Верхнядзвінскія творцы паспяхова выступілі на «Славянскім базары»

Актуально Культура

Яркім усплёскам творчасці ва ўсіх яе лепшых праявах з’яўляецца свята мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Адметна, што ўдзел у гэтым галоўным фестывалі славянскіх народаў прымаюць не толькі прафесійныя артысты і мастакі, але і народныя творцы з глыбінкі. Прычым поспех у іх работ ніколькі не меншы, чым у прызнаных майстроў.

На сцэне плошчы Перамогі выступаюць «Ярыца» і «Верхнядзвінскія музыкі».

Аб гэтым сведчыла і выступленне на «Славянскім базары» мастацкіх калектываў і майстроў народнай творчасці з Верхнядзвін-шчыны. Удзел у вялікім мастацкім форуме ў Віцебску прымалі народны вакальна-харэаграфічны калектыў «Ярыца» і ансамбль народнай музыкі «Верхнядзвінскія музыкі» пад кіраўніцтвам Маі Рубель, а таксама майстры народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў раённага Дома рамёстваў на чале з Анжэлай Макеенак.
Спевакі і музыканты з «Ярыцы» і «Верхнядзвінскіх музык» выступалі на цэнтральнай плошчы Віцебска і іншых прэстыжных фестывальных пляцоўках і ўскалыхнулі публіку сваімі гарэзнымі і іскрамётнымі народнымі спевамі, наігрышамі і прыпеўкамі. Слухачы сустракалі кожны нумар авацыямі, падпявалі і танцавалі разам з артыстамі.
Многа наведвальнікаў сабралі выставачныя рады Дома рамёстваў, дзе дэманстраваліся каларытныя і прыгожыя работы народных майстроў Раісы Сардыка, Галіны Тушкінай, Наталлі Палікарпавай, іншых творцаў. Тут былі маляўнічыя валёнкі, габелены, бацік, вырабы з керамікі, берасты і саломкі, лялькі.
А майстар клуба Ганна Хайкова заняла трэцяе месца ў міжнародным конкурсе маляванак «Фарбы нябёсаў» у намінацыі бацік і ўзнагароджана памятным сувенірам.
С. АЛЯКСАНДРАВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *