Грандыёзным святам з’яўляецца Дзень беларускага пісьменства, які штогод адзначаецца ў нашай краіне. Сёлета на працягу двух дзён гасцей прымаў старажытны Заслаўль. Адна з важнейшых задач свята — павышэнне статуса роднай мовы, прыцягненне ўвагі да праблем яе развіцця і распаўсюджвання.
«А вы размаўляеце на беларускай мове?», — гэта пытанне мы задалі жыхарам нашага раёна, адказы на якое надрукуем на старонках газеты. А пачынае тэму вядомы краязнаўца і аматар роднай мовы А. Ф. БУБАЛА.
Кропкі над «Ё»
Я ведаю некалькі моваў. Чытаў раманы і перакладаў з рускай і ўкраінскай, польскай і балгарскай, латышскай і нямецкай. Розныя мовы мне цікавыя, бо праз іх я адчуваю менталітэт іншых народаў, перада мной адчыняюцца новыя сусветы. Але ўсе яны іншыя. Родны ж — толькі той, дзе гаспадыняю — матчына мова. Яна знітоўвае мяне з тым светам, у якім я жыву. У шэпаце каласоў, у баравым гуле, у бадзёрым плёскаце маёй крынічнай Асуніцы — паўсюль чую яе, праз яе ўспрымаю ўсёй істотай глыбінны сэнс і бясконцую каштоўнасць жыцця.
Мне шкада тых, хто цураецца роднай мовы, не карыстаецца ёю, сцвярджае, што размаўляе на рускай. Але ў большасці з тых, каго я ведаю, тая руская далёкая ад дасканаласці, гэтак жа, як і адрынутая беларуская. У запасніках раённай газеты і ў маіх папках нямала вершаў, якія дасылаюць юныя і не вельмі маладыя аўтары і якія напісаны нібыта на рускай мове. Але колькі ў тых зарыфмаваных словах няправільных націскаў, канчаткаў, нерасшыфравальных наватвораў! Навідавоку неаспрэчны факт: чалавек не валодае ніякай мовай. А значыць, і сам становіцца ніякім, нічыйным, бязродным…
Зусім незразумела для мяне і падаецца няўклюдным імкненне гаспадароў вывешваць шыльды з вычварнымі назвамі сваіх крамаў, фірмаў ды буцікаў, вынайдзенымі ў невядома якіх слоўніках — усе тыя «імхотэі», «награнды» і да т.п. Нават у бяскрыўдных на першы погляд назвах падчас тоіцца нешта недарэчнае. Сціплая асвейская кавярня атрымала не па статусе імпазантную назву «Жемчужина», перад крамай «Дивная» ў Бігосаве той-сёй спытае, усміхаючыся: «А што там такога дзівоснага ў вашай краме?».
Беларуская мова — наш дарагі спадчынны брэнд. Але колькі разоў давялося трапляць у няёмкае становішча, калі экскурсанты з суседніх краін прасілі сфатаграфаваць групу на памяць на тым брэндавым, беларускім фоне! Выручае неяк толькі гарадскі цэнтр: «Аўтастанцыя», «Родны кут», «Тканіна», ды ўзімку «З новым годам!» над фасадам райвыканкама. Магла б яшчэ «Князёўна», але ў яе забыліся паставіць кропкі над «е».
…Сёлета я так і не здолеў купіць віншавальную паштоўку на роднай мове нават да Вялікадня. А мае ж адрасанты просяць, каб я дасылаў іх беларускамоўнымі — у Латвію і Ўкраіну, у Нямеччыну і Расію. І мне становіцца некамфортна: быццам я яшчэ дома, але недзе пайшла і невядома ці вернецца да сваіх дзетак матуля…