У Верхнядзвінскім раёне адбыўся конкурс «Уладар сяла-2014»

Актуально Молодёжная страница "Ветразь"

Другі год запар вёска Лявонішана сустракала гасцей і ўдзельнікаў цудоўнага свята «Наша хата ўсім багата», якое праводзіцца ў рамках рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2014».

Удзельнікі конкурсу.

Сёлета пазмагацца за гэтае званне, паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах вырашылі сем’і Андрэя і Таццяны Саманцовых і Сяргея і Вікторыі Савейка з Боркавіч, Эдуарда і Раісы Курылёнак з Лявонішана, Барыса і Аляксандры Ананчанка з Прудзінак, Дзмітрыя і Веранікі Заталокіных з Асвеі і Арцёма і Вікторыі Балтрушэвіч з Бароўкі. Разам з імі, зразумела, прыехалі і іх дзеці.
Добрага настрою, сумленнай барацьбы і перамогі ўдзельнікам пажадала намеснік старшыні райвыканкама Т. В. Севалкіна.
Першае выпрабаванне «Вітаем па-беларуску» прадаставіла магчымасць канкурсантам расказаць аб усіх членах іх дружных сем’яў, традыцыях, якія «прыжыліся» у хатах, асабістых захапленнях. Усё гэта набыло выгляд песень, вершаў, прыпевак, аб’яднаных галоўнай ідэяй — няма нічога на свеце даражэйшага для чалавека, чым сям’я.
Члены журы ацэньвалі, акрамя самапрэзентацыі, відэаролік на лепшае падвор’е.
Гасцей свята частуе сям'я Ананчанка.

Конкурс-выстава сямейнай творчасці выклікаў шмат пачуццяў — удзельнікі прапанавалі разнастайныя стравы. Акрамя традыцыйных беларускіх дранікаў, хатняй каўбасы і сала, на сталах было цесна ад выпечкі, свежай і кансерваванай гародніны і шмат чаго іншага — прыгожага на выгляд і вельмі смачнага. Сем’і з сапраўднай беларускай гасціннасцю частавалі журы і гасцей, спявалі песні, прапаноўвалі латарэі. Тут жа месціліся і прыгожыя вышываныя і вязаныя вырабы, дыпломы і граматы, адным словам, усё тое, чым ганарылася тая ці іншая сям’я.
Пачаставаліся, набраліся моцы і зноў наперад — за перамогай!
У конкурсе «Па дровы» гаспадару разам з гаспадыняй прапанавалася распілаваць бярвенне на некалькі частак, затым гаспадар павінен іх пасекчы, а гаспадыня разам з дзецьмі скласці ў паленніцу. Зладжаная работа і падбадзёрванне гледачоў дапамаглі канкурсантам справіцца з задачай выдатна. Але адпачываць было некалі, чакаў наступны іспыт пад назвай «Святочны воз». У ім гаспадары на хуткасць павінны былі запрэгчы, а потым распрэгчы каня. І трэба адзначыць, жанчыны з гэтай не зусім жаночай справай справіліся вельмі добра.
Спаборнічалі сем’і і ў такіх конкурсах, як «Зжатая паласа», дзе ад гаспадынь патрабавалася ўпрыгожыць снапы, а ў гэты ж час іх другія паловы старанна і хутка вязалі бярозавыя венікі. Затым так жа актыўна і азартна перабіралі бульбу.
Стараліся ўсе, дапамагалі дзеці, перажывалі гледачы, а журы аб’ектыўна ацэньвала вынікі кожнага іспыту.
Новым у гэтым годзе стаў конкурс «Сялянскія прысмакі». Зразумела, для беларусаў такімі з’яўляюцца традыцыйныя дранікі. Ацэньвалася ўменне якасна, хутка і смачна іх прыгатаваць, а потым і прыгожа падаць на стол. Дзеянні былі строга размежаваны — жанчына чысціць пяць бульбін, а гаспадар робіць цеста. Затым на патэльні выпякаюцца пяць дра-нікаў. І вось гэты конкурс паказаў, хто з гаспадароў найчасцей з’яўляецца на кухні, каб дапамагчы жонцы. У сталовай, дзе праходзіў гэты этап, было па-сапраўднаму спякотна. І ад гарачых пліт, і ад таго старання, з якім падыйшлі да яго ўдзельнікі. І хто сказаў, што на адной кухні не месца двум гаспадыням?
І вось, нарэшце, свята падыйшло да завяршэння. Застаўся адзіны, і самы галоўны момант — вызначыць пераможцу.
Гэтая няпростая задача стаяла перад членамі журы, у склад якога ўвайшлі Т. В. Севалкіна, Н. А. Масквічова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, А. У. Зуй, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, Ч. Г. Вайцяхоўскі, старшыня Дзёрнавіцкага сельвыканкама, А. А. Жызнеўская, намеснік дырэктара СП «Лявонішана».
Арганізатарам свята і яго ўдзельні-кам словы падзякі за непаўторныя імгненні, якія яны падаравалі, выказала І. Ф. Козел, старшыня раённага Савета дэпутатаў. Яна агучыла пераможцу ў намінацыі «Уладар добрага настрою», якім стала сям’я Савейка. «Уладаром сядзібы» вызначылі сям’ю Заталокіных, а дыплом у намінацыі «Уладар зямлі» дастаўся Балтрушэвічам. Акрамя таго, Арцём і Вікторыя атрымалі асобны падарунак ад Алены Зуй, якая таксама ўзнагародзіла маленькіх удзельнікаў конкурсу салодкімі пачастункамі.
Трэцяе месца ў конкурсе прысуджана сям’і Саманцовых, на другім -Ананчанкі, ну, а галоўнай пераможцай стала сям’я Курылёнкаў. Яна і будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе конкурсу. Усе сем’і-канкурсанты атрымалі на памяць дыпломы і каштоўныя падарункі.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *