На крыжовых шляхах

Наш край

Замашанскі касцёл.
Знаёмства з гісторыяй Замашанскага касцёла пачнем з нарыса кс. Я.Жыскара (пераклад з польскай А.Бубалы). Гэты нарыс каштоўны тым, што аповед у ім выходзіць далёка за рамкі рэлігійнай тэматыкі, і чытач мае магчымасць пазнаёміцца з гістарычнымі і побытавымі акалічнасцямі жыцця нашых землякоў стагоддзем таму.

Камяні памятаюць.
Камяні памятаюць.

«Над ракой Сар’янкай гожа ляжыць Замошша, колішняе валоданне Гільзэнаў, а зараз Шадурскіх. Маляўнічая мясцовасць на адвершку ўзвышша, якое пачынаецца пад мястэчкам Прэйлі. Касцёл дамінуе над наваколлем. Тут навокал азёры ды балота, за якім праглядаюцца ў смузе вежы касцёла асвейскага.
Парафія налічвае 4120 вернікаў, разлеглася на 10 вёрст. Характар Замашанскай парафіі іншы, чымся ў суседніх. Тут, на мяжы з польскімі Інфлянтамі, дзе люд здавён каталіцкі, таксама пераважаюць католікі, а іншых вернікаў вельмі малая частка.
Парафія складаецца ў большасці з сялян, адзіны двор памешчыцкі — Сурынаў. Люд беларускі, вельмі мала шляхты. Не страчаецца таксама значнай колькасці латышоў, хаця ў суседняй парафіі яны складаюць галоўную частку насельніцтва.
Дзіўную з’яву можна тут спаткаць на мяжы з Латвіяй. Хаця латыш з пункту гледжання матэрыяльнага і культурнага стаіць вышэй за беларуса, навідавоку аднак перавага беларусаў. Латыш мае і сваю літаратуру, і казанні на роднай мове, і сваіх ксяндзоў, якія прамаўляюць па-латышску, а ў беднага беларуса гэтага бракуе, тым не менш беларус мае перавагу, і штораз яго мова і колькасць люду клінам уразаюцца праз мяжу Белай Русі ў Латвію. Чым гэта можна вытлумачыць? Можа тым, што хаця ўласная культура беларуса не вялікая, мае ён за сабою ў пэўнай ступені культуру гістарычную — у малых памерах, але здольную надаць яму пэўную вагу; культура ж латыша — толькі культура роду, не ўгрунтаваная на падставах гістарычных».

«Не дзіва, што не валодаючы ні польскай мовай, ні культурай і тым часам не маючы ўласнай маладой культуры, латыш паддаецца ўплыву беларусаў. Гэта вынік тых стасункаў, якія склаліся аб’ектыўна. Такое назіраецца паўсюль, дзе судакранаюцца дзве народнасці, і смешна выглядаюць бессэнсоўныя пошукі вінаватых у паланізацыі капланаў ды дэмакратыі. Тут не знойдзеш вінаватых, бо наўкол ксяндзы — латышы ды літоўцы, польскіх паноў няма; вінаватым ёсць адно толькі жыццё ды створаныя ім умовы.
Гэта пацвярджае і звычайны тут працэс. Беларускія дзяўчаты ладнейшыя і выглядаюць лепш. Латышы ахвотна жэняцца з імі, а тады ў хату ўваходзіць і беларуская мова, латышская ж знікае. Тое самае можна сказаць і пра хлопцаЎ: лепей апрануты, беларус мае пэўны шык, пэўную перавагу над латышом, на яго з большаю ахвотай пазіраюць латышскія дзяўчаты.
Нягледзячы на тое, што глеба ў Замошшы лепшая, чым недзе, земляробства тут стаіць вельмі нізка. Пераважна сеюць лён. Вельмі развіта адыходніцтва на заробкі. Мясцовая воласць выдае штогод больш за 400 пашпартоў. Цэлыя кавалкі зямлі ляжаць часта адлогам. Шмат работнікаў ідзе на лета на заробкі ў Петраград і Варшаву, нават да Ўладзівастоку. Штогод прыязджаюць агенты і вярбуюць шмат дзяўчат на агароды пад Варшавай; кожная з іх па сканчэнні сезона прывозіць 50 — 60 рублёў. Можа, удалося б столькі і на месцы зарабіць, але тут дзяўчаты нібы саромеюцца ісці ў батрачкі. Частка сялян займаецца сплавам лесу, але толькі па Сар’янцы; у шлях Дзвіной да Рыгі мала хто пускаецца.
Варта прызнаць, што нягледзячы на адыходніцтва, якое звычайна прыносіць непажаданыя плады ў сэнсе маральнасці, тутэйшы люд веруючы і несапсаваны, добра захоўвае народныя і каталіцкія традыцыі. Люд вельмі кансерватыўны, што, можа, пераняў ад латышоў. Ён не верыць ні ў якія абяцаныя яму дабрадзействы. Так напрыклад шмат высілкаў прыклала земства, каб пераканаць вяскоўцаў у патрэбе ўсталявання фельчарскага пастарунка; нялёгка было таксама стварыць таварыства дробнага крэдыту, а вось на ўсталяванні паштовай станцыі вяскоўцы настойвалі самі.
Арыгінальнае іх стаўленне да беларускай мовы: ужываюць яе дома, але за пэўны шык лічаць пры выпадку карыстацца польскай. Яны баяцца ўжывання беларускай мовы ў касцёле, хаця яна і больш зразумелая, чым мова польская. У гэтым яны адчуваюць пэўную небяспеку. Быў час, калі пэўныя спробы ў гэтай справе рабіў пробашч замашанскі ксёндз Багдановіч — навучыў ён люд прамаўляць пацеры па-беларуску, але і сам хутка змяніў свой намер, і людзі таго не хацелі.
Ад пачатку Замошша мелася быць філіяй Асвейскага манастыра ксяндзоў-дамініканаў, сасланых туды за выступы супраць законных правіл. Пазней касцёл стаў парафіяльным. Метрычныя кнігі замашанскага касцёла пачынаюцца з 1801 г.».

«У 1863 — 64 гг. пробашчам быў ксёндз Ліпко, якога саслалі з Замошша за вусную агітацыю. Пазней былі: кс. Кулеша, кс. Пальчэўскі, які тут і памёр, і кс. Багдановіч, якога парафіяне вельмі любілі і які клапаціўся аб касцёле. Цэлымі гадзінамі ён сядзеў сярод людзей у касцельных лаўках, спяваючы з імі святыя песні ды адмаўляючы ружанец. Ён шмат займаўся навучаннем людзей у веры, і плён яго працы адчуваецца дасюль — менавіта ў Замашанскай парафіі вернікі найлепш ведаюць сваю веру.
Пасля яго тут святарылі кс. Монтвіла, кс. Зарака-Заракоўскі, а апошнія 12 год — кс. Павел Меджыс. Дзейнасць гэтага пробашча, паходжаннем ліцвіна, але шчыра закаханага ў люд тутэйшы, прыносіць надзвычай дабратворны плён. На кожным кроку відаць старанне добрага гаспадара. І ладны ўтрыманы касцёл, і ладны спеў у касцеле, і чысціня і прыгажосць на алтарах — усё аб тым сведчыць. Мне давялося быць сведкам урачыстасці першай Камуніі ў Замошшы. За дваццаць год свайго капланства я не сустракаўся з так добра падрыхтаванымі да споведзі дзецьмі, такімі разумнымі і ўпэўненымі ў адказах па пытаннях веры. Колькі ж працы ў тое уклаў пробашч! Не меней чулася таго разумнага духу, той шчырай веры і ў касцёле. Гэта было бачна і па вачах, і па тым, як слухалі вернікі свайго пастыра. Адчувалася раскоша духоўнай лучнасці паміж імі.
Касцёл замашанскі вялікі, мураваны з часанага каменя і цэглы. Ён заснаваны пад назвай Падвышэння Крыжа ў 1779 г. мясцовым памешчыкам Гільзэнам. Большая частка абразоў сучасныя. На галоўным алтары вялікі крыж. Паўсюль свежая фарба і пазалота; касцёл дужа прыгожы. Але наколькі ладны касцёл, настолькі ж бедная плябанія, збудаваная з рэшткаў матэрыялаў, відаць, вільготная і халодная.
Усё разам — касцёл і плябанія — робяць мілае ўражанне, такое свойскае, такое глыбокае. А дзеля паўнаты вобраза на адным з разложыстых дрэў пры касцёле пасяліўся бацян.
Непадалёк ад касцёла стаяць некалькі хатак, у якіх жывуць пара сем’яў польскіх, некалькі — жыдоўскіх, тых непазбежных суседзяў кожнага касцёла.
З касцёла замашанскага відаць дакладна касцёл у Асвеі; здаецца, што да яго некалькі вёрст шляху, а тым часам, калі ісці да яго, то сустрэнуцца вялікія балоты і давядзецца крочыць вакол яго доўга, каб трапіць да Асвеі.»
Замошша з’яўляецца загадкай для шмат каго з сённяшніх нашых чытачоў. Між тым Замашанская воласць добра вядома гісторыкам, якія вывучаюць падзеі новага часу. Варта толькі дадаць геаграфічнае ўдакладненне. Сяло Замошша ўяўляла сабой невялічкае прыкасцельнае паселішча на Друйскім шляху пры ўездзе ў Савейкі, дзе размяшчаўся валасны, а пазней сельсавецкі цэнтр.
Адыходніцтва з прычыны беднаты прынесла свой плён у выглядзе рэвалюцыйных настрояў. У Савейках узніклі першыя камбеды, воласць набыла славу рэвалюцыйнай. Не дзіва, што разгул ваяўнічага атэізму знайшоў тут таксама прыдатную глебу. Упарта супраціўляўся разгрому святынь замашанскі ксёндз-беларус Адольф Філіп. Падчас узаконенай у 1922 г. кампаніі канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей А.Філіп схаваў касцельныя рэчы і інвентарны вопіс, ездзіў у Петраград у пошуках справядлівасці. У выніку ганенняў супрацівец урэшце трапіў на Салаўкі, дзе сустрэўся з такім жа вязнем — забельскім ксяндзом Іванам Вярсоцкім. Абодва пакутнікі пасля адбыцця найцяжэйшага дзесяцігадовага тэрміну былі арыштаваны па трэцім разе, пасля чаго летапіс іх лёсаў завяршыўся ў спісах з невядомымі датамі смерці і месцамі пахавання. Лёс схаваных замашанскім ксяндзом каштоўнасцей таксама невядомы.
У 1935 годзе Замашанскі касцёл-прыгажун, пабудаваны па праекце А.Парака, быў узарваны. Зараз там узвышаецца парослы бярозамі груд камення і друзу, зеўрае праход у колішнія падзямеллі. Уладальнікі металашукальнікаў павыбіралі крыжыкі, ружанцы, пярсцёнкі ды манеты, якія некалі служылі вернікам атрыбутамі іх сувязей з Нябёсамі. Вёскі абапал Друйскага шляху тут зусім заняпалі, у Савейках, Дубраве, Нарушове ды Цеплюках разам не набярэцца і паўтара дзясятка насельнікаў. Адышлі ў вечнасць апошнія бабулі, якія так зладжана спявалі ў тутэйшым храме. Нават з назіральнай вежы пагранзаставы не ўбачыш вежаў касцёла ў Асвеі, які таксама не дажыў да нашага часу.
—————————————-
Прэйлі — горад у Латвіі; тут маецца на ўвазе Латгальскае ўзвышша.
Сурын Ігнацы — памешчык, уладальнік маёнтка Новы Двор паблізу в. Мотужы; прагрэсіўных поглядаў, удзельнік антыімперскага супраціву 1831г.. Пахаваны на могілках былой вёскі Пустэльнікі, магіла разрабавана.
А. Бубала.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *