На Верхнядзвіншчыне стартавала сяўба

Актуально Общество

У КУВСГП «Дрысенскі» прайшлі раённыя засеўкі.

Пачатак сяўбы пакладзены.

 

-У ваенныя гады тысячы людзей аддалі свае жыцці, каб сёння мы мелі магчымасць мірна сеяць на ёй хлеб. З веку ў век людзі займаліся і будуць займацца гэтай самай мірнай справай, бо хлеб — усяму аснова, — адзначыў кіраўнік раёна І. І. Марковіч. — І таму мы сабраліся на росіцкіх палетках, каб прадоўжыць ужо стаўшы традыцыйным абрад засевак.

Абрад засевак праводзіць вакальны гурт «Сар'яначка».

-Практычна ўсе гаспадаркі раёна прыступілі да пасяўной, — пракаменціраваў дырэктар СП «Дрысенскі» В. І. Губанаў. -Так атрымалася, што ў гэтым годзе яна пачалася амаль на месяц раней, чым у мінулым. Простай не будзе — сёлета, як ніколі, нам не хапае сродкаў не толькі на рамонт, але і на паліва, мінеральныя ўгнаенні. Калі меркаваць па нашай гаспадарцы, не так дрэнна, як чакалі, абстаяць справы з азімымі, усе патрэбныя восеньскія работы мы правялі — унеслі калій, узнялі зябліва. Магчыма, масава сяўбу яшчэ не пачнем, але ж асобныя сухія ўчасткі будзем засяваць. План сяўбы ў гаспадарцы складае 1416 гектараў, з якіх 825 — зерневыя і зернебабовыя, 360 — кукуруза, 233 гектары яравога рапсу.
-Нягледзячы на ўсе цяжкасці, сеяць будзем, — падвёў вынік кіраўнік раёна, — каб у нас былі лепшыя паказчыкі не толькі ў жывёлагадоўлі, але і ў раслінаводстве.
Увагу ўдзельнікаў засевак спецыялісты засяродзілі на стане пасяўной тэхнікі і асаблівасцях яе рэгуліроўкі, а галоўны аграхімік раёна Г. Л. Ушакоў расказаў аб тым, як правільна і якасна ўносіць каштоўныя ўгнаенні.
Настаяцель касцёла Святой Троіцы айцец Часлаў Курэчка адзначыў, што пасяўная патрабуе ад людзей, якія працуюць на зямлі, шмат сілы, таму, праводзячы супольную малітву, будзем прасіць у Бога і добрага надвор’я, і здароўя, каб ён благаславіў працу рук чалавечых. Разам з настаяцелем Сар’янскай царквы айцом Васілём ён асвяціў зямлю і падрыхтаванае насенне.
Абрадавыя дзеяннні і песні выканаў вакальны гурт «Сар’яначка».
Кінуць на палеткі першае зерне пад новы ўраджай было даверана кіраўніку раёна Ігару Іванавічу Марковічу, кіраўнікам гаспадарак і святарам.
Пачатак сяўбы пакладзены, надыйшла пара налёгкай працы хлебаробаў.
Пасля абраду засевак прысутныя наведалі Росіцкі касцёл. З гісторыяй гэтай святыні, аб зменах за апошнія сем год іх пазнаёміла дырэктар Сар’янскага ДК А. І. Мінчанка. Гэта экскурсія была асабліва цікавай для маладых спецыялістаў, якія пачалі свой працоўны шлях у нашым раёне.
Затым прайшоў семінар, на якім кіраўнік раёна і яго першы намеснік У. У. Быкаў вызначылі задачы на вясенні перыяд. З тэхналагічнымі патрабаваннямі і арганізацыяй работ на сяўбе ўдзельнікаў азнаёміла першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Л. К. Грэсько. З дакладам аб сацыяльным і бытавым забеспячэнні яравой сяўбы выступіла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А. У. Зуй. Абмеркаваны таксама пытанні догляду пасеваў і арганізацыі ўліку і аплаты на яравой сяўбе.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *