У Верхнядзвінску багатая гісторыка-культурная спадчына

Актуально Наш край

Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны раёна.

05
Яшчэ на пачатку года было зацвержана Палажэнне аб раённым каардынацыйным савеце па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, які створаны пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Асноўнымі задачамі яго з’яўляюцца каардынацыя дзейнасці дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, рэлігійных суполак, юрыдычных і фізічных асоб у справе аховы, зберажэння і выкарыстання гісторыка-культурнай спадчыны, выпрацоўка сумесных мер па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў гэтым напрамку, кантроль за выкананнем патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», іншых заканадаўчых і нарматыўных актаў па пытаннях аховы нерухомых і рухомых помнікаў, выпрацоўка і разгляд планаў рэстаўрацыі, кансервацыі, аднаўлення, рэканструкцыі і іншых дзеянняў у адносінах помнікаў гісторыі і культуры.
На тэрыторыі раёна налічваецца 334 помнікі, у тым ліку 89 воінскіх пахаванняў. 44 помнікі раёна ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. На помнікі складзена электронная картатэка, устаноўлены ахоўныя знакі, замацаваны адказныя з ліку прадпрыемстваў і арганізацый, якія займаюцца іх добраўпарадкаваннем, адбываюцца мерапрыемствы памяці. Супрацоўнікамі рабочай групы музея распрацавана 12 турыстычных маршрутаў па гісторыка-культурных мясцінах. На рамонт помнікаў выдзяляюцца грошы з раённага аддзялення Фонду міру. Створаны фільмы, буклеты і паштоўкі адпаведнай тэматыкі. Традыцыйнымі становяцца валанцёрскія летнікі і маладзёжныя пленэры на гістарычных месцах. Пры ўдзеле навуковага супрацоўніка музея А.Ф.Бубалы праведзена значная работа ў рамках Міжнароднага праекта аб спаленых вёсках, у Верхнядзвінску адбылася навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў праекта з Расіі. Зберажэннем гісторыка-культурнай спадчыны паслядоўна займаюцца ўстановы адукацыі і культуры.
Аднак у справе яе захавання яшчэ нямала нявырашаных пытанняў, аб якіх ішла размова на мінулым пасяджэнні каардынацыйнага савета, вяла якое намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.Г.Кісялевіч. Аналізуючы інфармацыю аб выніках праверкі пракуратурай вобласці заканадаўства па ахове культурна-гістарычнай спадчыны, сакратар савета В.В.Болбат адзначыла, што галоўнымі патрабаваннямі з’яўляюцца наяўнасць ахоўных знакаў і гаспадарскага догляду помнікаў. У нашым раёне найбольшы непакой выклікаюць помнікі археалогіі і архітэктуры. Па закону ва ўсіх ёсць уласнікі, якія павінны даглядаць аб’екты, рэканструяваць і добраўпарадкоўваць. На справе ж яны не заўсёды належным чынам займаюцца гэтай работай. Таму саветам вырашана накіраваць гаспадарам аб’ектаў пісьмы з прапановай у вызначаны тэрмін праверыць наяўнасць знакаў і навесці парадак на ахоўваемых аб’ектах. Па заканчэнні адведзенага часу будуць праведзены рэйды-праверкі выканання неабходных работ.
Пільная ўвага на пасяджэнні была нададзена захаванню архітэктурнай спадчыны, у прыватнасці, Асвейскага манастырскага шпіталю і сядзібы Вопытная. Часткова работы тут выкананы, але трэба завяршыць кансервацыю аб’ектаў напярэдадні зімы. Уласнікам яшчэ аднаго важнага аб’екта «Асвейскі парк» з’яўляецца мясцовы сельвыканкам, якім створана камісія па абследванні яго стану і распрацаваны мерапрыемствы па ўтрыманні. Часткова выкананы работы па рамонту і добраўпарадкаванні мемарыялу ў парку.
Да 70-годдзя Вялікай Перамогі ўсім арганізацыям належыць яшчэ раз праверыць стан замацаваных помнікаў — гэта работа будзе знаходзіцца на асобым кантролі.
На пасяджэнні таксама абмеркавана тэма святкавання ў будучым годзе адметнай для Верхнядзвіншчыны даты — 170-гадовага юбілею з дня нараджэння нашага славутага земляка І.Д.Чэрскага. Свае прапановы па гэтаму пытанню выказалі дырэктар музея імя Чэрскага Л.Л.Вайноўская і захавальніца фондаў Н.А.Сасноўская. Мяркуецца, што знамянальная падзея не абмяжуецца адной датай, а стане цэлым комплексам мерапрыемстваў будучага лета з навукова-практычнымі канферэнцыямі, сустрэчамі з навукоўцамі, экскурсіямі, вечарынамі ў школах і культустановах, вырабам друкаванай прадукцыі. Прапановы, а іх могуць выказваць усе жадаючыя, будуць улічаны ў плане святкавання, які распрацоўваецца ў музеі імя Чэрскага. Каардынацыйным саветам прынята рашэнне і аб добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол памятнага знака Чэрскаму ў Свольне. З просьбай дапамагчы ў гэтай рабоце члены савета звярнуліся да мясцовых гаспадарнікаў. Усцешвае, што людзі ахвотна адгукаюцца на справу захавання гісторыка-культурнай спадчыны, на аснове якой мы будуем наша сённяшняе жыццё.
С. Дзвінская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *