Дажджы прыпынілі працу на льняных палетках. Церабленне «паўночнага шоўку» патрабуе сонечнага надвор’я.
Сёлета ААТ «Верхнядзвінскі льнозавод» вырошчвае даўгунец на плошчы 900 гектараў. Працуюць з такімі гатункамі, як «Элізэ», «Сюзанна», «Васілёк», «Блакіт». Выцераблена пакуль што 37 гектараў.
-Лён урадзіў нядрэнны, але яшчэ рана прагназаваць, якім пойдзе нумарам, — кажа Юрый Губанаў, вядучы аграном прадпрыемства. — Усталюецца надвор’е — будзем выбарачна працаваць там, дзе тэхніка зможа прайсці. Пакуль на трох адзінках тэхнікі заняты нашы работнікі Дзмітрый Падольскі, Аляксандр Філіпенка і Міхаіл Галавач.
Сёння ў раёне пачнуцца зажынкі. Спачатку ўдзельнікі свята наведаюць палеткі ААТ «Шайцерава», а затым гасцей сустрэне ААТ «Нурава».
Падчас мерапрыемства будзе прадэманстравана рэгуліроўка тэхнікі, а сам абрад зажынак пройдзе ў выкананні работнікаў Антонаўскага сельскага Дома культуры.
Анна ЗІМАЦКАЯ.