Людзі тут умеюць не толькі добра працаваць, але і весела адпачываць.
ААТ «Нурава», Нураўская пачатковая школа-сад, паштовае аддзяленне сувязі, Луначарскі дом-інтэрнат і мясцовы сельвыканкам арганізавалі свае выставы-прэзентацыі, на якія прадставілі гледачам і журы самадзейныя вырабы, выпечку, кампазіцыі з кветак. Прадстаўнікі ўстаноў- удзельнікаў спявалі песні, чыталі вершы, гралі на музычных інструментах.
Святочны канцэрт, якім «кіравалі» вядучыя — участковы інспектар РАУС Аляксей Валовіч і спецыяліст Боркавіцкага сельвыканкама Вольга Ластаўка — распачаўся з аповеду аб узнікненні і гісторыі вёскі Нурава. Аб гэтым прысутным расказала мясцовы краязнаўца Г. Л. Ляснічая.
На свяце з усёй урачыстасцю шанавалі юбіляраў розных узростаў, сярод якіх былі і тыя, хто ў гэтым годзе пайшоў на заслужаны адпачынак — А. У. Ганчарову, Г. В. Лісоўскую, Н. У. Шмялёву, М. П. Кавалёнак. Кожны з іх атрымаў у якасці падарунка цудоўную песню.
Не абыйшлі ўвагай і маладыя сямейныя пары, якія сёлета заключылі шлюб — Дзмітрыя і Любоў Мядзелец, Андрэя і Вікторыю Томас, Антона і Жанну Тунік. У апошніх, дарэчы, месяц назад нарадзілася дачушка Даша, самая маленькая жыхарка Нурава. А самымі сталымі з’яўляюцца Уладзімір і Ніна Аўсеенка.
Віншаванні прымалі і шматдзетныя сем’і Таццяны Мяцеліца (3 дзяцей), Ігара і Святланы Красоўскіх (4 дзяцей), па трое дзетак выхоўваюць Любоў і Дзмітрый Мядзелец і Наталля Петухова.
Лепшымі малаказдатчыкамі прызнана сям’я Аўсеенкаў, а сям’я Собаль была адзначана за тое, што на іх падворку, акрамя трусоў і пчол, утрымліваюцца страусы. Муж і жонка знаходзяць час, каб акрамя асноўнай работы імі займацца.
На свяце прымалі падарункі і віншаванні гаспадары, чые сядзібы прызнаны лепшымі па добраўпарадкаванні — гэта сем’і Бурбіль, Размысловічаў і Чыгак.
У аграгарадку Нурава шэсць вуліц. Самай добраўпарадканай прызнана Палявая, дзе не толькі на падворках, але і за іх межамі пануюць чысціня і парадак. Усе жыхары гэтай вуліцы атрымалі сувеніры.
Некалькі гадзін, пакуль доўжылася свята, паўсюдна панавалі добры настрой, гучалі музыка і песні. Дэбютным выступленнем парадавала рок-група пад кіраўніцтвам дэпутата Боркавіцкага сельскага Савета Сяргея Ясюкевіча. А з музычным афармленнем усяго мерапрыемства паспяхова справіўся Боркавіцкі сельскі Дом культуры пад кіраўніцтвам Наталлі Зайцавай.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел, падводзячы вынікі святочнага мерапрыемства, уручыла салодкія падарункі арганізацыям, якія прадстаўлялі свае сталы-выставы. Спонсарам урачыстасці выступілі ААТ «Нурава» і Луначарскі дом-інтэрнат.
Свята ахапіла кожнага жыхара аграгарадка і шматлікіх яго гасцей. Усе жадаючыя змаглі паўдзельнічаць у разнастайных гульнях, бяспройгрышнай латарэі, пачаставацца прысмакамі райпо. Для дзяцей быў устаноўлены батут.
Адгучала, адзвінела свята, пакінуўшы пасля сябе светлыя, незабыўныя пачуцці ва ўсіх удзельнікаў. Людзям былі важныя не падарункі, а ўвага, і яны дзякавалі ад душы за падораны добры настрой.
Анна ЗІМАЦКАЯ.