Дзень друку — не толькі прафесійнае свята журналістаў, але і нашых падпісчыкаў, якія сябруюць з газетай і выбіраюць яе ў спадарожнікі ў неабсяжнай інфармацыйнай прасторы.
Напярэдадні сёлетняга свята ў рэдакцыі адбыўся розыгрыш прызоў сярод падпісчыкаў «Дзвінскай праўды». Прыемна, што пераможцамі сталі даўнішнія сябры раёнкі, якія чытаюць яе на працягу дзесяцігоддзяў.
А. ЛАЗОЎСКАЯ, г. Верхнядзвінск
-Раённую газету выпісваю з 1961 года, колькі жыву ў райцэнтры. 26 гадоў адпрацавала ў адным магазіне на Гейжанаве, выйшла на пенсію і ўвесь час сябрую з газетай, чытаю ад пачатку да канца, не прапусціла ніводнай падпіскі. Былі часы, калі і бедна жылі, але я чаго іншага не дакуплю, а газету выпішу — інакш адчуваю сябе адарванай ад жыцця. Чытаю ўважліва, нават сельскагаспадарчыя зводкі не прапускаю: мне ўсё цікава! Друкавалі ў раёнцы і мае здымкі, як лепшага работніка, і гэта вельмі прыемна.
Таксама любіць чытаць «Дзвінскую праўду» і сям’я сына — яны і ўбачылі першымі маё прозвішча ў ліку пераможцаў конкурсу. Хаця спачатку ўдзельнічаць у ім не збіралася — ніколі не шанцавала ў латарэю. Але паштальён прапанавала, маўляў, усё роўна выпісваеце газету кожны квартал, дык выпішыце адразу на паўгоддзе і адпраўце квітанцыю ў рэдакцыю. Так і зрабіла, і вось — прыз! Дзякую за яго і буду далей удзельнічаць у розыгрышах. Не дзеля прызоў, а дзеля павагі да газеты: калі б можна было, я яе падпісвала б адразу на год!
Л. ФЕСІНА, в. Бароўка
-Выпісваю і чытаю «Дзвінскую праўду» з 1985 года — гэта маё любімае выданне. Заўсёды падпісваюся адразу на паўгода, што для мяне зручней. Газету ахвотна чытаюць муж, дзеці, усе мае знаёмыя.
Ідэю паўдзельнічаць у конкурсе падаў сусед, а муж убачыў маё прозвішча ў ліку пераможцаў. Зразумела, прыемна атрымаць прыз і заставацца з газетай, якую чытаю ад пачатку да канца.
Нагадваем нашым чытачам, што адкрыта падпіска на раённую газету на другое паўгоддзе 2014 года. У вас таксама ёсць магчымасць падпісацца адразу на паўгода, прадставіць у рэдакцыю квітанцыю аб падпісцы і стаць удзельнікам чарговага розыгрышу прызоў «Дзвінскай праўды».
Заставайцеся з намі!