Быў звычайны майскі дзень. Жыхары в. Боркавічы Валянціна Кульева, яе сужыцель Аляксандр Цяліца і сын Кульевай Андрэй корпаліся ў агародзе. Стаміўшыся, вырашылі перадыхнуць і «асвяжыцца». Выпілі бутэльку віна. Пачалі ставіць парнік. Справа не пайшла. Як жа тут яе не «падмазаць»? Выпілі яшчэ.
Словам, далей падзеі развіваліся па прынцыпу «калі работа перашкаджае выпіўцы — кідай работу». Ужо вечарэла, калі сужыцелі прадоўжылі весяліцца. Але зноў завязалася спрэчка. Гаспадыні не спадабалася, як узводзіцца парнік. Загучала нецэнзурная лаянка.
Цяліца зайшоў у дом і вярнуўся з нажом у руцэ. Нічога не гаворачы, ударыў жанчыну. Тая зрабіла некалькі крокаў і са словамі «што ты нарабіў» стала падаць. Раненне ў грудзі аказалася смяротным…
Цяліца занёс сваю ахвяру ў дом. Затым зайшоў да суседа і заявіў: «Я Вальку заваліў, трэба пазваніць у міліцыю». І быццам бы папрасіў вяроўку, каб павесіцца.
З пратакола агляду месца здарэння: «на каўровым пакрыцці падлогі ўздоўж краю канапы знаходзіцца труп жанчыны, зверху на трупе адгорнутая коўдра… ніжні край майкі прапітаны рэчывам бурага колеру».
Акрамя нажавой раны былі выяўлены кровападцёкі ў левай лобнай частцы і ля носа, на плячавым суставе, сінякі ля вуснаў, брыві, колата-рэзаная рана левага бядра.
Аднавяскоўцы пацярпеўшай паказалі, што сужыцелі часта скандалілі пасля сумеснай выпіўкі, справа даходзіла і да бойкі. Экспертыза ўстанавіла, што цялесныя пашкоджанні В. Кульевай, прычыненыя тупымі прадметамі, маглі быць нанесены ўдарамі рук і ног.
І вось расплата. Гэтай восенню суд Верхнядзвінскага раёна пад старшынствам Л. Г. Каваленка прыгаварыў Цяліцу А. М., які дарэчы, ужо меў дзве судзімасці, да 9 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі строгага рэжыму.
М. КАТКОЎ.