У Росіцы адбыліся ўрачыстасці ў гонар Бласлаўлёных пакутнікаў

Актуально Духовность

У росіцкіх урачыстасцях прыняў удзел біскуп Алег Буткевіч.
Традыцыйныя жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар Бласлаўлёных пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры адбыліся ў Росіцы.
Гэтыя напоўненыя вялікай унутранай сілай духоўныя сустрэчы пачынаюцца, безумоўна, з пілігрымак. Больш таго, менавіта яны з’яўляюцца адметнай асаблівасцю Росіцы. Рэдкае месца ў Беларусі можа пахваліцца такой самаахвярнай адданасцю тысяч людзей. На працягу некалькіх сутак пілігрымы розных узростаў і сацыяльнага статуса мужна пераадольваюць пешшу сотні кіламетраў. Не ўсе разумеюць сэнс такой ахвярнасці: дзеля чаго цярпець пакуты доўгага шляху, спякоту і дождж, мазалі і стому? Сэнс жа пілігрымкі якраз і заключаецца ў тым, што людзі ахвяруюць свае цярпенні Богу, дачыняючыся да пакут іншых людзей і просячы аб міры, супакоі, многіх патрэбных ласках. Вернікі ўпэўнены: Бог чуе іх малітвы і выконвае просьбы. У Росіцы расказваюць аб самых неверагодных цудах аздараўлення, вяртання цвярозасці, умацавання сем’яў, якія вымалілі пілігрымы. Галоўнае ж, гэты шлях дае магчымасць на нейкі час змяніць прывычны ўклад, пакінуць яго мітусню і хцівасць і задумацца над сэнсам жыцця, яго духоўнымі каштоўнасцямі, суаднесці сваё існаванне з высновамі хрысціянскай веры. Што, як не духоўныя каштоўнасці, павінна быць компасам чалавека пры будаванні свайго жыцця? І што, як не яны, з’яўляецца падмуркам моцнага і справядлівага грамадства?!.
Сёлета ў Росіцу зноў сабраліся тысячы вернікаў: прыйшлі пешыя пілігрымкі з Друі, Полацка, Барысава — апошняя доўжылася 7 дзён; прыбылі веласіпедныя пілігрымкі з Барысава і Жодзіна; прыехалі госці з Мінска, Віцебска, Полацка, Міёр, Глыбокага, Верхнядзвінска, іншых мясцін.
Працэсія святла расцягнулася больш чым на кіламетр.

Удзел ва ўрачыстасцях прынялі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый ордэна марыянаў на Беларусі, прэлат, дэкан Полацкі Францішак Кісель, візітатар Апостальскі грэка-католікаў Сяргей Гаек, дэлегат ордэна марыянаў Польскай правінцыі Тадэвуш Бычкоўскі, іншыя духоўныя асобы, а таксама прадстаўнікі свецкай улады на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Т.В. Севалкінай.
Вітаючы гасцей, пробашч Росіцкага касцёла Святой Троіцы Чэслаў Курэчка выказаў радасць ад таго, што гэта намоленае месца штогод прымае ўсё большую колькасць людзей з розных куткоў Беларусі і замежжа. Госці прыбываюць у Храм не толькі ў дні ўспаміну Бласлаўлёных пакутнікаў, але ў любы іншы час, каб пакланіцца подзвігу росіцкіх святароў, успомніць ахвяр вайны, папрасіць аб заступніцтве і асабістых патрэбах. Для іх знаходжання ў святыні зроблена ўсё неабходнае: яна адрамантавана, упрыгожана, добраўпарадкавана навакольная тэрыторыя, тут створаны кампазіцыі, сімвалізуючыя подзвіг духу росіцкіх пакутнікаў. Святар з падтрымкай мясцовай улады і валанцёраў утрымліваюць месца высокай духоўнасці ў належным парадку і пастаянна знаходзяць новыя формы яго ўдасканалення.
Звяртаючыся да вернікаў падчас Святой Літургіі, біскуп Алег Буткевіч падкрэсліў значнасць духоўнага развіцця чалавека, якому спрыяе Росіца. На гэтым месцы ў лютым 1943 года адбыліся неверагодныя па сваёй трагічнасці і велічы падзеі, калі айцы-марыяне Антоній і Юрый добраахвотна прынялі пакутніцкую смерць, не пакінуўшы сваю паству ў час выпрабаванняў. Гэты подзвіг духу з’яўляецца невычэрпнай крыніцай роздуму над сэнсам зямнога жыцця. Святар заклікаў паразважаць над тым, аб чым маглі думаць людзі, якія сядзелі ў выстуджаным марозамі будынку касцёла і ведалі, што гэта апошнія хвіліны іх жыцця. Яны не прагнулі матэрыяльнага дабрабыту, а ўсёй душой імкнуліся да любові і міласэрнасці Бога, з якім злучалі іх святары праз сваю верную службу: хрысцілі, спавядалі, давалі шлюбы, праводзілі Імшы. Ніякія зямныя даброты не мелі сэнсу ў параўнанні з гэтай прагай Бога.
І сёння тысячы людзей імкнуцца ў Росіцу, каб знайсці на гэтым святым месцы духоўную падтрымку, умацаваць сваю чалавечую сутнасць і вызначыць, што ў жыцці найважнейшае. Падзеі сучаснага свету, які не пазбегнуў войнаў, пераследу, зласцівасці, гавораць аб тым, наколькі яшчэ блукае чалавек ў слепаце граху, сквапнасці, нянавісці. Ён часта не разумее, дзеля чаго жыве, наколькі каштоўны гэты дар жыцця і што ў ім галоўнае. Вось чаму неабходны ахвярнасць, дачыненне да пакут іншых людзей, разуменне іх патрэб, асэнсаванне духоўных каштоўнасцей — толькі так чалавецтва навучыцца жыць у згодзе і любові.
Пасля начной літургіі ўдзельнікі ўрачыстасці прайшлі ў працэсіі святла да месца пакутніц-кай смерці ахвяр вайны.
Урачыстасці доўжыліся на працягу двух дзён і ўключалі ў сябе малітвы аб умацаванні сям’і, цвярозасці, Нешпары да пакутнікаў, Святы Ружанец, духоўныя сустрэчы. Шмат наведвальнікаў было ля выставы ўдзельнікаў пленэру, які быў арганізаваны на росіцкай зямлі Верхнядзвінскай школай мастацтваў. Увазе гасцей былі прадстаўлены лепшыя работы юных мастакоў з розных раёнаў вобласці, на якіх дзеці адлюстравалі сваё бачанне святынь Беларусі. Упрыгожваннем урачыстасці стала выступленне зводнага хору Верхнядзвінскага і Росіцкага касцёлаў.
Айцец Чэслаў запрасіў усіх, хто прагне духоўнага аднаўлення, наведваць Росіцкі Храм і прасіць у Бласлаўлёных пакутнікаў — заступнікаў нашай зямлі міру і супакою для яе, духоўнай моцы і патрэбных ласкаў.
Яніна Пакульневіч.
Фота Ларысы Зайцавай.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *