У РДК адбылося традыцыйнае раённае свята народнай творчасці «Галасы вякоў». Аб ім расказвае метадыст па этнаграфіі і фальклору РМЦК народнай творчасці Майя РУБЕЛЬ.
Гэта свята з’яднала ўсіх, хто любіць і шануе народныя традыцыі: мясцовыя песні, танцы, абрады, казкі, легенды, — усё тое, чым багатая наша верхнядзвінская зямля.
Адкрыла свята выстава майстроў народнай творчасці «Скарбонка даўніны». У ёй прынялі ўдзел народныя майстры раёна, Верхнядзвінскага Дома рамёстваў, а таксама госці свята з Міёршчыны.
Майстры з Міёрскага народнага клуба «Святліца» прадставілі вырабы з керамікі і ласкутнага шыцця, лялькі з тэкстылю. Творцы з Верхнядзвінска ў чарговы раз уразілі багатай выставай, дзе былі прадстаўлены вырабы з саломкі і майстар-клас ад Тамары Дзямешка. Вялікая колькасць гледачоў спынялася каля майстра Алёны Дзямешка, якая паказала змястоўны і цікавы майстар-клас па вырабу выцінанкі. У чарговы раз здзівіў гледача майстар-клас па ручному ткацтву ад Таццяны Цыра.
Народныя майстры нашага раёна прадставілі багатую выставу лялек-абярэгаў. Асаблівай цікавасцю карыстаўся майстар-клас па вырабу лялек-абярэгаў ад Надзеі Захарыч з в. Антонава. Яна вельмі падрабязна расказала пра гісторыю лялькі-абярэга і дэталёва паказала тэхніку яе вырабу. Дарэчы, Надзея Захарыч сустракала гледачоў ва ўборы, які вышывала і насіла яе прабабуля. Лялькі-абярэгі сенькаўскага гуртка «Народная майстэрня» дапоўнілі выставу. Актыўныя ўдзельнікі культурных мерапрыемстваў — майстры аддзялення дзённага знаходжання дзяцей інвалідаў і маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Іх вырабы заўсёды ўражваюць сваёй прыгажосцю. Яны падрыхтавалі экспанаты з керамікі, саломкі і натуральных матэрыялаў.
Выставу народнай творчасці гарманічна дапоўніла «Этнаграфічная кампазіцыя» з кароткім экскурсам у мінуўшчыну, якую прадставілі супрацоўнікі рабочай групы па стварэнні раённанга музея. Невялікі экскурс ад Вікторыі Мялешка быў аздоблены рэдкімі экспанатамі. Экспазіцыя «Скарбонка даўніны» пакінула добрыя ўражанні і стварыла сапраўдную святочную атмасферу.
Пасля выставы гледачы адправіліся ў канцэртную залу, дзе іх чакала канцэртная праграма «Вянок творчасці» з удзелам калектываў мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры раёна, а таксама выступленне гасцей свята — народнага фальклорнага калектыву «Крыніца» Янкавіцкага СДК Расонскага раёна. Канцэртная праграма ўвабрала ў сябе лепшыя мясцовыя традыцыі. Тут можна было пабачыць народныя святы і абрады, такія як Саракі (Бігосаўскі СДК), Дажынкі (Сенькаўскі СДК), Засеўкі (Сар’янскі СДК). Нашы гледачы паслухалі сівыя легенды і паданні, немудрагелістыя казкі, дзе многа жыццёвай мудрасці і дабрыні.
Меладычнай нітачкай песня сплятае ў адзін узор цікавыя жыццёвыя сюжэты, кранае сэрца і напаўняе душу радасцю. Вялікі дзякуй за добрыя песні народнаму вакальнаму гурту «Дзвінскія напевы» Бігосаўскага СДК, народнаму вакальнаму гурту «Ярыца»РДК, народнаму фальклорнаму гурту «Сенькавіца»Сенькаўскага клуба-бібліятэкі, вакальнаму гурту «Натхненне» Запруддзеўскага СДК, вакальнаму гурту «Спадчына» Валынецкага СДК, салістцы Антонаўскага СДК Аліне Якунінай, вакальнаму гурту «Натхненне» Боркавіцкага СДК.
Кранаючым момантам канцэртнай праграмы было выступленне людзей, якія захоўваюць бясцэнны скарб, сплецены з народных мясцовых традыцый — паважаных носьбітаў фальклору. Шквал апладысментаў атрымалі прыпеўкі «Падружак-весялушак» Зінаіды Іванаўны Малько і Тамары Дзмітрыеўны Бяляй з Боркавіч. Гледачы шчыра віталі Франю Сяргееўну Русак з в. Канчаны і яе шчымлівую мелодыю, а ўсім вядомая Ніна Кулагіна з в. Валынцы праспявала жартоўную песню. Цікавым момантам канцэртнай праграмы стала выстава-прэзентацыя «Карункавыя пераплёты» народнага майстра Лідзіі Пятроўны Прашкевіч. Прыгожыя вырабы майстра «ажылі» у руках народнага харэаграфічнага гурта «Ярыца» РДК. Гэты момант вельмі ўразіў гледачоў.
Канцэртная пляцоўка сабрала ўсіх, хто любіць пабытовы танец. Кракавяк і падыспань кружылі ў суправаджэнні ансамбля лыжкароў народнага клуба «Ветэран» і народнага калектыву народнай музыкі «Верхнядзвінскія музыкі»РДК. Танцоры-удзельнікі мастацкай самадзейнасці з лёгкасцю віхурылі ў рытме танца, а гледачы акампаніравалі апладысментамі, якія потым доўга не сціхалі.
У фінале свята ўсіх удзельнікаў з’яднаў спеўны сход. Дзяўчаты з вакальнага гурта «Ярыца»РДК і ўдзельнікі свята ўплялі ў «Вянок творчасці» стужкі з песень, танцаў, жыццёвай мудрасці, якім суджана жыць вечна! А значыць, будзе жыць матчына слова, родная песня, дарагая нам спадчына, будуць жыць «Галасы вякоў»!