Вераснёўскімі пагодлівымі дзянькамі наша тройка з народнага клуба «Белыя вароны» ажыццявіла даўнюю задумку — здзейсніла падарожжа на веласіпедах па знакамітых мясцінах заходняй Віцебшчыны.
Маршрут працягласцю больш за 400 кіламетраў пралёг праз Міёрскі, Браслаўскі, Пастаўскі, Глыбоцкі і Шаркаўшчынскі раёны. Непаўторнай прыгажосці краявіды нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры», велічныя храмы і славутыя музеі краю, дарагія сэрцу сустрэчы з выдатнымі землякамі, прыемныя стасункі з зычлівымі людзьмі — усё гэта засталося ў памяці, а таксама было зафіксавана на фотакамеры ды ў паходным дзённіку Пятра Пятровіча Квяцінскага.
Не абышлося без выпрабаванняў і сюрпрызаў. Дарога паміж Іказню і Слабодкай з рэшткамі былой брукаванкі ўзбіралася на такія высачэзныя перавалы, што адолеў іх, круцячы педалі, толькі Саша Таўцін на сваім новым сяміхуткасным ровары. Гранічнай фізічнай напругі патрабавалі таксама 20-кіламетровыя адрэзкі сыпучых гравіек паміж Дунілавічамі і Ласіцай, Забор’ем і Лужкамі. На асфальтавых шашэйках пад’ёмы чаргаваліся з прыемнымі спускамі, на адным такім стромкім віражы ля Наўгародаў спідометр новага ровара паказаў рэкордную хуткасць — 60 кіламетраў у гадзіну! І толькі бясконцая роўнядзь Дзісенскай нізіны прапанавала ідэальна гладкі шлях.
Як гэта часта бывае ў турыстаў, прыемная расслабленасць зранку абарочвалася ўвечары спазненнем на запланаваныя начлегі. Ужо на трэці дзень падарожжа шукаць прывал на беразе возера Царкавішча давялося пры месяцавым святле, а на чацверты мы мусілі спыніцца на адным з апошніх узгоркаў Пастаўшчыны над непрыступнай азярынай, бо наперадзе чакала бязлесная Глыбоччына.
Тамтэйшыя мясціны адрозніваюцца ад Верхнядзвіншчыны па шмат якіх прыкметах. Густа заселеныя, з вялікімі вёскамі і мястэчкамі, па-гаспадарску дагледжаныя, яны бядней за наш кут на лясы і рэкі. Акрамя Мнюты, усе астатнія рэчкі можна было заўважыць хіба па шыльдах з іх назвамі. Дарэчы, шыльды, назвы крамаў, шматлікія банэры і стэнды амаль паўсюдна напісаны па-беларуску.
Затое якія храмы ўпрыгожваюць гэты край! У Чэрасах і Ласіцы, Асінагарадку і Кублішчыне, у Дунілавічах і Слабодцы, Мёрах, Лужках і Германавічах, Варапаеве і Браславе, Пераброддзі, Мосары і Глыбокім, па адным і парамі яны увенчваюць сельскія і гарадскія краявіды, лагодзяць душу, ствараючы святочны настрой усяе прасторы. Старадаўнія капліцы на могілках у Казлоўшчыне, Ахрэмаўцах і ў іншых месцах клічуць узняцца думкамі да Нябёсаў, не прыніжаюць да магіл у скрусе.
На маршруце было нямала экзатычных, брэндавых адзнак. Зараз наша тройца можа пахваліцца, што ажыццявіла мару рамантычных натур: мы пабывалі ў Парыжы! Вёска Парыж на Пастаўшчыне не толькі вярнула сваю гістарычную назву, але нават займела сваю «Эйфелеву вежу».
Варапаева ўпрыгожвае дагледжаны стары парк. Глыбокае, адзначыўшы сваё шасцісотгоддзе, ззяе святочным дыяментам. Мёры таксама справілі юбілей, паўтысячагадовы. Тут нас прыемна здзівіла глыбокая адданасць мясцовага люду касцёлу. Ужо зранку ладзяцца два маленні, і на абодва з іх з’язджаюцца на аўто і веласіпедах, прыходзяць пешшу сотні вернікаў. Мы адстаялі адну службу ў поўным храме, дзе зладжаныя спевы дапасавалі багатаму, вытанчанаму інтэр’еру.
Засталіся ў памяці таксама непаўторная гармонія касцёлаў у Слабодцы і Мосары. Мосар дасюль высока трымае марку «беларускага Версалю». На цвінтары касцёла ў кветках патанае магіла славутага пераўтваральніка не толькі мясціны, але і душ людскіх — ксяндза Юозаса Булькі. Падарожнікам варта ўлічыць, што ў гэтай вёсцы захоўваецца заведзеная ім традыцыя — у мясцовай краме вы не купіце ніякага напою з градусам.
Антон Бубала.
(Заканчэнне будзе).