Верхнядзвінцы на «Дажынках» у Гарадку

Актуально Общество

Вялікае і прыгожае свята «Дажынкі-2014» адбылося ў мінулыя выхадныя ў Гарадку. Пачэснае месца сярод лепшых аграрыяў вобласці занялі прадстаўнікі Верхнядзвінскага раёна.

IMG_9804
Працаўнікі самага паўночнага рэгіёна, нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы, з году ў год уваходзяць у лік лідараў уборачных работ. Наш раён на працягу дзесяці гадоў перамагаў у розных намінацыях на рэспубліканскіх «Дажынках». Сёлета, калі Фестываль-кірмаш праходзіў у абласным фармаце, пераможцамі сталі нашы хлебаробы В.Д.Дадзека з «Антонава-Агра», А.А.Барсток і Д.М.Панкрат з «Прудзінак, Р.Ю.Рудак з «Шайцерава». Высокіх вынікаў на жніве дасягнулі асобныя гаспадаркі і раён у цэлым, намалочана звыш 86 тысяч тон збожжа пры ўраджайнасці 35 цэнтнераў з гектара.
У склад афіцыйнай дэлегацыі, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама І.І.Марковіч, уваходзілі кіруючыя работнікі і пераможцы спаборніцтва на жніве. Прадстаўнікі Верхнядзвіншчыны прайшлі ў яркай маляўнічай калоне па вуліцах Гарадка да цэнтральнай плошчы.
Удзельнікаў свята вітаў старшыня аблвыканкама А.М.Косінец, які адзначыў, што напружаная і карпатлівая праца жыхароў вобласці дазволіла атрымаць дастойны ўраджай зерневых культур. Развіццё аграпрамысловага комплексу набыло паступальны і дынамічны характар, забяспечаны ўстойлівыя тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У вобласці сфарміравана аптымальная структура пасяўных плошчаў, якая дазваляе штогод атрымліваць больш мільёна тон збожжа, забяспечваць пагалоўе фуражом і травянымі кармамі. Дзякуючы праграме «Чыстыя палі» у севазварот уключана звыш 210 тысяч гектараў сельскагаспадарчых зямель. Сёлета сабраны лепшы за гісторыю вобласці ўраджай у 1 млн 302 тысячы тон.
Задачы на перспектыву — павелічэнне экспарту сельгаспрадукцыі, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, стварэнне нізказатратных біятэхналагічных комплексаў з закрытым цыклам вытворчасці.
А.М.Косінец адзначыў, што галоўнае багацце краю — людзі, якія ствараюць агульны дабрабыт. Кіраўнік вобласці ўручыў узнагароды перадавікам сельгасвытворчасці.
Свята запоўніла вуліцы горада бурлівым патокам гасцей і відовішчаў. У праграму ўваходзілі шматлікія канцэрты і выставы, дэманстрацыйныя пляцоўкі і кірмашы, багатыя падвор’і і гандлёвыя рады, разнастайныя спаборніцтвы і забавы. У тэатралізаваным свяце брэндаў раёнаў і гарадоў Віцебшчыны наш раён прыгожа і арыгінальна прадстаўляў тэму «Малочныя рэкі». І гэта нездарма — верхнядзвінскія жывёлаводы стабільна лідзіруюць у вобласці па вытворчасці малака, а прадукцыя масласырзавода карыстаецца высокім попытам на ўнутраным рынку і за мяжой. Прадстаўнікі нашых прадпрыемстваў паказалі на свяце сваю прадукцыю, райпо насыціла таварам гандлёвы падворак, майстры прадставілі вырабы народных промыслаў, а верхнядзвінскія артысты парадавалі музыкай і спевамі.
Паспяхова выступіла на рэспубліканскіх спаборніцтвах «Уладар сяла-2014», прыўрочаных да «Дажынак», сям’я Курылёнкаў з Верхнядзвінскага раёна. Нашы канкурсанты, якія прадстаўлялі Віцебскую вобласць, занялі трэцяе месца сярод шасці ўдзельнікаў конкурсу.
Госці «Дажынак» пабывалі на новых аб’ектах, адкрытых да гэтага свята ў раённым цэнтры. Усіх уразілі аздараўленчы комплекс, будынкі аўтастанцыі і РАНС, культурна-асветніцкі цэнтр, абноўленыя вуліцы і памятныя мясціны.
«Дажынкі» пакінулі непаўторныя ўражанні і пачуццё гонару за наш працавіты і творчы Прыдзвінскі край.
С.Аляксандрава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *