды раніцай паспяваў прарэфераваць адзін артыкул, увечары — другі. «Гэта быў і заробак, і набыццё пэўных прафесійных навыкаў — выкласці думкі коратка, зрабіць з вялікага артыкула выцісканкі».
З Масквы ў Акадэмгарадок
Сваім настаўнікам, старэйшым таварышам В.Капцюг называў Варажцова. У тыя гады Мікалай Мікалаевіч Варажцоў загадваў кафедрай арганічных паўпрадуктаў і фарбавальнікаў у МХТІ. Калі вырашалася пытанне аб навучанні Капцюга, сына рэпрэсаванага бацькі, у аспірантуры, Варажцоў прыклаў велізарныя намаганні, каб гэтае пытанне вырашылася станоўча. У выніку за тры гады вучобы ў аспірантуры Капцюгом пад кіраўніцтвам Варажцова была падрыхтавана дысертацыя, незвычайная, вельмі сучасная для той пары праца. Вучоная ступень кандыдата хімічных навук была прысуджана Капцюгу ў снежні 1957 года.
Лёсавызначальным можна назваць знаёмства з Варажцовым не толькі з-за аспірантуры, але і таму яшчэ, што менавіта Мікалай Мікалаевіч, атрымаўшы ў 1959 годзе прапанову ўзначаліць Інстытут арганічнай хіміі, запрасіў Капцюга з сабой у Акадэмгарадок, што пачаў будавацца. Тут ён прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да вучонага з сусветным імем. У 29 гадоў ён арганізуе лабараторыю, у 34 — становіцца доктарам навук, у 37 — членам-карэспандэнтам, у 48 — сапраўдным членам Акадэміі навук .
Пакінуць камфортнае жыццё ў ста-ліцы, дзе перад кандыдатам навук ад-крывалася бліскучая перспектыва і, сабраўшы няхітрыя пажыткі, прыехаць у Сібір — для гэтага трэба было быць сапраўдным патрыётам навукі і сваёй краіны, энтузіястам, натхнёным ідэяй. У 1955 годзе Акадэмгарадок быў абвешчаны галоўнай усесаюзнай камсамольскай будоўляй, з усяго Саюза сцякаліся сюды і лепшыя розумы, і натхнёная, напоўненая марамі і надзеямі моладзь. Будавалі ў тыя гады яшчэ павольна і дрэнна. У 1959 г. увайшоў у строй толькі адзін інстытут — Інстытут гідрадынамікі, які спачатку нагадваў каўчэг. У ім размяшчаліся прадстаўнікі яшчэ пяці непабудаваных інстытутаў. Тут жа былі абсталяваны фізічныя і хімічныя лабараторыі, дзе праходзілі практыкум студэнты ўніверсітэта. Першыя электронныя вылічальныя машыны былі ўстаноўлены ў крыле Інстытута геалогіі і геафізікі. Не маючы уласных будынкаў, маладыя сібірскія інстытуты часта пачыналі працаваць у тых установах, з якіх яны выйшлі. В.Капцюг з 1959 г. быў у Нава-сібірску наездамі, з’яўляючыся малодшым навуковым супрацоўнікам НІАХ і, па сумяшчальніцтве, МХТІ. У 1961 г. арганікі яшчэ вялі сінтэзы і аналізы ў Інстытуце гідрадынамікі, стоячы па 3 — 4 чалавекі каля адной выцяжной шафы з 9 да 23 гадзін кожны дзень.
Капцюг з жонкай Ірынай, сынам і мамай прыбылі ў Акадэмгарадок улегцы. Ім пашанцавала — адразу атрымалі кватэру ў адным з нешматлікіх пабудаваных дамоў. Праўда, як успамінаў Валянцін Апанасавіч, паўтара месяца давялося ім пражыць у пустой кватэры амаль без усялякай мэблі. Гэта быў выдатны час — усе, хто заспеў будаўніцтва Акадэмгарадка, згадваюць пра тое, што паветра было літаральна напоўнена ідэямі — усе працавалі з велізарным энтузіязмам, нягледзячы на бытавыя цяжкасці, абставіны панавалі надзвычай натхняльныя. Для Капцюга перыяд будаўніцтва і станаўлення Акадэмгарадка адметны яшчэ і тым, што ў гэтыя гады Валянцін Апанасавіч мог цалкам прысвяціць сябе толькі навуцы. Ён узначальваў лабараторыю фізічных метадаў вывучэння механізмаў арганічных рэакцый у Навасібірскім інстытуце арганічнай хіміі, дырэктарам якога быў акадэмік Варажцоў, выкладаў ва ўніверсітэце, працаваў на кафедры арганічнай хіміі. У 1965 г. 34-гадовы Валянцін Апанасавіч Капцюг абараніў доктарскую дысертацыю «Вывучэнне ізамерных пераўтварэнняў араматычных злучэнняў». Яго дысертацыя апярэджвала час.
Антон Бубала,
дырэктар рабочай групы Верхнядзвінскага раённага музея.
(Працяг будзе).