У Антонаве прайшло свята вёскі

Актуально Наш край

У Антонаве адбылося свята вёскі.
Мясцовы Дом культуры на чале з дырэктарам Наталляй Дзмітрыеўнай Юхновіч ладзіць такія святы штогод. Летась адзначалі дзень вёскі Княжыцы, а сёлета на агульную ўрачыстасць сабраліся антонаўскія жыхары.

SAMSUNG CAMERA PICTURES
Свята нездарма называлася «У маёй вёсцы мой лёс» — яно было прысвечана людзям, якія жывуць і працуюць на роднай зямлі, гадуюць тут дзяцей, стараюцца зрабіць прыгожымі сядзібы і вуліцы. Вёска славіцца сваёй гісторыяй, аб якой землякам нагадаў ветэран працы, былы старшыня мясцовай гаспадаркі Вацлаў Якаўлевіч Сяргушка. Колішні калгас імя Леніна пад яго кіраўніцтвам славіўся ў раёне, антонаўцы вырошчвалі самыя высокія ўраджаі хлеба і льну, у жывёлаводаў былі важкія паказчыкі надояў і прываг. Вёска расла, будавалася, адзін за адным адкрываліся сацыяльныя аб’екты. І сёння, нягледзячы на дэмаграфічныя праблемы, яна захавала статус цэнтральнай сядзібы сельгаспрадпрыемства і пад кіраўніцтвам дырэктара ААТ «Антонава-Агра» А. Л. Шацёра нарошчвае вытворчыя паказчыкі. А ўсё дзякуючы таму, што жывуць тут працавітыя і адданыя сваёй радзіме людзі.

SAMSUNG CAMERA PICTURES
Старшыня Валынецкага сельскага Савета Надзея Пятроўна Ліпоўская павіншавала вяскоўцаў са святам і ўзнагародзіла пераможцаў самых ганаровых намінацый. Доўгажыхаркай вёскі прызнана Марфа Іванаўна Баграцова, якая адзначыла ўжо сваё 90-годдзе. Віншаванні прымалі сямейныя юбіляры — Віктар Мікалаевіч і Алена Леанідаўна Антановічы, Аляксандр Яўгенавіч і Соф’я Пятроўна Пісарэнка, якія адзначылі «каралавае вяселле» — 35-годдзе сумеснага жыцця.
З асобай павагай ушаноўвалі на свяце лепшых гаспадароў — у вёсцы цэняць умелых і працавітых людзей. Самымі дагледжанымі і ўпарадкаванымі прызнаны сядзібы Пятра Уладзіміравіча Лаўдзера, Мікалая Мікалаевіча Жугара, Уладзіміра Уладзіміравіча Лаўдзера і Марыны Іванаўны Катовіч. А лепшым кветкаводам з’яўляецца Таццяна Генадзьеўна Наркевіч.

Да свята падведзены вынікі добраўпарадкавання сярод устаноў і арганізацый. Лепшым прызнаны Антонаўскі дзіцячы сад-пачатковая школа, кіруе якой Вольга Валер’еўна Дуброўская.
Цёпла віталі аднавяскоўцы самую маленькую жыхарку вёскі Еву Баяркіну.
Агульная ўрачыстасць — добрая падстава паказаць сваё майстэрства ў розных справах. Былі падрыхтаваны выставы народнай творчасці і кветкавых кампазіцый «Каляровая карусель». А яшчэ — незвычайны святочны пачастунак з бутэрбродаў пад назвай «Кулінарны шэдэўр». У выставах вызначыліся Наталля Клім, Соф’я Пісарэнка і калектыў Антонаўскага дзіцячага сада-школы.
Вясковае свята працягвалася цудоўным канцэртам, які падрыхтавалі ансамбль народнай песні «Раніца» Наваполацкага цэнтра рамёстваў, вакальная група «Вяснянка» Антонаўскага СДК і салісты Наталля Юхновіч, Святлана Далецкая і Алеся Літвінава.
Дапазна гучала над вёскай музыка, а закончылася свята папулярнай дыскатэкай у стылі 80-х гадоў.
Жыхары вёскі сардэчна дзякавалі сельскаму Савету, культработнікам, мясцовай гаспадарцы, усім, хто арганізаваў і правёў гэта запамінальнае і яркае мерапрыемства.
С. АЛЯКСАНДРАВА.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *