Наводзім парадак на зямлі

Актуально Общество

-Госці Верхнядзвіншчыны, — гаворыць начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама А. І. Бачарэнка, — захапляюцца дагледжанасцю палёў, якасцю іх апрацоўкі.
-Але ці ўсе землі «працуюць» з належнай аддачай?
— На жаль, сцвярджаць такое пакуль нельга. Па стану на сярэдзіну мая было выяўлена 67 гектараў, якія не ўцягнуты ў сельскагаспадарчы абарот. У тым ліку: 10 га — у ААТ «Нурава», 10,04 — у ААТ «Сакалоўшчына», 7 — у ААТ «Прудзінкі», 8,76 га — у СП «Верхнядзвінскі».
-Аляксандр Іванавіч, чаму так?
-Нельга заўсёды вінаваціць кіраўнікоў. Іншы раз не хапае сродкаў, адпаведнай тэхнікі, людскіх рэсурсаў. Галоўнае — становішча выпраўляецца. Ужо 50% плошчаў, якія лічыліся незапатрабаванымі, уключаны ў севазварот.
Праўда, дзевяць службовых асоб давялося аштрафаваць на 75 тысяч рублёў кожнага.
-Нярэдка даводзіцца бачыць, што зарастаюць быллём участкі, выдзеленыя жыхарам раёна для вядзення падсобнай гаспадаркі…
-Змагаемся і з гэтай заганнай з’явай. Толькі ў першыя майскія дні нашы супрацоўнікі выявілі 6 парушэнняў зямельнага заканадаўства. Грамадзяне І. Белавус, І. Лаўрыновіч вымушаны выплаціць штраф у памеры 75 тысяч рублёў. А. Сардыка і А. Рэвідовіч будуць адказваць перад судом.
С. Яроменка з вёскі Геронкі прыцягнуты да адказнасці за самавольны захоп участка, А. Макараў і Г. Палавінка — за невыкананне патрабаванняў па ахове земляў.
Работа па ўцягненню плошчаў у сельскагаспадарчы абарот не спыняецца. Выканкамам усіх сельскіх Саветаў даведзены заданні па правядзенні раскарчоўкі шматгадовых насаджэнняў, хмызняковай расліннасці. Сёлета запланавана дадаткова задзейнічаць у сельскагаспадарчай вытворчасці 82 гектары земляў.
М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *