У раёне разгортваецца яравая сяўба

Актуально Общество

Сяўба пачалася ў самым паўночным куточку Беларусі — на Асвейшчыне.

Засеўкі ў Асвеі.

Гэта пасяўная мае ў КУВСГП «Асвейскі» свае асаблівасці. Гаспадарка пачынае яе з новым кіраўніком — нядаўна сельгаспрадпрыемства ўзначаліў Алег Часлававіч Станкевіч. Зрэшты, для сябе ён лічыць засеўкі сімвалічнымі: 19 гадоў назад вось гэтак жа стаяў ля Генеўскай гары, пачынаючы першую сваю сяўбу ў якасці галоўнага інжынера. Сёння лёс вярнуў яго ў Асвею, выпрабоўваючы на гаспадарчую сталасць. Першай з’яўляецца сяўба і для агранома гаспадаркі Уладзіміра Харчанкі — ён пачаў сваю працоўную біяграфію ў «Асвейскім» у якасці маладога спецыяліста.

Першае зерне апусцілі ў зямлю (справа налева) А. Станкевіч, айцец Васіль і У. Харчанка.

Дэбют новага кіраўніцтва лёгкім не будзе: яравая сяўба ў «Асвейскім» самая вялікая ў раёне — 1550 гектараў. Пры гэтым ідзе яна на цяжкіх гліністых глебах, якія патрабуюць значных затрат на падрыхтоўку. Але настрой ва ўдзельнікаў пасяўной рашучы: ёсць спецыялісты-прафесіяналы, добрасумленныя механізатары і вадзіцелі, разуменне важнасці пасяўной кампаніі ўсімі працаўнікамі гаспадаркі. Падрыхтаваны тэхніка, насенне, угнаенні, прадуманы арганізацыя працы і матэрыяльнае стымуляванне. На засеўках асаблівая ўвага звернута на ахову працы і захаванне тэхнікі бяспекі, эканомію гаручага і матэрыялаў.
Настаяцель Сар’янскай царквы айцец Васіль благаславіў сейбітаў на шчырую працу і падкрэсліў важнасць захавання цвярозасці. Сяўба — час вялікага працоўнага напружання, ад якога залежыць гадавы дабрабыт людзей. Несумленна і грэшна абражаць яго п’янствам.
Удалай і якаснай сяўбы пажадала асвейцам старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А.У. Зуй. Аб яе асаблівасцях расказала галоўны аграном прадпрыемства Л. У. Серпуць.
Прафсаюзны камітэт гаспадаркі на чале з яго актыўным кіраўніком Л. В. Русак, арганізоўваючы засеўкі, паклапаціўся аб сувенірах для ўдзельнікаў сяўбы. Усе яны пачаставаліся караваем і запілі яго гаючай вадой з Генеўскай крыніцы — каб не падводзілі сілы і здароўе, якія так патрэбны ў працы.
І вось вядомы вакальны гурт «Сенькавіца» пачынае прыгожы абрад засевак. Першае зерне кладзецца ў падрыхтаваную глебу. У добры шлях!
С. Аляксандрава.
Фота Валерыя Салаўёва.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *