На пытанні «Дзвінскай праўды» адказвае старшыня раённай ветэранскай арганізацыі М. Я. ДАБРАНАЎ:
-Міхаіл Якаўлевіч, набліжаецца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як ідзе падрыхтоўка да гэтай знамянальнай даты?
-Яшчэ ў жніўні мінулага года раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне «Аб падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 70-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне». Быў створаны камітэт, якому даручана каардынаваць і накіроўваць дзейнасць усіх падраздзяленняў выканаўчай улады, грамадскіх аб’яднанняў у гэтым напрамку. Узначаліў камітэт старшыня райвыканкама І. І. Марковіч.
Цяпер вядзецца актыўная работа па выкананні плана намечаных мерапрыемстваў.
-А што, у прыватнасці, намечана?
-Адзін з галоўных пунктаў — вывучэнне сацыяльна-бытавых умоў жыцця ветэранаў вайны, членаў сем’яў загінуўшых, партызан і падпольшчыкаў, асобных катэгорый грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. І пры неабходнасці — правядзенне за кошт сродкаў мясцовага бюджэту рамонту кватэр і дамоў адзінокіх грамадзян указанай катэгорыі.
Прадугледжана і правядзенне комплексных медыцынскіх аглядаў, аказанне меддапамогі ўдзельнікам Айчыннай вайны, пазачарговы выраб і выдача сродкаў тэхнічнай рэабілітацыі інвалідам, а таксама прадастаўленне права бясплатнага карыстання паслугамі стацыянарнай тэлефоннай сувязі з прымяненнем сэрвісных тэлефонных картак.
Уласна кажучы, перад усімі аддзеламі райвыканкама, сельвыканкамамі, раённымі службамі пастаўлены канкрэтныя задачы па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання.
-Якая роля адводзіцца савету ветэранаў?
-Прымаем непасрэдны ўдзел у абследванні жыллёва-бытавых умоў ветэранаў вайны, а іх у раёне 76, у тым ліку 18 інвалідаў, клапоцімся аб іх здароўі, віншуем са знамянальнымі датамі.
Праведзена навукова-практычная канферэнцыя «Дыялог пакаленняў» з удзелам жыхароў спаленых вёсак, кіраўнікоў мясцовых органаў улады, прадстаўнікоў Расійскага фонду «Гістарычная памяць», берлінскага грамадскага аб’яднання «Кантакты-Kantakte».
Нашы прадстаўнікі прысутнічалі на прэзентацыі кнігі Сяргея Панізьніка «Асвейская трагедыя», наведалі Расонскі Музей баявой славы, дзе з асаблівым інтарэсам азнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай П. М. Машэраву.
Цяпер рыхтуем віншавальныя паштоўкі ветэранам, плануем сустрэчу на Кургане Дружбы і ў маладзёжным лагеры «Бе-La-Русь».
-Што яшчэ ў планах?
-Удзел у сустрэчах кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў з ветэранамі, экскурсіі па месцах баявых дзеянняў партызан у Расонскім раёне, наведванне музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, Кургана Славы і Лініі Сталіна. Абавязкова арганізуем і Дзень здароўя для ветэранаў вайны і пажылых людзей.
-Набліжаюцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Трэба думаць, наша ветэранская арганізацыя не застанецца ўбаку ад гэтай важкай палітычнай кампаніі?
-Ні ў якім разе. У саставе акруговай і раённай выбарчай камісіі тры нашы прадстаўнікі, дзевятнаццаць — ва ўчастковых камісіях. Дваццаць восем ветэранаў будуць назіральнікамі на выбарах.
Наогул члены нашай арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Асабліва трэба адзначыць удзельнікаў вайны Паўла Ягоравіча Баярына, Ула-дзіміра Уладзіміравіча Дашчонка, Івана Паўлавіча Пудава, Лідзію Аляксееўну Гарачаву.
-А што ж ветэраны працы?
-Іх на ўліку больш шасці тысяч і ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне традыцый таксама цяжка пераацаніць. Толькі летась Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны А. Ф. Бубала, падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена В. М. Мядзюта, а яе муж, А. І. Мядзюта, адзначаны Ганаровай граматай абласнога савета ветэранаў.
Прыносіць плён грамадская дзейнасць Н. У. Вырлан, С. І. Сямёнавай, А. П. Маліноўскай і многіх іншых людзей, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
У заключэнне, карыстаючыся выпадкам, хачу пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту ўсім ветэранам. Асабліва — удзельнікам вайны, якім сёлета спаўняецца 90 год. Гэта — М. М. Шкецік, І. А. Жораў, З. І. Шабалоўская, Э. С. Кажамячанка, В. Р. Казлоў, З. С. Гяч, У. Ф. Іваноў, А. І. Бурэц, І. І. Кураш.
— «Дзвінская праўда» далучаецца да Вашых пажаданняў. Дзякуй за гутарку.
М. КАТКОЎ.