На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта ішла размова аб вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і гатоўнасці да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы.
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу У. У. Быкаў у сваім выступленні адзначыў, што па выніках работы за восем месяцаў у галіне жывёлагадоўлі атрымана прадукцыі ў супастаўных цэнах на 219088,4 млн рублёў, што складае палавіну агульнай вытворчасці. За студзень-жнівень на карову надоена ў сярэднім 3551 кг малака — мінус 127 кілаграмаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Знізілі выторчасць ААТ «Баліны», «Нурава», «Прудзінкі», СП «Боркавічы», «Асвейскі», «Каханавічы», «Лявонішана». Ніжэй раённага паказчыка надоі ў сельгаспрадпрыемствах «Боркавічы» і «Асвейскі».
У вытворчасць укладзены вялікія сродкі, але з-за элементарнай безгаспадарчасці, антысанітарыі страты вялікія — 9,3 млн рублёў. Да прыкладу, ААТ «Баліны» рэалізавала малака сортам «Экстра» толькі 9,5%, «Антонава-Агра» — 7,8%, СП «Асвейскі» — 13,2%. У той жа час СП «Лявонішана» — 96,9 %, СП «Дрысенскі» — 68,5%, ААТ «Шайцерава» — 68,2%.
Насцярожвае сітуацыя з расходваннем малака на выпайку цялят. Па раёну яна складае 387 кг пры норме 380, а ў ААТ «Нурава» — 624 кг, «Прудзінкі» — 577 кг, СП «Боркавічы» — 477 кг.
Сярэднесутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы, паведаміў дакладчык, склалі 557 грамаў, што на 40 грамаў менш леташняга. Прычыны — незбалансаванасць рацыёнаў кармлення, перабоі скормлівання спецкамбікармоў, незахаванне схем вакцынацыі, нізкая якасць грубых кармоў. Усё разам узятае прывяло да невытворчага выбыцця буйной рагатай жывёлы (667 галоў толькі за восем месяцаў).
Увод нецеляў склаў 25% да наяўнасці кароў. Па розных неабгрунтаваных прычынах з асноўнага статка выбыла 2762 галавы жывёлы.
На пасяджэнні адзначана, што кантроль і запыт за даручаны ўчастак работы на месцах недастатковы. Адчуваецца і дэфіцыт кваліфікаваных спецыялістаў: з 14 галоўных заатэхнікаў пяць не маюць спецыяльнай адукацыі, у двух гаспадарках гэта пасада застаецца вакантнай.
Вострай праблемай з’яўляецца недахоп аператараў машыннага даення, у многіх сельгаспрадпрыемствах даяркамі працуюць выпадковыя людзі, што асабліва выразна праяўляецца пасля выдачы заробку.
Раённы выканаўчы камітэт прызнаў нездавальняючай работу па валавой вытворчасці малака ААТ «Баліны», «Нурава», «Прудзінкі», КУВСГП «Боркавічы», «Асвейскі», «Каханавічы», «Лявонішана»;
па атрыманні сярэднесутачных прываг БРЖ — ПВУП «Вужыца-Агра», ААТ «Сакалоўшчына», «Антонава-Агра», СП «Асвейскі».
Адзначана недастатковая работа па рацыянальнаму выкарыстанню малака пры выпайцы маладняку буйной рагатай жывёлы ў ААТ «Нурава», «Прудзінкі», «Сакалоўшчына», СП «Боркавічы».
Прынятае райвыканкамам рашэнне абавязвае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў штомесяц разглядаць на пасяджэннях калегій, назіральных саветаў, дырэкцый выкананне мерапрыемстваў па павелічэнні валавых надояў і прываг буйной рагатай жывёлы да 110%. Таварнасць малака павінна скласці 92%, продаж сортам «Экстра» — 85%.
Да 1 лістапада трэба завяршыць рамонт, будаўніцтва пастаўнікоў, агароджы тэрыторый ферм.
ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» неабходна забяспечыць закуп пад поўную патрэбу спецкамбікармоў, бялковай сыравіны для сельгаспрадрыемстваў, якія маюць даільныя залы (ААТ «Прудзінкі», «Сакалоўшчына», «Нурава», СП «Лявонішана», «Дрысенскі»). А таксама стопрацэнтна аплачваць тэхабслугоўванне малакапровадаў, халадзільнага абсталявання, праводзіць разлікі за аказанне паслуг службай райаграсервісу, незалежна ад крэдыторскай запазычанасці сельгаспрадрыемстваў.
Перад сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі пастаўлены наступныя задачы:
прадоўжыць работу па раздоі першацёлак кантрольных груп і забяспечыць навацельных кароў паўнацэнным якасным рацыёнам на працягу 100 дзён пасля расцёлу;
сумесна з РУП «Віцебскае племпрадпрыемства філіял «Вернядзвінская племстанцыя» наладзіць строгі кантроль за арганізацыяй масавых прагулак кароў на кожнай МТФ, асемяненнем цёлак і своечасовым апрыходваннем маладняку БРЖ;
штомесячна праводзіць Дні жывёлаводаў з аб’ездам усіх ферм, падвядзеннем вынікаў, пастаноўкай задач і вучобай кадраў. Кожны тыдзень праводзіць санітарныя дні на жывёлагадоўчых аб’ектах;
сумесна з райплемстанцыяй прыняць меры па зніжэнні захворваемасці маладняку буйной рагатай жывёлы, своечасоваму лячэнню гінекалагічна хворых жывёлін, мастыту;
давесці расход кармавых адзінак на літр малака да 1 к. адз., на кілаграм прывагі — да 9 к. адз.
Катэгарычна забараняецца рэалізацыя жывёлы камерцыйным структурам пад выглядам продажу насельніцтву. Рэалізацыя на мясакамбінаты вобласці павінна быць не ніжэй 90%.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня райвыканкама І. І. Марковіч падкрэсліў, што жывёлагадоўля — аснова не толькі сельгасвытворчасці, але ўсёй эканомікі раёна, таму трэба прыкласці максімум намаганняў, каб забяспечыць эфектыўную дзейнасць галіны і дасягнуць запланаваных вынікаў.