Сар’я стала цэнтрам святкавання Дня сям’і, кахання і вернасці.

Актуально Семья

Святло любвi i непазбыўны боль,
Святая памяць, дар цудоўны людзям.
На ўсе гады жыцця для нас з табой
Узорам вернасцi святой  ён будзе.

8 ліпеня адзначаецца Дзень сям’і, кахання і вернасці. 


Сар’янская сярэдняя школа сустрэла сваіх гасцей — бібліятэкараў раёна, а таксама метадыстаў, якія курыруюць працу бібліятэк вобласці — і запрасіла іх у лірычнае падарожжа ў мінулае «Каханне вечнае, зямное».
Лірычнымі вершамі аб Сар’яншчыне, прыгажосці мясцовай прыроды, любові да роднай зямлі на парозе школы гасцей сустрэлі шасцікласнікі Паліна Кудзьянава, Вольга Казеха, Дыяна Аўзін і Дар’я Аўсюк.
Кніжную выставу-прэзентацыю «Я гэты край радзімаю заву» прадставілі Арцём Урбан, Света Скрыпко і Вераніка Мацкевіч. Тут былі сабраны кнігі Ю. Татарынава, І. Мандрыка, А Шамаля, Э. Зубрыцкага, А. Бубалы, С. Панізьніка, якія кожны ў свой час пісалі аб Сар’яншчыне. Адзінаццацікласніца Вераніка Мацкевіч прапанавала сваімі вачыма ўбачыць найпрыгажэйшыя краявіды яе малой радзімы — прадэманстраваны яны былі на стэндзе. Дзяўчына правяла даследчую работу, абапіраючыся на вершы пра Сар’ю Э. Зубрыцкага, С. Панізьніка, Л. Федаравай, А. Бубалы, былых выпускнікоў школы В. Сіняўскай і К. Мацкевіч. Вынікі аформіла ў выглядзе зборніка «Чалавек без радзімы — што салавей без песні». Госці мерапрыемства атрымалі яго ў падарунак.
Ну, а потым усіх чакала сустрэча з мінулым — гісторыяй вялікага кахання Ігнація і Марыі Лапацінскіх. Любоў да жонкі гаспадара Сар’і была такой моцнай, што пасля яе заўчаснай смерці пакінуў вялікае сведчанне аб сваім каханні — будынак вытанчанай архітэктуры і незвычайнай прыгажосці. З чырвонай цэглы, з імклівымі ўзорыстымі вежамі, рознакаляровымі вітражамі, ён сімвалізаваў бязмежнасць і бяссмерце пачуцця двух закаханых.
Каханне Лапацінскіх было такім вялікім і шчырым, што вельмі нагадвае гісторыю святых Пятра і Феўроніі Мурамскіх. І менавіта таму было вырашана пры ўваходзе ў Сар’янскі храм устанавіць помнік заступнікам сямейнага шчасця, любові і вернасці.
Кожны год праваслаўныя вернікі, прыхільнікі сямейных традыцый прыязджаюць у аграгарадок Сар’я, каб пакланіцца гэтай святыні і прыняць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню сям’і, кахання і вернасці.
У выкананні Веранікі Мацкевіч прагучаў верш Л. Федарэнка «Святло кахання», а затым гасцям была прапанавана экскурсія ў Сар’янскі храм.
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *