У пятніцу ў аграгарадку Сар’я адбылася традыцыйная жнівеньская канферэнцыя настаўнікаў раёна.
Напярэдадні новага навучальнага года работнікі сферы адукацыі абмеркавалі гатоўнасць школ і садкоў да прыёму дзяцей, задачы па арганізацыі якаснага вучэбнага працэсу, падзяліліся вопытам работы, павіншавалі маладых спецыялістаў, якія прыступаюць да педагагічнай працы ў нашым раёне.
Адметнай асаблівасцю канферэнцыі стаў удзел у ёй дэлегацыі работнікаў адукацыі з Дагдскага краю Латвійскай рэспублікі на чале з начальнікам аддзела адукацыі, культуры і спорту Марыяй Міцкевіча. Супрацоўніцтва паміж настаўніцтвам Верхнядзвінскага раёна і Дагдскага краю замацавана дагаворам і працягваецца з 2011 года. Сябры наведваюцца адзін да аднаго з рабочымі паездкамі і ў святы, вывучаюць новыя метады і формы работы, дзеляцца вопытам, аглядаюць установы адукацыі, праводзяць сумесныя семінары.
На гэты раз разам з Марыяй Міцкевіча ў госці прыехалі спецыялісты адукацыі і кіраўнікі некаторых школ Дагдскага краю. Яны з інтарэсам паўдзельнічалі ў рабоце канферэнцыі і наведалі ўстановы адукацыі раёна.
Выступаючы перад беларускімі калегамі, Марыя Міцкевіча падкрэсліла ролю настаўніка ў вучэбна-выхаваўчым працэсе і параўнала яго з дырыжорам, які кіруе сваім «аркестрам», бачыць здольнасці кожнага выканаўцы і стварае зладжаную музыку. Яна адзначыла, што ніякія сучасныя тэхналогіі і самыя дасканалыя метады навучання не будуць дзейснымі, калі не пройдуць праз сэрца настаўніка. Толькі гэта душэўная сувязь настаўніка з вучнем гарантуе поспех ў навучанні. Сапраўдны педагог працуе не за матэрыяльныя ўзнагароды, а з любові да сваёй справы і да дзяцей. «Такіх настаўнікаў, — падкрэсліла латвійскі педагог, — мы бачым у Верхнядзвінскім раёне». Яна расказала аб незабыўных уражаннях ад наведвання ўстаноў адукацыі раёна, дзе латышы ўбачылі надзейную базу для навучання, высокі ўзровень арганізацыі вучэбнага працэсу і адпачынку вучняў, выдатныя ўмовы для вучобы і працы настаўнікаў. Адзначыла і адмысловы парадак у райцэнтры і сельскіх населеных пунктах, дзе пабывалі.
Госці падзякавалі старшыні райвыканкама І. І. Марковічу, старшыні райсавета дэпутатаў І. Ф. Козел, начальніку раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Н. У. Варановіч за супрацоўніцтва і ўручылі калегам сувеніры.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел адзначыла, што цесныя сувязі, якія ўсталяваны паміж памежнымі тэрыторыямі Беларусі і Латвіі як у адукацыі, так і іншых сферах, даюць прыкметны плён і будуць працягвацца.
(Справаздача аб рабоце канферэнцыі будзе надрукавана).
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.